Выбрать главу

Той пахопiста падняўся.

- Я ня буду нават стаўляць пытаньня - прызнаяцё вы сябе вiнаватым цi не вiна вашая, крымiнальная злачыннасьць, больш, чым вiдавочная. Сьцьвярджаю: у вас на кватэры была знойдзеная зброя i грошы, дастаўленыя вам грамадзянiнам Генадзем Кандраценям. Адказвайце на пытаньне: для чаго гэта вам спатрэбiлася?

- Пра гэта вы запытайцеся ў свайго агента Кандраценi. Я не прасiў яго прыносiць мне зброю.

- Вы пацьвярджаеце факт, што зброя была ў вас?

- Я вам сказаў, што зброя не мая. Яна была прынесеная вашым супрацоўнiкам, каб, як бачу цяпер, абвiнавацiць мяне ў тэрарызме. Паўтараю, я ня маю нiякага дачыненьня да падкiнутай мне зброi.

- Грамадзянiн Корзюк, гэта стары трук. Мы не дамо вам магчымасьцi бэсьцiць нашыя органы. Кандраценя - ваш дзядзька, а ня наш агент i ён дзейнiчаў у згодзе з польскай дэфэнзывай. Пытаньне: хто арганiзаваў вашыя i вашай сям'i ўцёкi ў Польшчу? Адказвайце на пытаньне!

- Вам гэта лепш вядома, хто. Заварылi кашу, дык i расхлёбвайце самi. Мне нат ня хочацца гаварыць - нагэтулькi гэта ўсё абсурдна! Судзiце! Я ў вашых руках. Досыць таўчыся i таўчы нас! Так або гэтак!

- Не, ня будзе "так або гэтак"! Будзе гэтак! - не сьцярпеўшы, гнеўна адказаў Карпiк, стукнуўшы кулаком па стале. Але, асеўшы, пачаў шаптацца з членамi Калегii. Корзюк усё стаяў. Яго не садзiў Карпiк. Карпiк некуды пазванiў, i хутка ў салю суду быў уведзены Генадзi Кандраценя, у тым самым пiджаку, у якiм некалi ўвайшоў быў у хату з панадворку, увесь у дзядоўнiку ён тады ляжаў у сене, чакаючы прыходу Рамана дахаты. Генадзь Кандраценя трымаўся бадзёра, з нейкай вясёлай i адначасна журботнай ухмылкай.

Карпiк прагаварыў як-бы сам да сябе:

- Хоць i падсудны, але добры сьведка. Грамадзянiн Кандраценя! Хто забясьпячаў грамадзянiна Корзюка зброяй i грашыма? Вы?

- Я...

- Для чаго?

- Каб страляць.

- У каго?

- Я не магу сказаць. Гэта ўжо iхная справа. Яны - арганiзацыя, i зброя iм была патрэбная.

- Якая арганiзацыя?

- Пэўна-ж, кантррэвалюцыйная, а не якая.

- Значыцца, вы забясьпечвалi Корзюка зброяй для правядзеньня палiтычных забойстваў? Так?

- У палiтыцы i гэта патрэбна.

- Перакiдвалi Корзюкаў у Польшчу вы? Так?

- Ня я асабiста.

- Ня важна. Вы былi сувязным памiж польскай дэфэнзывай i арганiзацыяй беларускiх нацыяналiстаў? Так?

- Я выконваў свой абавязак.

Карпiк зьвярнуўся да Корзюка:

- Грамадзянiн Корзюк, вашая стаўка бiтая. Ваша прыналежнасьць да арганiзацыi неаспрэчная. Сядайце!

Наступiла паўза. Члены Калегii радзiлiся. Канваiры сядзелi моўчкi, апёршыся на вiнтоўкi, якiя яны трымалi ўвесь час памiж каленяў. У мiжчасе вывелi Кандраценю. Падсудныя абцерпiлiся, скаванасьць, што трымала iх увесь час у напружаньнi, аслабла. Непадатлiвая пастава Корзюка падказала заняць i iм больш цьвярдую пазыцыю. Калi iх яшчэ везьлi на суд ў "хлебнай" машыне, яны дагаварылiся, што будуць адмаўляцца ад дадзеных iмi на сьледстве паказаньняў. Прыгразiлi Каплеўскаму i Марцiновiчу даць бухлоў, калi яны ня будуць трымаць лiнii.

Пачаўся далейшы разгляд справаў.

Апытваўся Казьленка, родам з Нароўлi, упарты паляшук, як яго ахрысьцiлi ягоныя сябры. Адказваючы на пытаньне прыналежнасьцi да групы, ён заявiў:

- Я катэгарычна адмаўляю пытаньне аб прыналежнасьцi па той простай прычыне, што ня было куды належыць - нiякай кантррэвалюцыйнай ячэйкi ў ВПI ня iснавала - яе стварылi органы НКВД.

Карпiк хацеў спынiць зьняволенага пагрозай дадатковай кары за абразу органаў, але Казьленка, пайшоўшы на рызыку, працягваў:

- Органы НКВД пайшлi на вялiкае злачынства, арыштаваўшы i пасадзiўшы ў турму невiнаватых, маральна чэсных людзей, студэнтаў, адданых савецкай уладзе, гатовых служыць ёй сваiмi ведамi, сваiмi талентамi. Дзяржава затрацiла вялiкiя сродкi на нашае выхаваньне, чакаючы аддачы. Вы-ж перахоплiваеце нас, адразаеце нам дарогу ў жыцьцё. I напрошваецца пытаньне: хто тут з нас вiнаваты?

Заява Казьленкi сваёй нечаканасьцяй ашаломiла членаў Калегii. Карпiк загадаў вывесьцi Казьленку з салi суду. Быў абвешчаны перапынак. Падсудным невядома хто - падкiнуў аж дзьве перадачы. Канвой, распакаваўшы i агледзеўшы iх перадаў зьняволеным. Яны скончылi з ежай хутка. З другога паверху iм адчыняўся, як на далонi, увесь Пляц Свабоды, перакрэсьлены па дыяганалi дарожкай для шпацыру. Як заўважылi зьняволеныя, па дарожцы прахаджвалiся подруку Роза Шкляр з Голдзiнай, Камоцкая з Ларысай, Дзiчкоўская з Аўсеевай. Мусiць, гэта яны i прынесьлi перадачы. Дзiвiлiся, што iх прынялi ад iх. Падсудныя радавалiся - iх не забылi, яны ня выкрэсьленыя з памяцi, дзеля iх iдуць нават на рызыку. Гэта ўзвышала iх, надавала мужнасьцi, веры ў будучыню, спадзяваньне калi-небудзь - хоць праз дзесяць год - вярнуцца, выжыць, пабачыцца зноў.

Узнавiлася слуханьне. Без Казьленкi. Калегiя, вiдаць, разьлiчвала, што ягоная адсутнасьць запалохае падсудных, застрахуе ад выпадаў, непажаданых для судзьдзяў. Але разьлiк быў няправiльны: адсутнасьць Казьленкi змабiлiзавала актыўнасьць ягоных сяброў. Перадача ад студэнтак таксама паддала аптымiзму, зьмянiла настрой. Кожны з ячэйкаўцаў адмаўляў свае паказаньнi на допытах, спасылаючыся на тое, што яны былi вымушаныя сьледчымi. Гэта нямала бянтэжыла Калегiю.

Дзюндзiн, блiзкi сябра Казьленкi, запярэчваючы свае паказаньнi, пачаў неспадзявана з крытыкi Рамана Корзюка, i было напачатку невядома, куды ён гне.

- Таленавiты фiлiстэр, дылетант, Корзюк неяк трапiў у поле вашага зроку i вы збудавалi на iм эфэмерную нацдэмаўскую групу ў ВПI, назваўшы яе адгалiнаваньнем арганiзацыi "Саюз вызваленьня Беларусi", дарэчы таксама выдуманай органамi НКВД. Корзюк хадзiў у Польшчу - я ня ведаю, цi па сваёй волi, - вярнуўся адтуль, дык i судзiце яго за пераход гранiцы. Праўда, ён сваю вiну ўжо направiў, вярнуўшыся дахаты. Але, скажэце, пры чым мы тут? Мы ў Польшчу не хадзiлi, а iншай вiны ў нас няма, прынамся ў мяне. Прашу суд вылучыць справу Корзюка асобна. Я не хачу адказваць за неабдуманую анарха-рамантычную авантуру Корзюка.

Ячэйкавец, паэт Суднiк, адмаўляўся слаба, гаварыў, што ў яго, апрача нацыяналiстычных, ёсьць i вершы, прысьвечаныя Сталiну. Агульнай лiнii ён ня трымаўся, iшоў, як i Дзюндзiн, на раскол, даказваў сваю нявiнаватасьць у надзеi, што яго апраўдаюць.

Калегiя гэткiм парадкам апытала ўсiх ячэйкаўцаў i пабачыўшы, што падсудныя пайшлi на адмаўленьне, зьмянiла тактыку: пачала дапытваць сьведкаў.

Зьявiлася ў салi суду Камоцкая, засяроджаная, нэрвова нацягнутая.

- Грамадзянка Камоцкая, у нас да вас толькi два пытаньнi, - зьвярнуўся да яе старэйшы з членаў Калегii, што сядзеў поруч Карпiка. - Першае: пацьвярджаеце вы свае паказаньнi ў мiлiцыi адносна зброi, знойдзенай у Рамана Корзюка на ягонай кватэры? Iнакш кажучы, цi пацьвярджаеце вы факт, што зброя, знойдзеная мiлiцыяй у Корзюка, належыла менавiта Корзюку? I другое пытаньне: цi вядомы быў вам факт прыналежнасьцi Корзюка да нацыяналiстычнай, нацдэмаўскай арганiзацыi? Паколькi вы былi ў блiзкiх адносiнах з падсудным, вы можаце дапамагчы нам высьветлiць гэтыя пытаньнi. Прашу!

Камоцкая стаяла некалькi сэкунд моўчкi - думала, як-бы ня ведала, з чаго пачаць, i, надумаўшыся, лагодна ўсьмiхнулася, нявымушана, свабодна, ейны твар, напачатку пахмуры, асьвяцiўся, у вачох зайгралi, цяплынёй сагрэтыя, блакiтныя iскрынкi - iмгненна яна пахарашэла, гэта кiнулася ў вочы ня толькi Раману. Камоцкая загаварыла:

- Паважаны суд! Дазвольце мне пачалавечаму, як ня ў судзе, як - калi-б мы сядзелi за сталом недзе ў гасьцях i мiрна гутарылi мiжсобку - душэўна i адкрыта, i вы захацелi-б у мяне запытацца, як я чуюся сёньня? Ведаеце, што я сказала-б! Я адказала-б: "Балiць сэрца: мае дарагiя сябры i знаёмыя ў бядзе i я нiчым не магу дапамагчы iм. Можа-б вы заступiлiся за iх, невiнаватых?"

Усьмешка з твару Камоцкай зьнiкла, i яна змоўкла, застыгла, быццам чакаючы адказу. Але адказу яна не пачула, толькi тое, што яна свабодная i можа iсьцi.

Увайшоў студэнт Шынкевiч, нэрвовы, але рашучы. Нiразу ня зiрнуўшы на сваiх учарайшых сяброў, павярнуўшыся тварам да суду i выслухаўшы ў нецярплiвасьцi пытаньне, ён пачаў:

- Прыемна суду заявiць - атмасфэра ў iнстытуце ачышчана ад смуроду! Мы адчуваем сябе добра бяз сыканьня зьмяiнага гнязда нацыяналiстаў! Дзякуем нашым слаўным органам за разгром гэтай шайкi-лейкi! Я пачну канкрэтна, хто чым займаўся ў iнстытуце. Я не баюся...