Па шчырасці, дык я сам напрасіўся ў Дзеўкі. На сваю бяду. Адсюль паходзіла бабка, маці маёй маці, была сякая-такая радня, і думалася, што каля блізкіх людзей будзе лепш, чым на чужыне. Пра кожную вёску ходзіць свая слава, добрая ці благая. Калі ўспаміналіся Дзеўкі, то пра іх звычайна гаварылі ўсміхаючыся:
— Калі яны дзеўкі, дык любяць замуж выходзіць...
Гаварылі і горшае.
— У Дзеўках есці не дадуць, а пераначаваць, калі ласка...
Але я, малады, лічыў такія гаворкі забабонамі, перажыткам мінулых дзён.
Вёска звычайная, саламяная. У яе агульным малюнку было нешта вясёлае, разухабістае. Дзве вуліцы крыж-на-крыж, і амаль у самым цэнтры, на выгане, паравы млын. Хаты і наогул уся забудова не мелі якога-небудзь пэўнага парадку: адна хата глядзела на вуліцу вокнамі, другая — глухой сцяной, у адзін двор можна зайсці проста з вуліцы, у другі — вузкім, адгароджаным правулкам, мінуўшы агарод, сад і хлявы.
Народ тут жыў неяк лайдакавата. Зямля не благая, і, каб урабіць яе як след, можна было б жыць з хлебам. Але аб ёй не дбалі. Галоўны клопат ляжаў у заработках. На пабочны промысел падаваліся ледзь не з кожнага двара. Па святах — іх у Дзеўках было вельмі многа — вёска гула песнямі. Выпіць і паспяваць тут любілі, кожнае свята цягнулася два—тры дні, і мне нават здавалася, што святы выдумлівалі спецыяльна.
Хлопцы фарсілі ў хромавых ботах з апушчанымі гармонікам халявамі і насунутымі на іх калошынамі штаноў, дзяўчаты — у пярэстых сукенках і лодачках. Абыходжанне хлопцаў з дзяўчатамі мне, таксама вяскоўцу, здалося залішне вольным, абразлівым, але ўсяму гэтаму тады я яшчэ не аддаваў увагі. Пры дзяўчыне тут маглі і мацюкнуцца і наогул не саромеліся непрыстойных учынкаў.
Калі толькі ехаў на працу ў Дзеўкі, думалася, што сур'ёзна займуся самаадукацыяй, паступлю вучыцца ў завочны тэхнікум. 3 першай палучкі купіў сабе гадзіннік і настольны каляндар, у якім распісаў заняткі над павышэннем уласнай адукацыі на кожны дзень. Ды нахлынулі справы больш неадкладныя. У дзевятнаццаць гадоў прыходзіць тое, што павінна прыйсці. Я закахаўся.
Тая першая восень маёй работы ў школе супала з пачаткам вялікай вайны. Германія напала на Польшчу, разгаралася полымя сусветнага пажару. Пра тое, што фашысты асмеляцца ваяваць з намі, у той час ніхто не думаў, але нейкая трывога ўсё ж навісла ў паветры. К заходняй граніцы ішлі эшалоны з артылерыяй, танкамі, войскам.
Я ж марыў аб вучобе, ведаў таксама, што праз год—два мяне прызавуць у армію, а пакуль што добрасумленна складаў канспекты па арыфметыцы, батаніцы і геаграфіі (я адразу вёў тры прадметы ў пятым класе), а вечарам, калі надаралася вольная хвіліна, бег на раз’езд к вячэрняму цягніку. Цягнік для мяне быў тады пасланцом з вялікага і шырокага свету, у якім ішло цікавае, незвычайнае жыццё, зусім не падобнае на тое, якое я бачыў у Дзеўках.
На раз'ездзе я і пазнаёміўся з Алесяй. Тоненькая, чарнявая дзяўчынка кожнае суботы злазіла з рабочага цягніка, трымаючы ў руках фанерны, пафарбаваны ў зялёны колер, чамаданчык. Аднойчы мне прыйшлося ісці поруч з ёй у вёску. Быў цёплы вечар, поле ахутаў змрок, у небе свяцілі чыстыя, асеннія зоркі.
— Баюся могілак, — сказала Алеся. — Дрыжу, калі іду паўз іх адна. Ведаю, што нічога страшнага на свеце няма, ніякай нячыстай сілы, а ўсё адно баюся...
Яна вучылася ў педагагічным тэхнікуме, на другім курсе, хоць была маладзей за мяне на два гады. Мы вельмі хутка, за нейкія лічаныя дні, сышліся ў поглядах на жыццё, у сваіх сімпатыях і антыпатыях. Мы любілі адны і тыя ж кнігі, адных і тых пісьменнікаў. Тыдні праз два пасля першага знаёмства я ўжо ведаў, што не магу без Алесі жыць.
Была яна, як дзіця: непасрэдная, шчырая, даверлівая і зусім не ўмела таіць сваіх пачуццяў. I хоць па адукацыі яна ішла вышэй за мяне (у іх тэхнікуме прайшлі ўжо прагрэсіі, адносіны і лагарыфмы, а я толькі планаваў іх вывучэнне ў сваім календары), героем у яе вачах быў я. Я ж ужо настаўнік, а яна толькі вучыцца!..
Восень у той год была цёплая, бабіна лета зацягнулася ледзь не да самага лістапада. Горад блізка, за дваццаць кіламетраў, і Алеся прыязджала дамоў па два, а то і тры разы на тыдзень. Я ведаў, што гэта дзеля мяне. Колькі было іх, незабыўных вечароў, калі мы марылі і цалаваліся!
Мары сягалі высока. Я развіваў перад дзяўчынай самыя смелыя планы, у ажыццяўленні якіх галоўнай дзеючай асобай рабіў самога сябе. То я экстэрнам канчаў тэхнікум і смела ступаў у вышэйшую навуку, рабіў пераварот у педагогіцы, то ішоў у армію, станавіўся камандзірам, здзяйсняў подзвіг, пра які пісалі ў газетах. Бясконцая чарга гераічных спраў была намечана ў тыя памятныя цёплыя вечары...