Выбрать главу

На парозе паказаўся Пятрок Шыракоў з папкаю пад пахай. Жартлiвая, Бася пабегла да яго, ашчаперыла, пацалавала ў пухлую шчаку, абдаючы яго залацiстым агнём свайго пышнага валосься. Пятрок вызваляўся з рук Цыпiнай, выкручваўся, пакуль не пасыпалiся на падлогу сьпiсаныя аркушы паперы з папкi. Шыракоў ажно быў раззлаваўся, але на просьбу Басi, усё-ткi пацалаваў яе сваёю расьсечанай наўкось губою. Хутка яны расьселiся на дыване, i Шыракоў хацеў быў чытаць Басi сваё новае апавяданьне. Але Бася, паклаўшы свой падбародавiч на плячо Шыракова, перапынiла яго:

- Ты ведаеш, хто ў нас? Ня ведаеш? Мой кавалер. Спалохаўся цябе i схаваўся ў маёй спальнi. Хадзi - пакажу!

Цыпiна пацягнула Петрака за руку ў спальню, а з яе якраз ужо выходзiла Валя Камоцкая.

- Ня выйшла - тваё шчасьце, - сьмяючыся, сказала Бася Петраку i запыталася ў Валi: - Зьбег? Дзе ён? I чаго гэта ён надумаўся пасылаць лiсты на мой адрас?

- Ня ведаю.

- А што ён пiша?

- Нiчога. Тры радкi ўсяго.

- Дзе-ж ён, пытаюся - у бацькоў?

- Ах, ведаеш, Бася, як-жа ён можа быць у бацькоў?

Цыпiна спакмела, што Камоцкая ня хоча гаварыць аб Раману i запрапанавала ёй застацца паслухаць апавяданьне Петрака, але Валя, папрасiўшы прабачэньня, пакiнула iх адных, ведаючы, што калi Цыпiна запрашае - ад запрашэньня трэба адмовiцца.

"Прыедзь, калi можаж i хочаш пабачыць мяне, на тое самае месца, дзе мы былi з табою, як iшлi на Польшчу", - думала Валя аб прачытаных радкох у Раманавым лiсьце, пакiдаючы Цыпiну.

"Прыездзь, калi хочаш i можаш"... Як я магу? Зусiм не магу. Гэта-ж ты добра ведаеш i сам, але просiш. Зьнябыўся, га? Я так i ведала. "Калi можаш"? Магчымасьцi ў мяне нiякай. Ёсьць толькi адно хаценьне.

Камоцкая была рада хоця якой магчымасьцi пабачыцца з Раманам. Учора яна думала, што ўжо страцiла яго, аж тут, во глядзi, знайшоўся i спакушае.

Як-жа мне дабрацца да "таго самага месца"? Тады гэта было проста i лёгка яны йшлi абы йсьцi, абы куды, вясёлыя, абы толькi наперад, праз ноч i цiш, поўныя хаценьня, цягi адзiн да аднаго, то была сапраўды вандроўка "на край начы". Гледзячы на зоры, Раман вёў яе тады "ў Польшчу", i сапраўды, яны дайшлi тады мала не да самай заставы. Цяпер ёй трэба йсьцi аднэй, i яна баялася гэтага кiрунку на Польшчу.

Валя Камоцкая адчула - пахiснулася пад ёю зямля, усё, як назнарок, пайшло наўкрыў i не на ейную карысьць: i тое, што яе дапытвалi ў мiлiцыi, i тое, што Мялешка на сходзе назваў ейнае прозьвiшча, i той галоўны факт, што яна заадно з Раманам, i нават тое, што касiр ня выдаў ёй грошай адразу. Камоцкая адчула, што Раман разьдзелiць лёс Саланевiча, што, апынуўшыся на нейкай сваёй фатальнай дарозе, ён уцягне яе ў сваю арбiту. Усё гэта яна добра ўсьведамляла цяпер, але ведала - няма павароту. Каб нават i былi нейкiя шляхi да адступленьня, яна не павярнула-б на iх. Ёй таксама наканавана сваё, як i Раману. I Камоцкая нават iшла далей - ейны шлях прадбачаны нейкай вышэйшай сiлай, самiм космасам, як i шлях Корзюка. Як i Раман, яна чалавек з мiсiяй. "Нiхто з гранiц сваiх ня выйдзе", - пацяшала яна сябе. Таму сваё прызначэньне яна мусiць споўнiць. У гэтым "споўнiць" былi для Валi i насалода, i боль, i шчасьце. Адно было толькi ў гэтым няўцешлiвае - цi разумее Раман супольнасьць, наканаванасьць ягонай i ейнай долi? Адказ на гэтае пытаньне ў Валi выходзiў часта адмоўным. I яшчэ было адно балючае месца: гатовая "споўнiць", спаўняючы ўжо сваю "долю", Валя не магла споўнiць практычна-зямнога хаценьня сваiх бацькоў: выйсьцi ў людзi праз навуку. Не магла, бо навука ня йшла ў пары з ёю, з ейнаю "доляй", дый навука - гэта няшчасьце: каб яна сядзела ў бацькоў на зямлi, не пайшла ў гэтую навуку, усё можа пайшло-б паiншаму, хоць яна й усьведамляла, што ўжо й тая зямля перакуленая дагары i болей не ратуе, што ў спакойны быт зямлi ўварвалася грозная, разбуральная сiла. Адвеку чамусьцi так на нашай зямлi, што людзi, якiя йшлi ў навуку для сябе й зямлi свае, толькi цярпелi ад навукi. Яна ня была нiколi такой разгубленай, нiколi не паддавалася сваёй збытнасьцi, усе ейныя практычныя здольнасьцi пакiнулi яе i яна нат радая была паддацца нейкаму свайму вышэйшаму прызначэньню. Такi настрой у яе пачаўся, калi яна йшла "хаваць сябе" на Ваенныя могiлкi.

"Прыдзi, калi хочаш i можаш пабачыць мяне". Помнiш нашае "трошачкi"? сьвяцiлiся ў Валiнай душы словы Раманавых запросiнаў.

8

Вярстох у трох ад савецка-польскай мяжы тулiўся да лесу аднэй сваёю хатай i вялiкай стадолаю хутар Баранкевiча. Гаспадара з сямёю некуды выслалi, як кулака, а на яго месца пасадзiлi многадзетнага бедняка Шаркевiча, даўняга прыяцеля Генадзя Кандраценi. З Шаркевiча гаспадар быў неважнецкi, але сельсавет, вiдавочна, не кiраваўся гаспадарскiмi якасьцямi Шаркевiча, i надзялiў яго гэтым хутарам з нейкiх iншых меркаваньняў. Гэтак i апынуўся Шаркевiч нечакана для сябе на гэтым аселiшчы з сваёю вялiкай сям'ёй - з дзьвюма дарослымi дачкамi i з драбязой-падлеткамi, голымi i абдзёртымi. Ведама, бяз маткi. Гультаяватыя, як i бацька, дарослыя дочкi ня дбалi пра меншых, глядзелi толькi самых сябе. Параўнаўча вялiкая хата Баранкевiча была разьдзеленая на чатыры пакоi-каморкi, якiя й зьмясьцiлi ўсю сям'ю Шаркевiча. На гэтую сялiбу i прывёў уначы Кандраценя Рамана Корзюка.

Шаркевiчы i палавiны не сабралi з поля таго, што пасееў быў колiшнi гаспадар Баранкевiч: няскошаная сенажаць ляжала пажоўклай, а перасьпелае жыта ўпала крыччу, - Шаркевiч казаў, што яно было ўжо перасьпелым i высыпалася, калi ён перабiраўся на хутар. Затое Шаркевiчы накапалi сабе на зiму бульбы, насеклi капусты, нарылi буракоў, а мяса пасьвiлася на полi - цэлы гурт зьдзiчалых авечак. Быў конь i карова. Усё гэта дасталася Шаркевiчу дарма. Цэлая раскоша была тут Шаркевiчам.

Хоць было ўжо запоўнач, калi Генадзь з Раманам прыйшлi на хутар, хата ўсё яшчэ сьвяцiлася адным сваiм вакенцам. Сьвятло яны заўважылi толькi тады, калi бралiся за клямку. Дзьверы былi не на засове, i Генадзь увайшоў з Раманам ня стукаючыся.

За вялiкай старою пiянiнай, у кутку, пры газоўцы, сядзеў, як потым выявiлася, п'яны Шаркевiч i сьмяяўся з маладога ката, што асьцярожна хадзiў па клявiшах, нацiскаючы на iх сваiмi лапкамi, i палохаўся, калi клявiшы адзывалiся. Гэта, вiдаць, падабалася Шаркевiчу, i ён вяртаў ката зноў хадзiць па клявiятуры, забаўляючыся кацiнай iмправiзацыяй. З гасьцьмi прывiтаўся неяк ненатуральна шумна, апёкшы Рамана як незнаёмага затоеным бляскам сваiх вачэй.

- Ага, ведаю, ведаю... Добра, добра! Пагаворым потым. Цяперка позна ўжо, трэба класьцiся спаць... Заседзеўся во... Дрынзы-брынзы пад кустом, накрывай... лiстом, - сьпяваў нешта сабе пад нос Шаркевiч. - Ну, як у цябе ўсё, Кандрацiк мой залаценькi? У мяне дык расход з барышом на адным полазе едуць... Дзе будзеш спаць, гэй ты (ён ляпнуў па плячы Рамана)? Пойдзеш да бацькi на сена, цi да дзявок?

З каморкi выглянула на кухню цупкая дачка Шаркевiча, засланяючы ночнай сарочкай грудзi.

- Я табе пакажуся! Га, якая! Брысь!

Раман пайшоў у стадолу да бацькi. Яго завёў туды Шаркевiч, аддаючы на рукi "бадзяку", як ён назваў Рамана, тармозячы за плячо старога Корзюка. Вярнуўшыся ў хату, Шаркевiч распачаў з Генадзем гаворку, налiваючы яму чарку за чаркай гарэлкi.

- Дык, кажаш, хочыш перакiнуць iх туды? Як гэта зрабiць, я й сам ня ведаю. Сплавiў туды не аднаго, i як канцы ў воду... Але цяперака... Цяперака, глядзi, я й Шмэрку не таварыш. Вунь колькi ўсяго маю. Няхай сабе яно й чужое... Тымчасам я спажываю. Дык ня хочацца неяк на ражон лезьцi.

- Памажы яшчэ трохi, пан Шаркевiч, цярпеньню нашаму прыйдзе хутка канец ня сяньня, дык заўтра выбухне вайнiшча. Запануем, дальбог, i зап'ема тады! А за сваё атрымаеш, колькi скажаш, дармо, што разбагацеў, кажаш.

- Хай яны спрахнуць грошы - ня хочу! Здаецца, на мой сьлед натрапiлi ўжо. Во-во, ляпне пастка. Чуе сэрца.

- Ня бойся, пане Шаркевiч. Хiба ты ўжо ня верыш мне? Скажы, Кандраценя падвёў цябе калi? Ня бойся, кажу, у мяне ўсе тут у кiшанi... да самага начальнiка пагранзаставы! Ня верыш? Хочаш, нiводнага пагранiчнiка ня будзе там, дзе ты будзеш пераходзiць. Адцягну! Разумееш? Хоць пры тваёй спрытнасьцi й розуме табе гэтага й ня трэба. Ты-ж сам калiсь казаў, што ўдача дружыць з табою толькi тады, калi ёсьць рызыка. А тут, браце, канечне-ж, не бяз рызыкi. Ну, дык i што?