Выбрать главу

За Пелагейчыкам высьлiзьне Дзiчкоўская, стане ля вакна i сваiмi гарачымi вачыма прапячэ наскрозь кожнага, хто пройдзе па карыдоры паўз яе. А калi будзе iсьцi дацэнт Аляхновiч, яна абавязкава спынiць яго i папросiць у яго прыкурыць, каб толькi пачаць з iм гутарку.

Затым выйдуць усе разам Шкляр, Голдзiна i Аўсеева i табунком стануць пасярэдзiне карыдору, размаўляючы памiж сабой, сьмяючыся i мякка размахваючы рукамi.

Высунецца Шарамецьцеў - высокi, як жэрдзь, трохi сарамлiвы i цiхi юнак, зiрнець паўзверх галоваў i ўсьмiхнецца: значыць, пра нешта цiкавае падумаў. От, такая прастэча!

Тады лёгкай хадой выкацiцца Шынкевiч i будзе з кажным нюхацца: яму гэта патрэбна для свайго дзёньнiка, пад назовам "Хто чым дыша".

Маяком пакажыцца двуаблiчны Янус - "iнтэлiгент" Яначкiн, як яго празвалi студэнты. Ён не гаворыць пабеларуску i ня любiць гэтай мовы. Кожнае слова, непадобнае на расейскае, называе "нацдэмаўскiм" або "польскiм".

Шыракоў i Цыпiна будуць сядзець i есьцi свае бутэрброды, дамаўляючыся, у якое кiно яны пойдуць увечары. Яны ня выйдуць на карыдор.

Лагоўская ня выйдзе таксама - яна будзе вучыцца.

А ад Камоцкай усяго можна чакаць: або яна сядзiць за адным сталом з Ларысай i гаворыць з ёй, як з сястрой, або глядзiць у вакно, каб нi з кiм не гаварыць. Так цi iнакш - ня выйдзе на карыдор.

Сьцяпан Мялешка абавязкава выйдзе: яму трэба пабачыць дырэктара або таварыша сакратара партарганiзацыi.

"Цiкава, як i хто сустрэне мяне? Стану ля вакна насупраць дзьвярэй i буду ў кожнага ўглядацца. От, зраблю нешта накшталт апытальнiка".

Званок. Найбольш сягоньня энэргiчны - як на пажар цi на надзвычайны сход.

Зьнiзу, напэўна з падвалу, азвалiся духавыя трубы, - дзьмулi голосна i прарэзьлiва, ажно рвалi поветра: заўтра-ж Кастрычнiк, аркестра рыхтуецца да выступленьня i да ўдзелу ў сьвяточнай дэманстрацыi.

Нарэшце, рашчынiлiся абедзьве палавiны дзьвярэй.

Прайшоў Пелагейчык паходкай хлапчука, закружыўся на месцы, убачыўшы мяне, але выраўнаўся i пайшоў. Думаеце, гэта лёгка высьлiзнуцца з-пад вачэй?

Мялешка ажно спужаўся, угледзеўшы мяне тут: хто як хто, а ён думаў, што мяне ўжо няма. Пайшоў заклапочаны.

Шынкевiч нюхаўся з усiмi, а мяне - рабiў выгляд - не прыкмячае.

Двуаблiчны Янус - "iнтэлiгент" Яначкiн, пагардлiва зiрнуўшы на мяне, пачаў нешта высьвiстваць, захоплены, вiдаць, мэлёдыяй з падвалу.

Табунок (гэта значыць, Шкляр, Голдзiна i Аўсеева) памахаў мне рукой, але не падыйшоў да мяне i хутка схаваўся ў прыбiральнi.

Шарамецьцеў, пасьля некаторага ваганьня, усё-ткi падыўшоў да мяне i нясьмела падаў мне руку. Ён таксама не хацеў-бы бачыць мяне, але ўжо, угледзеўшы, ня меў сiлы адыйсьцiся: слабую меў натуру. Ня ўмеў гаварыць са мной i ня ведаў, як адыйсьцiся ад мяне. Шкада мне яго.

Нешта-ж ня вiдно Дзiчкоўскай! Няйначай, затрымалася дзесьцi. А, вось i яна! Цiсьне проста да мяне. Абедзьвюма рукамi ўхапiлася за маю працягнутую руку i, жартуючы й сьмяючыся, задам пацягнула мяне ў клясу - паказаць "рэабiлiтаванага злачынцу i ворага".

- Ну, як, братва, - прымем? - i паказвае на мяне.

Нiхто нiчога не адказваў ёй, але такая акалiчнасьць не зьбянтэжыла яе, i яна зьвярнулася да Шыракова:

- Пятро, сыйграй туш, хоць на губах, калi медзi няма!

Пятро Шыракоў вiнавата ўсьмiхнуўся: пад сталом Цыпiна наступiла яму на нагу, каб ён ня слухаўся Дзiчкоўскай.

Iншыя, хто быў у клясе, зьдзiўлена i моўчкi пазiралi на мяне.

- Ну, ня хочаце прывiтаць чалавека, дык i ня трэба! - раззлавалася Дзiчкоўская. Яна не спадзявалася, што ў яе выйдзе так дрэнна.

- Рамашачка! (гэта яна так далiкатна ахрысьцiла мяне) сядай са мной за адным сталом i пагаворым! Бяда, браце, - Валiчкi тваёй няма, бачыш. I што гэта рабiць?

Падыйшла i Лагоўская i таксама сказала мне, што Валiчкi няма.

У аўдыторыю ўвайшоў выкладчык. Шмат хто думаў, што цяпер я выйду (можа, зайшоў сюды ў якой справе), але я ня выходжу, сяджу. "Значыць яго ня выключылi. А за што-ж сядзiць тады Валя? Ён прыйшоў во i слухае, нiчога з iм ня сталася. Яшчэ й нос задзiрае".

Лекцыi я ня слухаў. Чытаў гiсторыю пэдагогiкi Фрыдман. Як i звычайна, свае тэзы ён падмацоўваў гучным плясканьнем аднэй сваёй даланi аб другую. Рукавы ў яго былi закасаныя (ён нiколi ня прыходзiў на лекцыi ў гарнiтуры).

Валi няма. Сапраўды, гэта жудка: усе сядзяць, а яе няма. Паўзло на мяне як-бы нешта чорнае з вуглоў, абымала мяне, шаптала. Быццам рэха Валiнага голасу насiлася тут, абвiнавачвала мяне i дакарала. А то, як праз туман, глядзелi яе вочы, прасiлi, усьмiхалiся, зноў зьнiкалi.

На перапынку да мяне падыйшло ўжо болей сяброў. Пераканалiся, што я ўсё яшчэ студэнт. Ад Цыпiнай атрымаў "вымову з апошнiм папярэджаньнем" за тое, што высылаю лiсты (ня ёй) на ейны адрас. Ды, не зважаючы на "вымову", запрасiла мяне i Шыракова завiтаць да яе ўвечары. Але я не пайду.

20

Няма прыгажэйшых у сьвеце восеньскiх вечароў, як у Менску! Яны некуды цягнуць, вабяць. Халодна-звонкае паветра кружыць тваю галаву i ты ступаеш, узвышаючыся i вырастаючы, быццам не датыкаешся да зямлi, радасны й прыемны сабе самому. Асьветлены знутра, iдзеш як на сустрэчу, яшчэ першую ў тваiм жыцьцi, нязнаную й нязвычайную. Лёгкасьць i хараство... Заходзячы, хлiпае над узгоркам сонца, а тут, у месьце, калеюць i стынуць ужо трамвайныя рэйкi, выпростваючы свае доўгiя рукi i запрашаючы цябе. Але ты ня хочаш ехаць. Цябе маняць вунь тыя сады, голыя, павасеньняму смутныя, сьведкi твайго каханьня, одуму й рашчараваньня.

У вячэрнiм паўзмроку сады - як прывiды мiнулага, яны стаяць як за мяжою, па той бок, у краiне ўчарайшага шчасьця. I табе цяпер хочацца поглядзець на iх. Не паглядзець, а пабачыць iх. Не паглядзець, а пабыць у iх, пастаяць i прыслухацца.

Такi вечар выдаўся й сягоньня. Раман ведаў (ён нiколi не памыляўся, калi моцна чаго-небудзь хацеў, або быў узрушаны), што i сягоньня на кватэры будзе чакаць яго Генадзь Кандраценя. I Раман вырашыў тымчасам ня йсьцi нi на кватэру, нi да Цыпiнай, якая запрасiла яго на вечар. Iм апанавала рамантыка адзiнотных блуканьняў, знаёмая толькi такiм натурам, як Корзюк - бязмэтным, непасьлядоўным, чулым, хiсткiм i адначасна бязьмежна рашучым у сваёй наважнасьцi. Ня дай Божа захацець чаго-небудь такiм натурам - яны праглынуць самiх сябе i пойдуць на якую хочаш ахвяру!

Корзюка манiлi ўскраiны Менску. Вясной ён ня любiў iх. Ён любiў iх толькi ўвосень. Iнстытуцкi дзень яго стамiў i прытупiў яго пачуцьцi... Раман уцякаў ад людзей, каб паслухаць сябе самога i набрацца нейкiх асаблiвых уражаньняў-мамэнтаў, зыркiх i прарочых, ад якiх-бы яму было лягчэй у мiтусьнi й разгубленасьцi, частай у яго.

У сваiм бязмэтным руху Раман адчуў новае захмяленьне ў крывi, выраслы, ён парываўся наперад, некуды ў шырыню i ў смутна-радасную разьлегласьць вечару.

Вылузнулiся першыя, павасеньняму буйныя i чыстыя зоры. Белым сьвятлом сваiм, як знаёмыя госьцi, яны iскрыста цалавалiся ўгары iз шпiлямi касьцёлу i з адзiным залатым крыжам на царкве, што ўзвышалася недзе ў напрамку Нямецкiх могiлак. Раман пайшоў туды, на тое зьзяньне i бляск.

Ён ня раз блукаў у гэтых ваколiцах яшчэ калi працаваў на цагельнi. Вунь, палiчы, колькi iх, цагельняў, налева ўзьнялося сваiмi ненажэрнымi глоткамi-трубамi ў неба! Калiсьцi амаль кожны дзень, пасьля працы, увечары, Корзюк уцякаў з-пад гэтых труб на ўзгоркi, што разьлеглiся цяпер перад iм, i адпачываў. Але гэта ўсё ў мiнулым. На душы цяпер зусiм iншае сьветла-ўзьнёслае, прыемнае, журботна-трывожнае. Яно шукае выхаду i не знайшоўшы, жыве ў заходлiвасьцi сэрца, у думах, у рытме хады i ўва ўсiм.

Раман бяжыць на ўзгоркi подскакам, каб зiрнуць унiз. Не, каб быць вышэй над усiм, радвацца й захапляцца!