"Беларус", старэйшы ўзростам чалавек, спакойны i, як здавалася, разважлiвы, пытаўся ў яе з нейкай бацькоўскай спагадай у голасе пра ўсё: пра бацькоў, чым яны займаюцца, у якiм яны веку, цi быў у iх дастатак, пра ейнае маленства, пра тое, як ёй падабалася праца настаўнiцы, нарэшце - цi хацела-б яна закончыць вышэйшую асьвету i стацца зноў настаўнiцай, не ў пачатковай школе, як раней, да паступленьня ў iнстытут, а ўжо ў сярэдняй школе. Зацiкаўленьне сьледчага ўва ўсiм гэтым, ягоная спагада выклiкала Камоцкую на шчырую, рашчуленую гаворку.
- Вы самi сабе напсавалi сваiмi сувязямi з Раманам Корзюкам i ягонай сям'ёй. Асаблiва сваiмi провадамi iх на хутар Баранкевiча. Вам хiба было няўцям, што хутар Баранкевiча - гэта шпiёнскае гняздо, - дапытлiва зазiрнуў Беларус у вочы Валi Камоцкай.
- Хутар той мне паказаўся падазроным i самой, але я хацела дапамагчы мацi i сястры Рамана, нi ў чым невiнаватым i пакiнутым жанчынам.
- Вашая спагадлiвасьць заслугоўвае пахвалы, але вам, савецкай студэнтцы, савецкай грамадзянцы, не да твару было апынуцца ў цянётах злачыннай шайкi-лейкi. Добра, што мы выцягнулi вас з гэтых цянётаў. Вы мусiлi-б у нас на сьледстве катэгарычна адмежавацца ад Рамана Корзюка, рашуча заявiць аб сваёй непрыналежнасьцi да справы Корзюкаў. Вы гэтага не зрабiлi, толькi бяз дай прычыны тармазiлi сваiмi паводзiнамi выясьненьне вашай справы. Вы не дапамагалi, шкодзiлi сьледству. Што-ж тычыцца Рамана Корзюка, вы мусiце заняць да яго выразную лiнiю. З iм вам можа яшчэ давядзецца сустрэцца ў абставiнах, ня вельмi прыемных для яго.
- Я не магу зьмянiць сваёй лiнii да яго, - заявiла Камоцкая. - Мае асабiстыя дачыненьнi да яго, думаю, ня цiкавыя для вас... Пра ягоную-ж вiну... ён не вiнаваты.
- Я не вяду яго сьледства. Але ягоная сувязь з польскай дэфэнзывай вiдавочная. Перайшоўшы ў Польшчу, ён здрадзiў сваёй радзiме.
- Ён вярнуўся на сваю радзiму, - адказала Камоцкая.
- Так. Вярнуўся. Але ў якасьцi каго? Падумайце, для чаго польская дэфэнзыва вярнула яго да нас? Хiба-ж не для таго, каб, выбачайце, пабачыцца з вамi? Ды я не хачу тут займацца справаю Рамана Корзюка. Я выклiкаў вас ня ў сувязi з iм, цi можа меней за ўсё ў сувязi з iм.
- Мне крыўдна ўсё-ж... Раман не хацеў iсьцi ў Польшчу. Ён пайшоў быў туды ня хочучы... Абкруцiў яго Кандраценя, "дзядзька" ягоны. Якi ён дзядзька яму? Раман - ахвяра, але ён ня ведае гэтага, - у Камоцкай нечакана для сьледчага заблiшчэлi на вейках сьлёзы. У яе варухнулася жаласьць, страсянула ўсiм яе целам, яна зайшлася сьлязьмi, гатовая заплакаць наўзрыд. Камоцкая не магла супакоiцца, вусны ў яе сударгава дрыжэлi i толькi праз нейкi момант, выцершы даланёю сьлёзы, яна саўладала з сабою...
Калi сьледчы зноў пачаў распытваць пра бацькоў, Камоцкая няўстрымалася i яшчэ болей закалацiлася ад плачу.
- Дазвольце спатканьне з бацькамi або хоць напiсаць iм...
- Пiсаць вам ужо ня трэба. Мы вас выпiсваем - вы свабодны.
Камоцкая недаверлiва зiрнула на сьледчага. Той, злавiўшы ейны погляд, паўтарыў:
- Сьледства ў вашай справе спыняецца. Вы адноўленыя ў правох студэнта ў установе, у якой вы навучаецеся. Стыпэндыя за мiнулыя тры месяцы будзе выплачаная. Жадаем вам найлепшых посьпехаў. Мы спадзяёмся, што да нашых органаў вы ня будзеце мець асаблiвай крыўды. Даруйце iм, дапушчаную iмi памылку. Я хацеў-бы сказаць - мы спадзяёмся на вашую прыхiльнасьць да гэтых органаў, да нас, iхных працаўнiкоў.
Беларус дастаў з шуфляды паперчыну, папрасiў, уручыўшы Камоцкай, прачытаць яе i падпiсаць. У паперчыне гаварылася аб "неразглошении" бачанага i чутага ў НКВД з папярэджаньнем аб магчымай кары за недатрыманьне ўмоваў.
Камоцкая, не вагаючыся, падпiсалася, усё яшчэ ня верачы, што яе напраўду выпускаюць.
На заняткi Камоцкая вярнулася толькi на другi дзень. Былыя ейныя кампанкi па манастыры сустрэлi яе ветлiва, хоць i насьцярожана: нагэтулькi нечаканы для iх быў ейны зварот, яны яшчэ ня ўспрынялi, як сьлед, падзею i ня ведалi, як да яе паставiцца. У часе перапынку Камоцкая ня выйшла, як гэта яна рабiла раней, на карыдор, заставалася сядзець за незанятым у кутку столiкам. Да яе падыйшла найперш Лагоўская, прывiталася, пытаючыся, цi ня трэба ёй якая-небудзь дапамога. За ёю падыйшлi Аўсеева i Роза Шкляр з Голдзiнай. Шкляр хацела была запытацца ў Камоцкай пра Каплеўскага (прыйшла-ж з турмы i можа ведае што пра яго), але адумалася, адкладваючы гэта на вечар. Сьцяпан Мялешка, незадаволены паваротам Камоцкай, схадзiў у канцэлярыю да дырэктара ўпэўнiцца, цi Камоцкая сядзiць у класе легальна. Яму прыкра было, што яна тут, у ваднэй зь iм групе, што яе, супольнiцу Рамана Корзюка, выпусьцiлi такiя аўтарытэтныя органы, як НКВД, ён нават дапускаў нейкую памылку з боку гэтых органаў. Цяпер яна будзе глядзець на яго яшчэ з большай пагардай, як раней. Ён баяўся - таго глядзi што i хлопцаў яшчэ павернуць: зьняў-жа дырэктар з дошкi абвестак свой загад аб выключэньнi iх з iнстытуту... I ўсё-ткi Мялешка ня мог не падыйсьцi i не прывiтацца з Камоцкай. Нясьмелы i як-бы вiнаваты ў чым, ён падыйшоў да яе i ўжо гатовы быў ёй нешта сказаць, як наскочыла Оля Дзiчкоўская, локцем адпiхнула яго, прагаварыўшы:
- Няма чаго табе, братка, цяпер вiтацца. Хiба потым, пасьля мяне.
Мялешка апешыў, стаяў моўчкi, ня ведаючы, што яму рабiць.
- Бачыш, адны толькi дзяўчаты засталiся - хлопцаў ты ўсiх упёк. Iх няма. Застаўся ты адзiн. Лягчэй табе?
Дзiчкоўская ашчаперыла Валю i праз колькi сэкундаў, адарваўшыся, адыйшлася ад яе са сьлязамi на вачох.
У аўдыторыю ўвайшоў выкладчык нямецкай мовы Зэмэль. Дзяўчаты ўсё яшчэ не адыходзiлiся ад Камоцкай, толькi Сьцяпан Мялешка, сагнуўшыся, памуляў на сваё месца, апынуўшыся перад самым носам выкладчыка (ён заўсёды сядзеў на вiдавоку ў кожнага з iх).
Нарэшце, уселiся i дзяўчаты. Дзiчкоўская, узьняўшыся, i паказваючы выкладчыку пальцам на Камоцкую, голасна прагаварыла:
- Ганс Рудольфавiч, сёньня ў нас, бачаце, на адну студэнтку болей вярнулася.
- Я вельмi рады. Zehr gut, - адказаў Зэмэль, але хутка, як-бы спалохаўшыся сваiх слоў, пачаў тлумачыць Partizip II. Ён баяўся свайго нямецкага паходжаньня i быў дужа асьцярожны ў сваiх гутарках з студэнтамi.
Ларысы i Басi Цыпiнай на занятках ня было - прастудзiлiся i засталiся з грыпам ляжаць у пасьцелi, а ў iх якраз i мела патрэбу Валя Камоцкая, выходзячы з будынку Галоўнага корпусу ўнiвэрсытэцкага гарадка.