Выбрать главу

- Але ўсё-ткi замалая для такой ролi, - стаяў на сваiм Цiмошка.

- А каго-б вы лiчылi больш адпаведнай асобай для такой ролi?

- Янку Купалу толькi. Але яго нельга чапаць: гэта ўжо, з другога боку, занадта вялiкае iмя для нашага экспэрымэнту. Тут мы страцiлi-б - грамадзкасьць была-б не на нашым баку, а потым - гэта i палiтычна было-б няправiльна, заганна: у Беларусi была-б падкошанай уся нашая нацыянальная палiтыка, казыраць нам было-б нечым. Разумееце? Сам Сталiн не дараваў-бы нам такой палiтычнай недасьпеласьцi. Карацей - я супраць адкрытага працэсу.

- Устрымаюся пакуль. А як наконт Зарэцкага i Дудара?

- Постацi недастатковыя, - кампэтэнтна адказаў Цiмошка.

- Тады застаецца ўсё-ж Жылуновiч - Цiшка Гартны.

- Я ўжо выказаў сваю думку адносна яго.

- Якi-ж выхад?.. Я баюся - вы ня хочаце супрацоўнiчаць са мною. Вы сабатуеце справу нацдэмаў - найбольш актуальную цяпер у нас. За правал нацдэмаўскага працэсу адказваць будзеце вы. У мяне складваецца ўражаньне - вы знарок тармозiце справу нацдэмаў. Вы што - на iхным баку? Урэшце, вы чэкiст цi не? - разгневаны, узьняўся з-за стала Бэрман.

- Я - чэкiст. I не раўня вам, - адрэзаў Цiмошка.

- Пабачым... - Бэрман нацiснуў кнопку. - Вы свабодны. Можаце iсьцi.

Цiмошка, падазрона зiрнуўшы на Бэрмана, выйшаў.

Бэрман шукаў нейкага iншага выйсьця. Якога - ён сам сабе яшчэ добра не ўяўляў. Купалу браць на працэс (ён тут пагаджаўся з Цiмошкам) сапраўды не аплацiцца. Купала мае iмя, але характарам сваiм ён для працэсу, трэба пагадзiцца, не падыходзiць: нейкi сарамяжы, асьцярожны, палiтычна неразвiты. Склалася-б уражаньне, што ён - пакутнiк, якi ня ведае, за што яго судзяць. Быў-жа ён тут у нас. Усё, што мы пабачылi ў iм - гэта ягоную рашчуленасьць, псыхiчную няўстойлiвасьць, што можа прывесьцi - у часе ягонай большай пачуцьцёвасьцi - да нейкага непажаданага кроку - да самагубства. Нашто нам такая ахвяра?

Бэрману прыйшоў на думку калектыўны аўтарытэт: Гартны-Чарот-Зарэцкi. Ён паклiкаў да сябе сьледчага Пушкiна.

- Як Жылуновiч?

- Хворы.

- Што з iм?

- Баюся - прызнакi вар'яцтва.

- Сымулюе, мабыць?

- Ня думаю.

- Што-ж тады? З чым мы можам пачаць працэс? Далей нельга адкладваць. У Маскве чакаюць громкага нацдэмаўскага працэсу. Мы павiнны вызначыць канкрэтную дату працэсу. Хто на вашую думку (Бэрман больш не разьлiчваў на Цiмошку) з усiх арыштаваных падыходзiў-бы найбольш для галоўнай ролi на працэсе - Гартны, Чарот, Зарэцкi?

- Нiводзiн з iх. Яны мала вядомыя палiтычна. Нам патрэбны для галоўнай ролi не пiсьменьнiкi, а палiтык. Пiсьменьнiкi - у дадатак. I я бачу такога палiтыка, - усьцешаны сваёю думкай, усьмiхаючыся, ласкава пазiраючы ў вочы Бэрману, нiбы iнтрыгуючы яго, - спакушаў Пушкiн Бэрмана.

- Хто ён, гэты палiтык?

- Чарвякоў, Аляксандр Рыгоравiч.

- Як гэта ня прыйшло мне ў голаў раней - надзвычайная, адзiна правiльная, адзiна магчымая iдэя, - радаваўся Бэрман. - Сапраўды - маеце слушнасьць Чарвякоў постаць дастатковая, калярытная - у мiнулым эсэр, цяпер старшыня Цэнтральнага Выканаўчага камiтэту Беларусi, прэзыдэнт, можна сказаць.

- Да таго-ж - не забывайма - Чарвякоў - душа нацдэмаў, - ушчаў Пушкiн. Чарвякоў пад iхным уплывам, у згодзе з iмi, праводзiць iхную нацыяналiстычную палiтыку, варожую рабочаму класу.

- Вы ня ўзялi-б на сябе абавязак скампанаваць сцэнарый працэсу, паводля якога мусiў-бы праходзiць працэс? Я ўпаўнаважваю, загадваю вам гэта зрабiць як найхутчэй. У трохдзённы тэрмiн. У гэтую пятнiцу пакладзеце гэты сцэнарый мне на стол. Цiмошка, не захаваю ад вас, адхiлены i будзе пакараны за зрыў кампанii. Згода?

- Я зраблю ўсё магчымае, - запэўнiў Пушкiн Бэрмана.

Пушкiн быў рады свайму новаму абавязку, а найболей магчымасьцi насалiць Цiмошку, якога ён ненавiдзеў у душы, усяк маскуючы сваю няпрыхiльнасьць да яго. Пушкiн выстаўляў сябе сябрам Цiмошкi i быў з iм на ты. У Пушкiна быў свой плян: заняць у Бэрмана месца Цiмошкi, як стратэга ў нацдэмаўскай справе.

Бэрмана трывожыла толькi адно: цi апрабуе Масква, у прыватнасьцi Калiнiн, ордэр на арышт Чарвякова - усё-ж гэта фiгура ўсесаюзнага значэньня. Але сама iдэя ўзначаленьня нацдэмаўскага працэсу Чарвяковым падабалася Бэрману, i ён загадаў сваiм падначаленым узьняць, схаваныя дасюль матэрыялы аб дзейнасьцi Чарвякова з тым, каб яны былi гатовыя да партыйнай чысткi, якую Чарвякоў, як i ўсе члены партыi, мусiць неўзабаве прайсьцi.

Машына закруцiлася. Настаў той дзень чысткi Чарвякова. Спэцыяльная камiсiя па чыстцы была незадаволеная паводзiнамi Чарвякова: ён недастаткова, на думку Камiсii, высьветлiў сваё мiнулае, ня прызнаў усiх сваiх памылак, не раскаяўся да канца ў сваiх палiтычных грахох, у прыватнасьцi - эсэраўскiх, у сваiх кантррэвалюцыйных сувязях з нацдэмамi. З Камiсii ён пайшоў сумны, расквелены i бездапаможны. У "Правде" зьявiўся артыкул, што абвiнавачваў яго ў правым ухiле. На наступнай чыстцы Чарвякова прыдзiрлiвымi пытаньнямi i запалохваньнем давялi да сьлёз. На Зьезьдзе Саветаў БССР першы сакратар ЦК КПБ Шаранговiч, у прысутнасьцi Чарвякова, абвiнавацiў яго ў патураньнi "нiкчэмным нацдэмаўскiм замыслам", адначасна прыпiсваючы яму вiну за ўсе гаспадарчыя няўдачы ў Беларусi, у прыватнасьцi за недасягненьне ў рэспублiцы стану суцэльнай калектывiзацыi. Чарвякоў ня мог вытрымаць зьнявагi i пакiнуў прэзыдыюм Зьезду, у якiм ён сядзеў разам з Шаранговiчам. Шаранговiч яшчэ гаварыў, з трыбуны, як пачуўся стрэл з кабiнэту Чарвякова, сумежнага з саляй, у якой адбываўся Зьезд. Стрэл прагучэў на ўсю Беларусь, ён забраў ейнага кiраўнiка. Карта Пушкiна з Бэрманам была бiта.

33

Дзяжурны па карыдору пачаў заўважаць, што зьняволены трэйцi дзень ня есьць свае пайкi хлеба. Прыймае, але ня есьць. Адчынiўшы дзьверы ў камэру, дзяжурны пытаецца:

- Сват! (Гэтак ён заўсёды зьвяртаўся да зьняволенага.) Чаму ты складаеш свае пайкi хлеба на стол, а не сюды (ён паказаў на свой жывот)?

Зьняволены ня ведаў што адказаць i толькi зьбянтэжана ўхмыляўся. Дзяжурны не пакiдаў свайго:

- Цi не таму, што ня прыносяць больш смачнейшых абедаў, з сталовай начальства? Значыць, ня ў ласцы ты, калi пасадзiлi на звычайны, турэмны паёк? Яно зразумела, пасьля катлетаў баланда ня лезе ў рот, - жартаваў дзяжурны па карыдору.

Зьняволены на ўсё гэта нiяк не рэагаваў, хоць, здавалася, i хацеў нешта сказаць, ды ня ўмеў ад нейкай сарамлiвасьцi.

Цiшка Гартны прызнаваўся на допытах ува ўсiм, i яму дастаўлялi ў камэру абеды з сталовай НКВД - белы хлеб, першае i другое, нават з дэсэртам кампотам цi кофэ. Забясьпячаўся ён i iншымi недазволенымi для звычайных арыштантаў рэчамi: алавiкамi, газэтамi, паперай, кнiжкамi. У беларускай "Звяздзе", здаралася, ён чытаў пра сябе артыкулы, у якiх падавалiся цэлымi кавалкамi вытрымкi з ягоных паказаньняў на допытах. Цяпер ён баяўся сказаных iм слоў. Уначы, калi ён гаварыў iх сьледчаму, яны здавалiся яму звычайнымi словамi, цяпер-жа ў газэце яны, страшныя, быццам стралялi ў яго. Iх чытаюць цяпер iншыя i можа дзiвяцца, як ён мог сказаць усё гэта. Ён думаў, што ягоныя словы не праб'юцца праз муры, заглохнуць у iх навекi, як глухне тут усё. Такая акалiчнасьць ня стрымлiвала яго нi ў чым, нават падахвочвала яго гаварыць следчаму патрэбнае i непатрэбнае. Ён сьпiсаў за год сядзеньня ў турме цэлыя стосы паперы, каб - дзiўная рэч - дагадзiць сьледчаму, паказаць, што ён не абы якi чалавек, што ён нешта значыць, iнакш - iм-бы не зацiкавiлiся i ён ня быў-бы тут. Часамi ён нават думаў, што чым болей ён будзе надаваць сабе вагi ў сваёй пiсанiне, тым болей з iм будуць лiчыцца i тым меншая яму будзе кара. Дапушчаў, што яго могуць нават пусьцiць дахаты, як гэта, зрэшты, даваў яму зразумець i сьледчы. Ён рабiў усё, каб ня зьнiзiць свайго вобразу, заставацца на вышынi лiдэра нацдэмаўскай арганiзацыi. Ён аформiў яе ў сваiх паказаньнях паводля задумы i пляну Цiмошкi, як антысавецкую, кантррэвалюцыйную, шпiёнска-дывэрсыйную, тэрарыстычную нацдэмаўскую арганiзацыю. Ён уцягнуў у яе можа палавiну беларускiх пiсьменьнiкаў i паэтаў, знаёмых i незнаёмых яму. Падаў нямала iмёнаў з Беларускай Акадэмii навук, дзе ён працаваў, з тэатру, iмёны ўсiх сваiх блiзкiх знаёмых.