Выбрать главу
І ўсё ж на куст гляджу, гляджу                                      з тугою— Не ўбераглі яго калючкі цвету. Дзеля чаго яны тады на голлі? Маўчыць маё дасведчанае лета.
ВАСІЛЬКІ
Як рана васількі завасільковелі, Ці гэта я спазняюся? Няўжо Мінулася вясна? Адна аскоміна Перапарэлых, выгарклых дажджоў...
Спазняюся. Ва ўсім... І рассыпаюцца, І выпадаюць звёны спакваля, Як поры года з пачуццёвай памяці, Памкненняў, дружбы звёны...                                       А ў палях
Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені. Не знае глеба ленасці душы. Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне, Як вокліч лета, васілёк дрыжыць.
ЯЛІНА
Не пытаю, яліна, чаму З боку поўдня пышней тваё голле: Неаднойчы і нада мной Сцюжа люта скуголіла.
І зусім не пытаю, чаму Ты ніколі у поле не выйшла: Без сябрыны побач і я Не выжыла б.
ДЗЕНЬ ПЕРШАЙ СУСТРЭЧЫ
Цік-такае гадзіннік. Беспаваротна падаюць секунды І несціхана ўсё глыбей, глыбей Дзень нашай першай стрэчы Засыпаюць. Гара секунд — Напластаванне друзу Быцця майго зямнога... Ды часам Дзень сустрэчы першай нашай
Устрапянецца, павядзе крыламі, Дзівосны, несмяротны, быццам Фенікс, Устане з тлену часу І ўзіраецца Дапытліва, трывожна, недаўменна: Што сталася нядобрае са светам? Што ў ім увогуле не так, як трэба? Чаму Цяпер забараняць я мушу Уласнай песні, каб яна не смела Гучаць найлепшай нотай — Тваім імем?
ЧЭРВЕНЬСКІ ВЕЦЕР
У зялёным плашчы наросхрыст Па гаях вецер чэрвеньскі ходзіць. Толькі блізкіх збліжае ростань. Толькі з блізкімі час у згодзе.
Ох, які ты вымаклы, вецер! Травы ў пояс табе, разутаму... То дажджынка з ліста, ці з сэрца Ападае пяшчотны смутак?
* * *
Не сніся мне. Навошта снішся мне? Усё між намі выяснена, вырашана, І пра ўгавор наш помню я і ў сне. Не сніся мне.
А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч. Цябе маёй пяшчотай не абражу я. Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч. Не бойся стрэч.
Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне. І я ў адказ — спакойна і нязмушана. Пра угавор наш помню я і ў сне... Не сніся мне.
ЛЯ ВОЗЕРА
Зялёны бераг. І вада — зялёная. І вочы — як трава і як вада. ...Чаму вы, хвалі, хоць імкнеце ўдаль. Аднак усюды — берагоў палонныя?
Дзе б ні стаяў над возерам, нязменна вы То гнеўныя, то ціхія — да ног... Зялёная вада. Пяску клінок. І вочы — зелянкавыя, праменныя.
* * *
Калі яшчэ ён, новы ранак? — Дзень толькі-толькі што сышоў.
На ўсходзе ж воблакам агняным Прадвесце сонца, не дажджоў.
У САДЗЕ
Быццам не змяркае, не паўзмрок, А лістота ў садзе пагусцела. «Ты несправядлівая! — папрок, Як удар прыцэльны. — Жорстка ад слабых патрабаваць, Што пад сілу ўпэўненым і дужым». Патыхнула пыльная трава Заляжалым плюшам...
Стрыманы, кароткі ветру ўздых Цішыню напятую парушыў, — І раптоўна дрэвы і кусты Калыхнуліся да дзвюх ігрушын, ПрыўзнялІся, каб хоць трохі стаць Вышай каля іх, высокіх самых: Там, на іх разгорнутых лістах Сонца вечаровае пісала.
* * *
Памылюся — хай на мне віною. (Так спакусна з некага спытаць...) Не былое маем за спіною— Колішняе заўтра наша там.
І не ў сёння ў роздуме мы крочым — У адзіным вымярэнні час: Будучыня                зазіраеў вочы, Будучыня                выбірае нас.