Выбрать главу

Увайшла варта. Зачынiлiся ў купэ дзьверы. Цягнiк гатовы быў адыйсьцi. Раман углядаўся ў вакно: першая плятформа, пасьля адыходу пасажырскага была ўжо апусьцелай i Раманаву зроку адкрываўся ўвесь тлум, што яшчэ панаваў на пэроне: адвозiлi i падвозiлi багаж, адыходзiлi i прыходзiлi ўсё новыя натоўпы людзей. Справа на плятформе Раман прыкмецiў купку людзей - пераважна жанчынаў, - што, як-бы застыўшы, стаялi нярухома i, як здавалася Раману, прыглядалiся да вокнаў вагонаў. Некаторыя з гэтай купкi людзей, як-бы ўгледзеўшы каго, махалi рукой. Можна было бачыць узьнятае ўгару павялiчанае дзiцячае фота. Зноў iншыя рознымi ўмоўнымi знакамi iмкнулiся перадаць тое, што яны хацелi. Нейкая маладая жанчына, прыгожа апранутая, прыклаўшы рабром далонь да свайго роту, доўга гаварыла нешта, як вiдаць было, упэўненая ў сваiм посьпеху. Але ейны голас сюды не даходзiў, i толькi вiдаць было, як рухалiся ейныя нафарбаваныя вусны. Раман быў упэўнены, што гэта i ёсьць тыя, што прыйшлi сюды ў надзеi пабачыць сваiх, абнадзеiць iх, падаць iм знак падтрымкi i спагады. Корзюк углядаўся, шукаючы сярод гэтай купкi людзей Валю. Але ён не знаходзiў яе. Яе ня было. Яна ня прыйшла. Можа яна ня ведала, што яго бяруць на этап. Да купкi людзей прыскочыла яшчэ некалькi чалавек, працiскаючыся наперад. Раману кiнулася сiняя Валiна блюзка. У яго зайшлося сэрца, у вачох усё замiтусiлася i ён страцiў вобраз Валi. Раптоўным сваiм грукатам яго аглушыў маскоўскi хуткi, што наляцеў, як вецер, i стаў, як укопаны, засланiўшы, сьцёршы ўсё, што толькi перад тым бачыў Корзюк. Скрануўся i пульман. На стыках заляскаў коламi, i Менскi вакзал, з яго нявысокай вежай, пачаў паволi адплываць.

Была цi ня была Валя?

Сум агортаў Рамана, ён ужо адарваны, колы вязуць, iмчаць. У ранiшнiм сьвiтаньнi праносяцца за вокнамi голымi вяршынямi дрэвы. Выгiнаючыся талеркай, адплывае зямля. Ваколiцы Менску, да болю знаёмыя яму, разьвiтваюцца з iм.

У Воршы прычапiлi да iх яшчэ некалькi пульманаў. Склаўся даўгi, на цэлы кiлямэтр, транспарт, i калi ён, як вужака, выгiнаўся на паваротах, можна было, гледзячы ў вакно, падлiчыць вагоны.

Цягнiк, казалi, накiроўваецца на Смаленск, але на самай справе ён iшоў на Магiлеў. Два днi там стаялi на станцыi ў тупiку, пакуль ня былi дагружаныя пульманы новай партыяй мясцовых зьняволеных. У купэ насаджалi гэтулькi людзей, што ўжо не хапала ягоных двух паверхаў-нараў. Давялося лажыць i пад лаўкамi. Ад'яжджаючы з Магiлева, Раман Корзюк не адыходзiўся ад вакна, як-бы навекi разьвiтваючыся з роднымi яго сэрцу краявiдамi. За Масквой яны былi ўжо iншыя, i, адыйшоўшы, суцiшыўшыся, ён аддаўся пад уладу сваiх думак. У сваёй памяцi неймаверна ясна - ён бачыў усё перажытае iм, мог ахапiць яго i спалучыць у вадно цэлае, у вадзiн вобраз. Нават фiзычную прастору, нядаўна пакiнутую, ён бачыў перад сабой як на карце. У цэнтры гэтага вобразу-ўяўленьня, зьнiкаючы i зноў зьяўляючыся мiгцела, паўставала, як золак, постаць у нейкiм сьвяточным убраньнi, да болю знаёмая, хоць цяпер ужо рэальна i аддаленая.

41

Адкрыты працэс нацдэмаў гэтак i ня ўдаўся. Было нямала на гэта прычынаў. Найгалоўнейшая - вiдавочная штучнасьць справы нацдэмаў. Беларускае НКВД перастаралася: у пагонi паказацца перад Масквой перадавым НКВД у змаганьнi з нацыяналiстамi, яно агалiла Беларусь, пасадзiўшы за краты большую палавiну ейных нацыянальных кадраў, найперш пiсьменьнiкаў, паэтаў, крытыкаў, гiсторыкаў, географаў, выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры, навуковых працаўнiкоў, што займалiся беларусазнаўствам, работнiкаў наркомасьветы, артыстаў, працаўнiкоў кiно i г.д. Беларусь была падмецена жорсткай мяцёлкай, ачышчана ад уяўных нацыяналiстаў. Не пашкадаваная была i маладая зьмена - тут беларускае НКВД бачыла цi ня самую галоўную небясьпеку, i ў вынiку пацярпела вялiкая часьцiна студэнцтва. Дастаткова было пачуваць сябе беларусам, як табе прышчаплялася кляймо нацыяналiста. Асаблiва пацярпелi педагагiчныя навучальныя ўстановы, што рыхтавалi маладыя нацыянальныя кадры, перадусiм настаўнiкаў для пачатковых i сярэднiх школаў. Гэтыя ўстановы былi разгромленыя. Не хапала выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры. У страху быць абвiнавачанымi ў нацыяналiзме, шмат хто з iх цураўся беларускай мовы i пачынаў выкладаць расейскую мову, у вынiку - скарацiлiся гадзiны для роднай мовы. Ня было падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры - яны здымалiся з ужытку, паколькi ў iх фiгуравалi iмёны арыштаваных аўтараў. Гiсторыя Беларусi ня выкладалася наогул.

Як прызнаваўся Цiмошка, у пошуках нацдэмаў, у пошуках адпаведных нацыянальных мадэляў-тыпаў, была змадэляваная ўся Беларусь. Гэтыя мадэлi, жывыя людзi, былi цяпер у руках сьледчых, i з iмi яны гулялi, як толькi хацелi. Рыхтавалi iх да судовага адкрытага працэсу. А працэс той ня выходзiў. Бiцьцё i запалохваньне не дапамагала: мадэлi, паразумнеўшы, пачалi адказвацца ад сваiх пачатных сьведчаньняў. Скалочаныя сьледчымi нацыяналiстычныя групы пачалi развальвацца. Адпала, такiм чынам, гэтак званая групавая кантррэвалюцыя, адпала iдэя адзiнай, кiраванай Цэнтрам, нацдэмаўскай арганiзацыi. Цiмошка, узяўшы гэтую акалiчнасьць пад увагу, катэгарычна выступаў супраць адкрытага працэсу.

Ня вышла i з лiдэрствам. Разнаколерную масу нацдэмаў ня было каму ўзначалiць. Разьлiк на вядомых беларускiх дзеячоў правалiўся дзеля iхнай ужо фiзычнай адсутнасьцi, а стварыць нейкае калектыўнае кiраўнiцтва ў НКВД ня было магчымасьцi. Урэшце, у самiм беларускiм НКВД адбылiся вялiкiя зьмены: Яжоў не пашкадаваў i яго - пачысьцiў. Прыйшлi новыя людзi, што не маглi, дый надта не хацелi разьбiрацца ў справах нейкiх там нацдэмаў. Былi ўжо важнейшыя справы. I было пастаноўлена судзiць нацдэмаў проста. Час не чакае!

Цiмошка сядзеў у Бярэзiна з выяўна задаволенай мiнай. Нарэшце, яму ўсё ўдалося. Няма Бэрмана. З нацдэмамi будзе так, як ён i казаў. Ня толькi "будзе" а ўжо ёсьць - Ульрых з сваiм трыбуналам ужо тут. Працуе. Пушкiна, ягонага супэрнiка, таксама няма. Няма i трацкiстаў. Бойку выйграў ён. Што значыць мець галаву, бачыць наперад!

- Як мы аформiм справу вашых нацдэмаў для Масквы? - запытаўся ў Цiмошкi Бярэзiн.

- А ўжо-ж аформiм. Аформiм! Афармляў дасюль, аформлю й цяпер!

Цiмошка быў усьцешаны ўсьведамленьнем сваёй незаменнасьцi. Пра Бярэзiна-ж думаў, седзячы перад iм: "не на доўга ты, браце, сюды прыехаў, будзе табе тое, што й Бэрману".

- Я прапаную, таварыш Бярэзiн, у справе нацдэмаў наступнае. Я дасканала ведаю - Масква больш ня цiкавiцца беларускiмi нацдэмамi. Два гады таму - так! Сталiн асабiста патрабаваў громкага нацдэмаўскага працэсу, з Чарвяковым на чале, дарэчы колiшнiм ягоным супрацоўнiкам у Нацыянальнай сэкцыi. Ня здраджу вам, калi скажу - Сталiн быў незадаволены беларускiм НКВД, як пагранiчным НКВД, i Бэрман хацеў нажыць сабе палiтычны капiтал на беларускiх нацыяналiстах. Ды Сталiна не ашукаеш - нацдэмамi Бэрман не адкупiўся. Зрэшты, наколькi я разумею, у Сталiна цяпер iншае на ўме. Сталiн хоча прымiрыцца з Гiтлерам. Але гэта ўжо па-за нашай тэмай. У справаздачы Маскве мы напiшам: адкрыты працэс нацдэмаў больш немэтазгодны таму, таму i таму, але што галоўка нацдэмаўскай арганiзацыi ўжо, падкрэсьлiваю, "ужо" абезгалоўлена, а драбнейшыя нацдэмы ўжо, падкрэсьлiваю, "ужо" прапушчаны праз Вярхоўны суд БССР i праз "Тройку" i што кара ў дачыненьнi да ўсiх дапушчана самая максымальная. Вось i ўсё. Гэта задаволiць Маскву. Паўтараю, нацдэмаўская справа больш неактуальная. Сталiн iграў на ёй, пакуль было актуальнае польскае пытаньне. Польшча для Сталiна больш ня iснуе. Ня iснуе i нацдэмаўскае пытаньне.

Бярэзiн уважлiва слухаў Цiмошку, хоць i ня надта разьбiраўся ва ўсiх тонкасьцях разважаньняў Цiмошкi. Але Бярэзiн быў задаволены, што, нарэшце, ён збудзе справу нацдэмаў, як самую незразумелую для яго. Папрасiў Цiмошку аформiць справаздачу для Масквы зараз-жа.