Танцавала няшмат. Найболей глядзела. Але Дзiчкоўская, падхопленая, як на крыльлях, музыкай, звонам i тлумам, цягнула Корзюка ў круг, моцна сьцiскаючы ягоную руку сваёю лiпкай. Гралi вальс i танцавалi, хто толькi хацеў, умеў цi ня ўмеў. Аднак вальс скончыўся i зайгралi факстрот. Хоць-бы адна пара выйшла нiхто ня ўмеў. А можа хто трохi i ўмеў - саромiўся выходзiць. Ды ня гледзячы на гэта, аркестра грала. Ад таго, што пляцоўка была пустой, саромiлiся ўсе, нават i тыя, хто не танцаваў наагул. Прыцiхлi й вайсковыя. Змоўклi iхныя шпоры.
I вось у гэтай маўклiвасьцi i напружанасьцi выходзiць Дзiчкоўская з Раманам - памалу, нi на кога ня гледзячы, саромячыся i быццам няўпэўнена. Для ўсiх гэта было збаўленьнем, выйсьцем з несамавiтасьцi. У першы момант нават боязна было падумаць, што танец можа ня ўдацца ў iх. Але ўпэўненасьць, з якой павёў Дзiчкоўскую Раман, заспакоiла ўсiх. Дзiчкоўская i Раман танцавалi факстрот так натхненна, лёгка i нявымушана, што, гледзячы на iх, станавiўся зразумелым сам танец. Ён захапляў усё болей нейкiм сваiм нявымоўным чарам. Дзiчкоўская - фiгурыстая i ў зграбнай сукенцы, што выгадна i спакусна аблягала яе, Корзюк - у сваiм штодзённым гарнiтуры, але прыгожы, стройны, гнуткi заваражылi ўсiх сваiм зьяўленьнем на гэтай пляцоўцы. Пачуўся шэпат у грамадзе. "Хто i адкуль яны такiя?" Зьдзiўленьне i захапленьне. А Дзiчкоўская i Корзюк, быццам забаўляючыся, паслухмяныя рытму, у сваёй чароўнай хацьбе, адчувалi гэтае захапленьне грамады i яшчэ болей уваходзiлi ў сваю ролю. Гледзячы на iх збоку, думалася, што ў сваiм датыкненьнi яны мучацца, шчасьлiвыя i пакутныя, шукаюць зiшчэньня нязiшчанага ў рытмiчным наблiжэньнi i аддаленьнi. Гэтым яны заражалi iншых, i тое, што перажывалi яны, дзiўным спосабам перадавалася iншым. Яны вырасталi ў вачох iншых у герояў, у казку, якой не хапала ў жыцьцi, iм зайздросьцiлi, iх iдэалiзавалi i хацелi быць такiмi, як яны. Невядома, колькi-б яшчэ iграла аркестра, каб Раман схiленьнем галавы не падзякваў аркестрантам. З сашчэпленымi рукамi Корзюк i Дзiчкоўская пайшлi на сваё ранейшае месца. Трывала яшчэ часiна маўклiнi. Здавалася, што пасьля гэтага ня ўзновяцца танцы наагул i змоўкнуць назаўсёды шпоры. Але з грамады выступiў нейкi лейтэнант - досыць прыстойны на выгляд - i зычным голасам не папрасiў, а скамандаваў сыграць вальс.
У вальс налезла, як у сетку вакунёў.
- Вальс-адбiяны! - скамандваў той-жа лейтэнант i хуценька падыйшоў да Рамана з Дзiчкоўскай, што вальсавалi недалёка ад яго. Дзiчкоўская моцна сьцiснула Раманаву руку i заставалася з iм.
- Вальс-адбiяны! - яшчэ грамчэй закрычэў лейтэнант, iдучы побач Дзiчкоўскай з Раманам. - Вальс-адбiяны, грамадзянiн! Вы чуеце, цi не? Адпусьцеце барышню!
Раман з Дзiчкоўскай яшчэ хутчэй закружылiся вакол слупа. Але лейтэнант не адступаў ад iх.
- Жыва!
- Цi нельга без каманды, таварыш лейтэнант? - спынiўся, нарэшце, Корзюк, трымаючы левай рукой Дзiчкоўскую за талiю.
- Патое я й камандзiр, каб камандваць, - i лейтэнант схапiў i пацягнуў да сябе Дзiчкоўскую. Тая скрыкнула. Раман правай рукой няўгледна дзыгнуў у твар лейтэнанта. Лейтэнант, перакруцiўшыся, замахнуўся ўдарыць Рамана, але не пасьпеўшы, заекатаў, адкiнуты моцным ударам нагi ў жывот.
Падскочылi ваенныя. Вырасла й студэнцкая сьцяна. Аркестра перастала граць. Дзiчкоўская цягнула Рамана ў гурт, але ён не паддаваўся i ўсё стаяў на месцы.
- Даць iм дагаварыцца на двары, а ня тут, - хтосьцi гукнуў з грамады.
Раман усё болей i болей зацiскаўся з двух бакоў натоўпам. Лейтэнант кiдаўся да яго, але ня мог раськiдаць грамады. Цяжка было зразумець, што дзеецца. Зьнекуль нахапiўся загадчык Ваеннай кафэдрай:
- Я адказны за танцы i прашу зараз-жа разыйсьцiся! Аркестра, грайце!
Пасыпалася полька. Лейтэнант, аднак, не паказваўся. Ён стаяў каля выйсьця на двор - пiльнаваў Рамана. Але дармо - Дзiчкоўская знайшла для Рамана iншае выйсьце, i яны, яшчэ перад тым, як скончылiся танцы, пакiнулi Галоўны корпус.
24
Хмары засьцiлi месяц. Але ён выкачваўся з iх i плюскаў сваiм сьвятлом над голымi садамi. Шчарбатай усьмешкай ён сьлiзгаўся па ўсiм чыста, ад чаго ўскраiна, якой вяртаўся Раман дахаты, з сваiмi садамi i агародчыкамi, хлiпала нейкiм трывожным мiгценьнем, як у срыбнай, але цямлявай сетцы. Ценi далёка сiгалi праз вулiцы, асьветленыя зорнасьцяй. Ценi перакрэсьлiвалi Раманаў твар i асьвячалi яго, як маланкай.
Калi Раман Корзюк дайшоў да свае кватэры, з адчыненай брамкi выбег суседскi сабака, сеў на тратуары i па воўчаму завыў, уставiўшы на Рамана сваю мызу. Раней, падбягаючы да Рамана, ён вiтаўся з iм, як вiтаюцца сабакi, але цяпер сядзеў на воддалi i трывожыў сваiм выцьцём вулiцу, трывожную i без таго ў гэты позьнi час. Месяц быў ужо ззаду, за домам. Корзюк ступiў на ганак асьцярожна й няўпэўнена, быццам ён уваходзiў у чужую, незнаёмую для яго хату.
Ужо з свайго пакойчыку, у задняе вакно, Раман зноў пабачыў у месячным сьвятле сабаку. Але цяпер ён ня выў, як на вулiцы, а толькi сядзеў i, здавалася, глядзеў у вакно, падобны болей на ваўчанё. Корзюку здавалася, што ў сваiм пакойчыку, як на талерцы, ён вiдзён з усiх бакоў. Упяршыню ён ня чуўся забясьпечаным ад напасьцяў. Каб мог, ён засланiў-бы вокны дзяругай, каб пацямнела i можна было-б лажыцца спаць. Але засланiць ня было чым, i Раман лёг, накрыўшыся коўдрай з галавой. Сабака пачаў драпаць сьцяну i скуголiць, быццам просячыся ў хату. Ды Корзюку не хацелася ўжо паднiмацца з ложку, ён сагрэўся i засыпаў. Ужо заснуў... Сьпiць. Сабака цяпер на ганку бразгацiць клямкай, хочачы адчынiць дзьверы, i гыркае. Але нехта ласкава адганяе яго ад дзьвярэй, гладзiць i дае нешта коўтнуць. Коўтнуўшы, сабака зноў пачынае гыркаць. I тады яму добра даюць пад рэбры ботам. Сабака, яўкнуўшы ад болю, бяжыць у свою будку. I ўжо адтуль пачынае скуголiць зноў. Што-б гэта значыла? Пэўна Кандраценя iдзе мяне вучыць цi зноў расказваць пра Цiмошку... Але не... Цяпер я ўжо сплю i мой салодкi сон будзе трываць доўга-доўга. Нi сабака, нi Кандраценя не перарвуць яго. Так добра ў цёплым ложку пасьля дзённай зморы! Высплюся й вылежуся. Каб толькi даўжэй... Сабакi ня чутно i ўжо месяц схаваўся. Патухлi й вокны. Iх замазала ноч, i ў хаце - як спаць. Ценi ня трывожаць i ня шныраць па дарогах. Сады ахiнулiся iмглой i таксама сьцiшылiся. Iм утульней i бясьпечней ад гэтага, як утульна мне пад коўдрай. Утульна, як пасьля вялiкага шчасьця, што перамагло цябе i кiнула ў нябыт...
Дзыгу-дзыгу... Дзаг-дзаг-дзаг... Дзагу-дзагу... Дзаг-дзаг-дзаг - ходзiць ходарам клямка. Ды дзьверы не адчыняюцца. Моцныя! А от у вокнах шкло дзынкае трывожней: тук-тук-тук! тук-тук-тук! Нешта-ж ёсьць такое, калi гэтак брынчаць. Ды гэта нiшто. Сон ёсьць сон. Сон смачна сьвiшча ў носе, булькае ў горле, захлiпаецца. Перарвецца на сэкунду, паслухае сябе самога i зноў за сваё...
Нешта-ж такi ўсхадзiлася гаспадыня... Во як бухнула ў перагародку! Яшчэ-б трохi, дык i ў жывот... Чым бы гэта? Нагой?
Раман Корзюк пачуў галасы ў кухнi. Скрозь шчылiны ў перагародцы адтуль калола сьвятло i даставала Рамана, як штыхамi. Гаспадыня прыглушаным голасам прасiла Рамана адчынiць дзьверы. Корзюк скокнуў з ложку, адкруцiў на дзьвярох закрутку i нырнуў назад пад коўдру.
Як i ўчора, калi ён быў з Кандраценем, гаспадыня спынiлася ў дзьвярох з лямпай у руках:
- Устаньце!
Накiравалася да другiх дзьвярэй, што на вулiцу, i адклала заслон, якiм заўсёды запiраўся Корзюк нанач. Няўгледна, як па камандзе, увайшлi людзi двое з дзьвярэй i двое - з кухнi.
Пад стольлю зырка загарэлася лямпачка. Гаспадыня пасьпяшалася выйсьцi.
- Адзявайцеся! Вы арыштаваныя!
Раману Корзюку не паказалi нават ордэр на арышт. Пiльна прыглядалiся да яго, калi ён надзяваўся. Потым загадалi яму сесьцi за стол, вiдавочна, каб забясьпечыць сябе ад магчымых нечаканасьцяў з боку арыштаванага. Двое стаялi перад Раманам, ня зводячы з яго вачэй, а двое другiх пачалi рабiць вобыск.