Выбрать главу

Узьняўся Шаркевiч.

- А гэта вось Кандраценеў памочнiк, выканаўца ягоных плянаў. Знаўца гранiцы i майстра пераходзiць яе! Сядайце, Шаркевiч!

- Корзюк.

На ўвесь свой рост падхапiўся Корзюк.

- А гэта вось, бачыце, галоўная сiла ў нацдэмаўскай ячэйцы Пэдiнстытуту. Сын забойцы. Быў перакiнуты ў Польшчу ўсё тымi-ж Кандраценем i Шаркевiчам, але па загаду Цэнтра вярнуўся адтуль з мэтай барацьбы з савецкай уладай, з ейнымi прадстаўнiкамi. Кандраценя рыхтаваў Корзюка на тэрарыста, забясьпечваючы яго ня толькi грашыма, а й зброяй. Усё гэта было знойдзена ворганамi мiлiцыi i НКВД на кватэры Рамана Корзюка. Сядайце!

Корзюк адразу ня сеў, заставаўся стаяць, гатовы, як выглядала, на нейкую неспадзеўку, але стрымаўся i толькi запытаўся, цi сапраўды высокi начальнiк болей не патрэбуе яго, у выпадку патрэбы, ён мог-бы паслужыць яму дэкарацыяй колькi начальнiку спатрэбiцца.

- Камоцкая!

Камоцкая не ўставала. Высокi чын папрасiў яе яшчэ. Аднак, Камоцкая заставалася ўсё сядзець.

- Няважна... Адным словам, Камоцкая заблыталася ў кантррэвалюцыйных сувязях, ад усьведамленьня гэтага не валодае сабой. Камоцкая выкрала мацi й сястру Рамана Корзюка з-пад аховы раённага НКВД i даставiла iх на хутар Шаркевiча, адкуль iх, усю сям'ю, Шаркевiч перакiнуў у Польшчу. На гэтым я канчаю. Я спадзяюся, што карцiна, намаляваная мною й падмацаваная канкрэтнымi прыкладамi, гаворыць сама за сябе.

Высокi начальнiк сеў. Атрымаўшы ад аднаго сьледчага нейкую папку, ён выйшаў з-за стала, за iм падняўся i другi высокi начальнiк. Абодвым iм сьледчыя зноў аддалi чэсьць i высокiя чыны выйшлi з габiнэту Палiтыкi.

Сьледам за iмi чырвонаармейцы вывелi i "Цэнтраўцаў", а таксама Кандраценю i Шаркевiча. Камоцкая з Корзюкам яшчэ заставалiся ў Палiтыкi.

...Вокны ўжо пачалi сiнець ранiшняй трывогай, але ў габiнэце Палiтыкi гэтага не заўважалi. Зыркае сьвятло ад лямпачак выядала вочы i здавалася - ноч яшчэ ў сiле. Толькi вялiкi гадзiньнiк, што бесьперестанку тахкаў на сьцяне, здавалася, пайшоў хутчэй, быццам даючы гэтым знаць, што ён даволi ўжо адмерыў начы i што яна ўжо канчаецца.

За Камоцкай у габiнэт зайшла "Галя". Валя разьвiталася з Раманам. Пакуль яна йшла да дзьвярэй. Раман увесь час глядзеў ёй усьлед.

- Бывай Валя!

Калi Валя зiрнула на яго, павярнуўшыся ад дзьвярэй, яна таксама хацела сказаць "Бывай!", але не магла i толькi зайшлася плачам.

- Сцэнiчнае мастацтва на сёньня скончылася. Заўтра пачнецца мастацтва сапраўднае, - прыгразiў Палiтыка, адпушчаючы Корзюка.

27

У тую самую ноч, калi Палiтыка, разам iз вышэйшым начальствам, iнсцэнiзаваў у НКВД "нацдэмаўшчыну", у Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце адбывалiся вялiкiя арышты. За ноч было арыштавана сорак студэнтаў, пераважна з лiтаратурнага й гiстарычнага факультэтаў. Але трапiлi ў гэты лiк i студэнты з iншых адзьдзяленьняў, у прыватнасьцi з пэдоляга-пэдагагiчнага. Асаблiва латошылi ў тую ноч iнтэрнаты на Энгельса i ў Галоўным корпусе Ўнiвэрсытэцкага гарадка. Людзi з НКВД былi поўнымi гаспадарамi тае начы. Але яшчэ ўдзень перад тою начой i ўвечары, калi толькi што пачынала шарэць, можна было заўважыць iх, пераадзетых у штацкае, на сходках i ў пад'ездах гэтых iнтэрнатаў. Яны асьцярожна й коратка праходзiлiся тут i зьнiкалi гэтаксама, як i зьяўлялiся нечакана й няпрыкметна. Апрача тэхнiчак, iх нiхто й не заўважаў. А калi перавалiла за поўнач, яны пад'ехалi на машынах, размаляваных i быццам прызначаных для развозкi хлеба па магазынах, на такiх-жа самых машынах, якiмi карысталiся i ў горадзе, з надпiсам на iх "хлеб" (пры тым на розных мовах). Грузiлi гэты "хлеб" i везьлi на Ўрыцкага, у турму.

У самым найбольшым пакоi ў iнтэрнаце на Энгельса, пасьля дванаццатай, калi ўжо ўсе вярнулiся з гораду й спалi моцным сном, загарэлася вiсючая пад сталом вялiкая электрычная лямпачка, зырка асьвяцiўшы ложкi, што цесна стаялi паўз сьцен. Ззаду людзей, якiя ўвайшлi ў пакой, стаяла тэхнiчка i, калi трэба было, паказвала, дзе хто сьпiць. Патрэбных студэнтаў цiха будзiлi, гаварылi iм, што яны арыштаваныя, загадвалi ўставаць i зьбiрацца. Iшоў вобыск, пiсалiся пратаколы. Усё гэта рабiлася хутка. Суседзi па ложку, прачнуўшыся, прыкiдвалiся соннымi, i, калi яны былi патрэбныя як сьведкi, iх нельга было дабудзiцца. У такiм разе падпiсвала пратакол у якасьцi сьведкi тэхнiчка. Калi ўсё ўжо было гатова, арыштаваных выводзiлi i лямпачка гасла.

Тое-ж самае дзеелася i ў iнтэрнаце Галоўнага корпусу. Але там апэрацыя арыштаў праходзiла лацьвей: пакоi маленькiя, на тры-пяць чалавек, i можна было б не асьцерагацца вельмi. А часам здавалася, што забiралi цэлым пакоем, дык тым болей нiякага розгаласу баяцца ня трэба было. Адылi як-бы латва не праходзiлi тут арышты, слых аб iх блiскавiчна разьнёсься па ўсiх карыдорах iнтэрнату. Быццам у нейкай самаабароне тушылiся на карыдорах лямпачкi. Згашаныя яны былi й на той пляцоўцы, дзе на Кастрычнiк былi танцы.

Спакойна спаў толькi манастыр. Для яго гэтая ноч была, як i ўсе iншыя ночы. Тым болей ашаламiла яго ранiца ў iнстытуце, калi яна наступiла.

А гэта была самая палахлiвая ранiца, ранiца дваццаць чацьвертага лiстапада 193* году.

Усе дзяўчаты прыйшлi на заняткi ў iнстытут, як i звычайна, перад самым званком. За кафэдрай, аблакацiўшыся, стаяў Пiятуховiч i, склаўшы свае вусны ў нейкай запытальнасьцi, глядзеў перад сабою i быццам нiчога ня бачыў, маўклiвы й акамянелы. Лекцыi не пачынаў, нечага чакаў. Дзiчкоўская, увайшоўшы ў аўдыторыю i пабачыўшы, што яна напаўпустая, спынiлася адразу-ж каля дзьвярэй. Павярнуўшыся да сваiх сябровак, што таксама спынiлiся за ёю, запыталася:

- Дзяўчаты, глядзеце, дзе-ж гэта падзелiся нашыя хлопцы?

Пiятуховiч як-бы ня чуў гэтага i ўсё заставаўся ў тэй-жа самай позе. Ён толькi бачыў, як селi на сваё месца Дзiчкоўская, Шкляр, Лагоўская, Аўсеева, Ларыса, але, здавалася, ня ўспрыймаў гэтага, яго вочы глядзелi няпрысутным, патойбочным паглядам. Чакаў i лекцыi не пачынаў.

Роза Шкляр непазнавальна зьмянiлася: яна ўбачыла, што ў лiку адсутных быў i ейны Каплеўскi. Заўсёды сьмяшлiвыя, ейныя вочы спынiлiся й застылi, а твар, звычайна белы ад пудры, зачырванеўся. Бася Цыпiна ня ўгледзела за сваiм столiкам Петрака Шыракова, i Дзiчкоўская, да якой ужо пасьпеў вярнуцца ейны зласьлiвы гумар, прыкмецiўшы гэта, выпалiла:

- Бася, цяпер ня будзе каму адразаць у цябе каўбасы. Сьцiзорыка твайго няма таксама. Ня толькi-ж аднаму Раману Корзюку адседжвацца! Бачыш, як падмялi!

З хлопцаў прыйшлi на заняткi Шынкевiч, Яначкiн, Пелагейчык. Нават Шарамецьцева, i таго забралi. Сьцяпан Мялешка таксама адсутнiчаў.

- Паўторым тэзы нашай папярэдняй лекцыi! - пачуўся, нарэшце, голас прафэсара Пiятуховiча, якi меў звычай заўсёды пачынаць сваю лекцыю гэтымi словамi. Не пасьпеў Пiятуховiч паўтарыць "тэзаў", як зьявiўся Сьцяпан Мялешка i аб'явiў, што па загаду дырэктара заняткаў ня будзе i што замест гэтага склiкаецца агульны сход студэнтаў i выкладчыкаў.

- Вось табе й тэзы! - нi то сур'ёзна, нi то жартлiва тыцнула пад бок Дзiчкоўская Цыпiну, што села цяпер побач яе.

- Ужо ня будзе й лекцыi? - уськiнуў прафэсар на Мялешку спалоханы пагляд сваiх вачэй.

- Такi загад, таварыш прафэсар.

Пiятуховiч заўсёды баяўся сходаў - ён нiколi нiчога добрага для сябе не чакаў ад iх. Тым болей баяўся сягоняшняга сходу. Пiятуховiч даведаўся аб арыштах яшчэ перад заняткамi i добра ўяўляў сабе, якi гэта будзе сход. Згроб свае сьпiсаныя алавiком лiсткi, паклаў iх асьцярожна ў партфэль. Паглядзеў неяк асаблiва на студэнтаў i ягоныя вусны зноў склалiся ў журботную i вiнаватую напаўухмылку. Пiятуховiч быццам разьвiтваўся iз студэнтамi. Здавалася - прафэсар шкадуе, што ягоная лекцыя засталася не прачытанай. На самай-жа справе, гэта было ня так: Пiятуховiч баяўся, што гэта ягоная апошняя лекцыя наагул. I Пiятуховiч не памыляўся.

Студэнты паднялiся з-за сталоў, але з аўдыторыi ня выходзiлi, стаялi гуртам, зачыналi гаворку, хаця яна хутка й абрывалася.

- Шынкевiч, а чаму цябе не арыштавалi? - распачала свой звычайны ход Дзiчкоўская i пайшла, сьмяючыся, на яго з кулакамi. - Чаму вас усiх не арыштавалi - i цябе, i цябе, i цябе! - бiла яна з падскокам кожнаму ў жывот сваiмi маленькiмi кулакамi. - Ня люблю я такiх хлопцаў. Вы нiкому непатрэбныя!