Выбрать главу

31

Адчынiлiся дзьверы камэры, i Раману Корзюку сказалi зьбiрацца з рэчамi.

- Можа дахаты? - пачалi гадаць, як-бы абрадваныя, камэрнiкi.

- Гм-м... Лёгка так, думаеш...

- А можа на суд?

- А можа ў iншую камэру?

- Добра, што хоць бяруць, нейкi рух усё-ткi, а то сядзiш во паўгоду i яшчэ нi разу ня выклiкалi на допыт.

Корзюка выправаджвалi ўсёй камэрай, жадалi яму ўсяго найлепшага, прасiлi калi будзе магчыма - паведамiць iм пра сябе, а калi на суд - колькi далi. Узрушэньне ў камэры было такое, быццам Корзюк iшоў на волю. Камэрнiкам здавалася, што пачалося нешта такое, што можа закрануць i iх, што можа дзесьцi на вярхох нехта-ж, нарэшце, адумаецца i пачнецца роспуск нявiнаватых людзей. У камэры ажыла на момант радасьць, кожнаму хацелася паверыць у тое, у што ён хацеў верыць.

Корзюку не сказалi, куды яго забiраюць. Яго зьдзiвiла, што яго прывезьлi на вакзал. Толькi ўжо ў вагоне канваiр яму сказаў (хоць яму забаранялася ўваходзiць у гутарку з арыштаваным), што яны едуць у Заслаўе.

На ранiцу яны былi ўжо там. Корзюк доўга чакаў у цесным пакойчыку на турэмным двары, пакуль яго ня ўзялi адтуль i не прывялi да нейкага начальнiка. Той паведамiў яму, што яго прывезьлi на суд бацькi ў якасьцi сьведкi. Корзюка такое паведамленьне ашаломiла. Калi яго ўвялi ў салю суда, ён пабачыў там Кандраценю, Шаркевiча i нейкага незнаёмага. Яны сядзелi направа ад уваходу з канваiрамi адзадзя. Корзюка пасадзiлi налева ад уваходу, тварам да тых, што сядзелi направа. Хутка з боку, з вузкiх дзьвярэй, увайшлi ў салю судзьдзi, як выявiлася пазьней - Спэцыяльная Калегiя Вярхоўнага суду БССР пад старшынствам Карпiка.

- Суд идет! Встать! - скамандваў старшыня Калегii.

Трое - Кандраценя, Шаркевiч i незнаёмы - узьнялiся, але заставаўся сядзець Корзюк.

- Конвоир, поднять!

Корзюк, ня хочачы, каб яго паднiмалi, узьняўся сам.

Старшыня Калегii агаласiў:

- Сёньня мы судзiм здраднiка радзiмы, забойцу i шпiёна Савосту Корзюка. Судзiм завочна. Забойцу ўдалося схавацца ў ваднэй замежнай, варожай нам дзяржаве, пад крылом ейнай разьведкi. Спэцыяльная калегiя Вярхоўнага суду БССР прыбыла сюды на месца злачынства, каб на падставе дадзеных сьледства i паказаньняў сьведкаў дэмаскаваць сапраўдны твар злачынцы, паказаць навочна, у чыiх руках ён быў знарадзьдзем i паводля пралетарскай, сацыялiстычнай законнасьцi, з усёю строгасьцяй нашых законаў, пакараць злачынцу. Сьледствам i паказаньнямi сьведкаў устаноўлена, што кулак Савоста Iгнатавiч Корзюк, году народжаньня 1883-га, у сваёй азьвярэласьцi i заюшанасьцi, усялякiмi спосабамi супрацьставячыся мерапрыемствам партыi i ўраду, у прыватнасьцi вядучы падрыўную дзейнасьць супраць калектывiзацыi, пайшоў на скрайнюю форму барацьбы з савецкай уладай - на тэрор. Сьледствам дакладна ўстаноўлена, што 13 лiстапада гэтага году, у момант, калi першы сакратар Заслаўскага райкому партыi Ленскi накiроўваўся, каб зламаць кулацкi супрацiў у вёсцы Залесьсе, па дарозе туды быў застрэлены куляй, выпушчанай бязьлiтаснай, памсьлiвай рукой кулака Савосты Корзюка. Усьведамляючы сваё злачыннае действа i баючыся панесьцi кару, кулак Савоста Корзюк, з дапамогай агентаў польскай дэфэнзывы, уцёк у Польшчу. Каб не пакiнуць у нас нават семя свайго, ён забраў з сабой i сваiх дзяцей - сына Рамана i дачку Наталку. Сына польская разьведка вярнула да нас назад з мэтай правядзеньня падрыўной дзейнасьцi. Але нядрэмнае вока нашых органаў бясьпекi перагарадзiла дарогу такой дзейнасьцi, i шпега чакае таксама заслужаная кара.

Пасля паўзы, Старшыня Калегii Карпiк усё тым-жа высокiм, урачыстым тонам працягваў:

- Абвiнавачваны Кандраценя! (Кандраценя ўзьняўся.) У сваiм папярэднiм дазнаньнi вы прызналi свой удзел у афэры Корзюка Савосты - у перакiдцы яго за мяжу, у Польшчу. Пацьвярджаеце сваё прызнаньне?

Кандраценя, пераступаючы з нагi на нагу, цягнуў з адказам на пытаньне. З ухмылкай на твары ён як-бы зьдзiўляўся, што яму было пастаўленае такое пытаньне. Старшыня Калегii, занепакоены адцяжкай з адказам, гатовы ўжо быў паўтарыць пытаньне, як Кандраценя, хiтра ўхмыльнуўшыся, з нейкай весялосьцяй адказаў:

- Пацьвярджаю... Пацьвярджаю...

- Сядайце! Абвiнавачваны Шаркевiч! (Ён узьняўся.) Вы тая асоба, што практычна пераправiла сям'ю Корзюкаў у Польшчу? Вы прызнаеце гэта?

- Я не асоба. Я чалавек, i каб мяне ня змушалi я не рабiў-бы таго...

- Чаго?

- Таго, пра што пытаецеся.

- Канкрэтна - вы пераводзiлi Корзюкаў праз мяжу?

- Ну што-ж тут круцiцца - пераводзiў. Але змушаў мяне гэта рабiць пан Кандраценя, што сядзiць во побач.

Кандраценя нават не зварухнуўся на сваiм месцы.

- Пра "пана Кандраценю" я ў вас ня пытаюся. З нас хопiць вашага пацьверджаньня. Сядайце!

Старшыня Калегii зьвярнуўся да iншага члена Калегii, цi ў яго ёсьць якое-небудзь пытаньне да падсуднага. Той запытаўся ў Кандраценi:

- Вам вядома было, што, перапраўляючы Корзюка праз мяжу, вы ратавалi забойцу?

- Не.

- Вы супярэчаце сваiм паказаньням на папярэднiм сьледстве. У пратаколе допыту ад 21 верасьня, падпiсаным вамi, вы пацьвердзiлi факт выкананьня акту забойства Савостам Корзюкам.

- Я не пацьвердзiў-бы, каб НКВД не прасiла мяне зрабiць гэта.

- Вы хлусiце, узводзiце паклёп на органы НКВД.

- Дазвольце ў вас запытаць: хто я сьведка, цi я падсудны? Паводля ўмовы я - сьведка.

- Адказвайце на пытаньне: Савоста Корзюк забойца цi не?

- Я ўжо адказаў на вашае пытаньне. Адкажэце вы на маё.

- Паклiкаць сьведку! - спынiў палемiку старшыня Калегii.

У салю суду ўвялi суседа Корзюка, таксама хутаранiна, Платона Грамовiча, аброслага шчацiнай да самых вачэй, ад чаго яны блiшчэлi як з нейкага падпольля. Зьдзiўляла, аднак, што ён быў добра апрануты i пры гальштуку.

- Якiя ў вас доказы таго, што першага сакратара райкома партыi Ленскага застрэлiў Корзюк Савоста? I што аб гэтым забойстве ведаў падсудны Кандраценя?

- Ведаючы пра антысавецкiя настроi кулака Савосты Корзюка, а больш за ўсё як зацятага працiўнiка калгасаў (ён, каб не забралi ягонага дабра, як у кулака, гатовы быў-бы забiць ня толькi сакратара райкома партыi, а й самога Сталiна), я ўвайшоў з iм, Савостам Корзюкам, у цесныя сувязi, быў ягоным (я йграў гэтую ролю) "саўдзельнiкам", "прыхiльнiкам" усiх ягоных дзiкiх актаў помсты. Не захаваю перад судом - iдэя забойства Ленскага, якi асабiста кiраваў раскулачваньнем Корзюка, належыць нiкому iншаму, як Генадзю Кандраценю. Ён дастаў для Савосты зброю, навучыў яго страляць, распрацаваў ува ўсiх дэталях, з указаньнем часу i месца, усю апэрацыю забойства. Кандраценя абяцаў Савосту Корзюку вялiкую ўзнагароду за выкананьне акцыi i гарантаваў яму абсалютную бясьпеку, пацяшаючы яго, што за iм, Кандраценем, стаiць цэлая партыя - "Саюз вызваленьня Беларусi", якая, з падтрымкай Польшчы, здольная будзе ўзьняць усебеларускае паўстаньне супраць калектывiзацыi. Калектывiзацыя будзе адмененая (Сталiн маўляў ужо б'е адбой у сваiм артыкуле "Головокружение от успехов"). У вынiку ўсяго гэтага Савоста Корзюк, абяцаў Кандраценя, атрымае сваё багацьце назад. I Савоста Корзюк пагадзiўся на забойства, пайшоў на яго i выканаў яго. Седзячы ў засадзе разам з Корзюкам, я быў сьведкам гэтага забойства.

Кандраценя сядзеў спакойна, нiчым не паказваючы свайго ўзрушэньня, спадзяючыся, што калi яго i судзяць, дык толькi фармальна, для паказу толькi, што - ня можа-ж таго быць - каб Органы не ацанiлi ягоных заслугаў перад iмi.

- Усё ясна. Неаспрэчныя, важкiя доказы. Паклiкаць наступнага сьведку!

У залю ўвайшоў чалавек сярэдняга веку ў новенькай форме мiлiцыянэра.

- Што вам вядома пра забойства Корзюкам сакратара райкома партыi Ленскага? - зьвярнуўся да яго ўжо iншы член Калегii.

- У мяне ёсьць неаспрэчныя доказы таго, што сакратара застрэлiў Савоста Корзюк.

- Якiя канкрэтна доказы?

- Зброя, якой быў забiты сакратар.

- Больш ясней.

- Я маю на ўвазе зброю, якой карыстаўся Савоста Корзюк i якой ён страляў у сакратара.

- Ня можаце больш падрабязна?

- Пры вобыску на кватэры Рамана Корзюка, сына Савосты, мы знайшлi ў яго два наганы i дзьве гранаты i ў вялiкай колькасьцi савецкiя грошы. Судовая экспэртыза ўстанавiла, што адным з гэтых наганаў быў застрэлены сакратар Ленскi.