* * *
З якой цярплівасцю
Прыладжвае бусліха
Галінку крохкую ў сваё гняздо,
Пакуль яна тапырыцца пакіне,
Пакуль
У буслянкі адзінства непаўторнае
Не ўпішацца.
О, як зайздросна мне майстэрству
гэткаму!
І ў празарлівай птушкі я прашу —
Хіба ж дарэмна менавіта з ёю
Свае найлепшыя чаканні людзі
звязваюць?
Прашу я:
— Навучы мяне, маўклівая,
На вострай, на драпежнай баране
Крыўд, непапраўнасцей, няўдач, памылак
Знітоўваць так —
Да будня будзень —
Дні мае,
Каб з іх няўхільна-шэрага гнязда
Умела станавіцца на крыло —
Уздрыгліва, няўклюдна, неўміруча! —
Як буслянятка першае тваё,
Мая,
Мной непрадбачаная,
Радасць.
Цярпенню навучы мяне,
Маўклівая...
ЛАЗІНКА
Зусім скалела рыжая лазінка.
Пад панаваннем лютаўскае белі
Зялёны колер стаў амаль паданнем,
Якое ледзь ліпела на краёчку
Нямыслімае памяці яе.
Але аднойчы варухнуўся корань —
І пацяплела ўзрушана зямля,
І лужынкай блакітнаю апаў,
Не ўцяміўшы, што здарылася, снег.
Ускрыкнула ад неспадзеву кнігаўка:
Заместа зледзянелае лазінкі
Ускалыхнуўся сонечны прамень!
І ў воклічах уражанае птушкі
То ўсмех, то недарэчнае рыданне...
Як хораша разгублены ты сёння:
«Чаму цяпер не раніца, а вечар?..»
Так накалела рыжая лазінка...
СІВІЗНА
Колькі прымаразкаў было,
Покуль снег упаўнерастайны...
Намяцеліла, намяло.
Але вочы глядзяць світальна,-
Але рукі праз стому і снег
Выпраменьваюць шчырасць і спогадзь;
Каб запозненай, труднай вясне
Не забыць да сэрца дарогу,
Каб вясне яго не прамінуць,
Колькі б ёй шукаць ні прыйшлося,
Каб хоць што-колечкі з лепшага сну
Збылося...
САКАВІК
Разветрыла. Глыбока растае.
Капеж аркестрам струнным раскавана
Тарочыць гамы веснія свае.
Пад снегам толькі луг адзін схаваны.
А поле— чорнае.
Ці не таму
Яно найпершым вызваляе грудзі
Ад наледзі загубнай,
што яму
Цяпло сваіх далоняў дораць людзі?
* * *
Як доўга не вяртаюцца буслы.
Даўно на рэках лёд у вырай сплыў.
Даўно ўжо крыламі, нібы рукамі,
Разводзяць над лазою жоўтай кані.
І абтрасае звонкі свіст шпачыны
Пылок з сярожак вольхі і ляшчыны.
На ўгрэвах паадскоквала трава.
...Як доўга не хмялее галава.
Так рады дружнай веснавосці вочы —
А сэрца радавацца што ж не хоча?
Няма яму вясны, яшчэ няма.
На чорна-белых берагах—зіма.
Дзён чарната ды бель даўгіх начэй...
А сонца зіхаціць усё ярчэй!
Усё вастрэй напружваецца слых:
«А можа, сёння прыляцяць буслы?»
Нібы ад іх прылёту акрыяе
Душа.
Нібыта не цябе чакае.
* * *
Як страшна б’е пярун!..
Спыніся, міг!
Стань вечным, непрытомны міг
здранцвення:
Яшчэ ў безабароннасці сваёй
Дуб не ўсвядоміў, што ўжо спапялёны, —
Спыніся, міг няведання!
...Трашчыць,
Палае,
Курчыцца ад болю дуб зялёны!..
ЛЮБЕ
...Усе задумы, словы, крокі, сны —
Яны не абрываюцца труною:
У душах блізкіх ядрацца яны
Неўразумелай, жорсткаю віною.
А свет — ранейшы?.. І не той, і той:
У кожнага свой смех і свае слёзы.
Атаву спеліць позні травастой,
І кнігаўкі крычаць ў апошніх лозах.
Усё, як пры табе. І я сама
У клопатаў ранейшых у палоне,
Як пры табе. Але цябе—няма,
«Няма й не будзе...»—сэрца захалоне.
Дык што ж такое, гэтае жыццё?!.
Я азіраюся: твой сын малодшы
На ўзмежжы, колючыся аб асцё,
Збірае ў жменьку цёплыя валошкі...