Ніны Мацяш
Ралля суровая
Усім маім дамашнім
ВЕРШЫ
* * *
Твайго палону прагну я —
Не адпускай мяне, работа.
Хай дыхае у твар спякотай
Ралля суровая твая.
Адно на ёй, адно на ёй
Каласаваць таму спакою,
Што непастойнасцю сваёй
Знявечаную памяць гоіць.
Ён, як бясцэнны дар, нясе
У плыні руху забыванне,
Што след наш тут – след на расе,
Што вечны тут адны пытанні.
Але з прасветласцю якой
Сцвярджаць я свету не баюся
Сваёю кожнай баразной:
Жыву!
Люблю!
Не наталюся!
ІМПРЭСІЯ
У высі бялёсай — чорнае голле.
На чорнай галіне — яблык пунсовы.
Галубіць яго
позірк зялёных вачэй
Жанчыны, цёплай і грэшнай,
Быццам сама Зямля,
Якая,
бы яблык пунсовы,
гайдаецца
На чорнай галіне галактыкі...
ТРЫ ПЕСНІ
Колькі песень ты, мамачка,
некалі ведала, —
мора!
Калі рэдка спяваецца,
мусяць яны забывацца.
А тры песні твае
не канчаюцца нават у горы:
Песня працы,
Яшчэ — песня працы,
І зноў— песня працы.
СНЕГАПАД
Замець —
З белага свету ды з чыстага поля,
Як дзівосна туліцца гарачай шчакою
Да шалёна-вясёлага твару завеі...
Зноў, як некалі, толькі у добрае веру.
Зноў, як колісь,
пяшчотай заходзіцца сэрца.
Толькі белая замець. Ні гора. Ні смерці.
Белы вір раўнавагі. Ні здрады. Ні звады.
Не канчайцеся, вейце, мае снегапады...
БЯРОЗАВЫ СОК
Дзякуй табе, суседзе,
За твой нечаканы дар:
Калі і ёсць яна недзе,
Казачная вада,
Жывая вада, якую
Адшукваюць на загой —
Прынесеную табой,
Глыткамі яе смакую.
Зусім звычайнае дзіва:
Бярозавы сок.
З небыцця
Бярозавы сок радзімы
Вяртае мяне да жыцця.
МАНАЛОГ СЛАНЕЧНІКА, ТВАЕ ВОЧЫ 1 Я
«Мне б — як усе... А промень веснавы
Маім лістом, маім пялёсткам стане —
І ўжо не йдзе й на момант з галавы
Бязлітаснае сонечнае ззянне.
І заўтра, як учора, як заўжды,
Не ў сіле адарваць ад сонца твару,
Няўцямна залатыя павады
Усё лаўлю з-за навальнічнай хмары.
Як быццам лета можна затрымаць,
Як быццам нешта ў гэтым свеце вечна...»
Снягі. А мне зіма — як не зіма,
А мне ўтваіх вачах
цвіце сланечнік!
* * *
Калі б на свеце меўся бог,
Услед за мудрацамі Усходу я
Такой малітваю яго маліла б:
— О, божа, дай мне сілы не змяняць
Таго, чаго змяніць не ў сіле я;
— І дай мне мужнасці зрабіць усё,
Што я ў жыцці маім зрабіць павінна;
— І дай мне мудрасці, каб разлічыць,
Што — не пад сілу мне, а што — мой
абавязак...
ДВА ДРЭВЫ
Прыпыніцеся, дні, пачакайце!
Лёт шалёны...
...Пасадзі пад акном маім, бацька,
Рабіну і клёна.
Я не ведаю дрэва, якое
Красамоўней рабіны
Мне сцвярджала б заўсёднай парою,
Што нягоды любыя
Можна мужнай душой адолець
(Так, як маці,)
І з падсечаным нават голлем
Цвету не страціць.
Я не ведаю дрэва, каб гэтак,
Як клён, гаварыла
Пра ранімасць бацькоўскага свету,
Пяшчоту і сілу...
Пасадзі пад акном маім, бацька,
Рабіну і клёна.
Век над лёсам дачкі калыхацца
Санцалюбным іх кронам.