Выбрать главу

Кватараваць мне прыйшлося ў чужых. Мае гаспадары жылі неяк неўладкавана, неахайна, як цыганы. Сам гаспадар, кульгавы Міна, цяжкай работы рабіць не мог, з сям’ёй быў не ў ладах. Летам ён прападаў у шалашы, вартуючы калгасную капусту і буракі, а зімой — на ферме, начуючы і харчуючыся, як прыдзецца.

Гаспадыня, кабета гадоў за сорак, на мужа не зважала. Была яна бежанка, як гаварылі, з «мазуроў», любіла выпіць і павесяліцца. Хадзілі чуткі, што да яе заляцаецца брыгадзір пуцейцаў. Цішком пасмейваліся нават, што Міна бацька сваім дочкам толькі па метрыках.

Старэйшая дачка, Феня, працавала на наступнай за нашым раз’ездам станцыі буфетчыцай. К майму прыезду яна пратаргавалася, і гэта каштавала сям’і нямала — каб вызваліць Феню з бяды, прыйшлося неадкладна прадаваць карову. 3 гандлем Феня развітвацца, аднак, не хацела. У нашай школе сельпо арганізавала невялікі буфецік, і яна — як быццам нічога не здарылася — заступіла за яго прылавак. Гэта была мажная дзяўчына, з вялікімі, нібы здзіўленымі, вачамі і густа падведзенымі брывамі. Яна любіла паказаць сябе выхаванай і далікатнай.

— На дэсерт сягодня кампот з сухафруктаў,— гаварыла Феня, уваходзячы вечарам у маю бакоўку і ставячы на стол кубак звычайнага ўзвару з ігруш-дзічак.

Малодшая, Лёдзя, з твару падобная на бацьку, была за вучаніцу ў кравецкай арцелі ў горадзе і наязджала дадому рэдка. Трымалася яна незалежна, да старэйшай сястры і маці адносілася абыякава і часамі нават варожа.

Я жыў у сваіх гаспадароў, мала цікавячыся жыццём і парадкам, які панаваў у іх доме. А тут адбывалася нешта нездаровае, нешта часамі агіднае і брыдкае. У хату іншы раз прыходзілі незнаёмыя мне мужчыны. Яны паяўляліся заўсёды вечарам, прыносілі сваю гарэлку і закуску. Наладжваліся выпіўкі, і ў іх прымалі ўдзел маці і старэйшая дачка. Мужчыны аставаліся начаваць. Зачыніўшыся ў сваёй бакоўцы, я стараўся не звяртаць на гэта ўвагі, або, калі прыязджала Алеся, ішоў на спатканне да яе.

Кіно ў Дзеўках бывала рэдка, не часцей аднаго разу ў месяц, і калі прыязджала кінаперасоўка, карціну паказвалі ў школе. Два ці тры разы мне прыйшлося варочацца дамоў з кіно разам з Феняй. Яна старалася гаварыць на гарадскі манер, у голасе яе чуліся гуллівыя ноткі, і, нібы незнарок аступіўшыся, яна тулілася да мяне. Адзін раз паўраспранутая Феня зайшла да мяне ў бакоўку. Было позна, але я яшчэ чытаў. Я прапанаваў Фені кнігу, і яна, не сказаўшы ні слова, бразцула дзверцамі...

Гром грымнуў летам, калі я паехаў у сваю вёску на першыя, ужо запрацаваныя канікулы. Алесі дома не было, яе паслалі важатай у піянерскі лагер, і аставацца ў Дзеўках без яе не хацелася.

Я ліхаманкава рыхтаваўся да паступлення ў завочны тэхнікум. Паступаць меціў на апошні курс, каб скончыць вучэнне разам з Алесяй. У канцы тато лета мне прыслалі позву ў народны суд. У ёй я значыўся адказчыкам...

Пра гэта не хочацца ўспамінаць. Суд быў не адзін, іх было восем ці дзевяць. Ні ў які тэхнікум я не паступіў. Гарбаты Кокуль і хітрая Музыкаліха, сведкі, вельмі слушна давялі першаму суду, што я абяцаў Фені жаніцца, быў яе фактычным мужам і з’яўляюся бацькам яе дзіцяці. Суды ішлі з пераменным поспехам: то ў маю карысць, то ў карысць самазванай маёй жонкі. Справу павінна была разглядаць апошняя інстанцыя, Вярхоўны суд. Але пачалася вайна. У армію я пайшоў аліментшчыкам.

I ўсё ж самае горкае было не ў тым, што распушчаная, бессаромная Феня захацела мяне зацягнуць у сваю сетку. Ад мяне адвярнулася і Алеся.

Увесь наступны год я патраціў на суды ды яшчэ на тое, што рабіў усялякія захады, каб вярнуць каханне Алесі. I не вярнуў. Яна трымалася горда і непрыступна. Абраза, якая лягла ёй на плечы ў звязку з маімі судовымі справамі, аказалася мацнейшай за каханне. Былі ў мяне два моцныя саюзнікі — Алесіны бацька і маці — але не дапамаглі і яны. Яны ні на кроплю не верылі ў якую-небудзь маю віну. Алеся верыла...

III

Я чакаю Міну. Над полем, лесам, вёскай — урачыстае зорнае неба. Яно заўсёды супакойвае. Перад тварам яго бязмернай велічы з думак і пачуццяў знікае ўсё дробязнае, недарэчнае, усё тое, што можна забыць праз дзень або праз год. Нячутна ўпала, апісаўшы срэбную дугу, знічка. Высока, пад самымі зоркамі, праляцеў самалёт — рухомая чалавечая зорка. Паволі навісае туман, раецякаецца парнасць. Галасы і зыкі ў вёсцы сціхаюць. Я задрамаў.

Прачнуўся ад ціхіх крокаў і прыглушанага кашлю.

— Ці не ты гэта, Платоша?

— Я, дзядзька Міна.

— То чаму ж ты ў хату не зайшоў? Валяешся адзін на полі. Хіба ж мы табе чужыя, ці што? Хадзем хоць у курэнь, я агонь раскладу...