Выбрать главу

Янка Нёманскі

Рамэа і Джульета на Беларусі

I

Ясны марозны вечар даўно ўжо спусціўся на зямлю. Усё неба затрымцела сінімі, зеленаватымг, жоўтымі зорачкамі, якія, нібы вясёлыя вочы, падміргвалі адна другой і нашай цёмнай зямлі. Прыслухаешся, і здаецца, што чуеш, як спатыкаюцца праменні іх, падымаюць шолах у нязмерных абшарах неба, быццам ведучы таемную гутарку паміж сабою. Поўны месяц падняўся ўжо высока над лесам, абліў белае поле сіняю фарбаю, пасыпаў яго іскаркамі срэбра і алмазу, і на ўбраным у белую фату дрэве запаліў ружовыя, сінія, зялёныя агеньчыкі. Ціха на вёсцы. Толькі дзе-нідзе за ваколіцаю пачуецца скрып снегу пад саньмі, а потым на вуліцы зарагоча журавель над калодзежам, — то варочаецца з лесу і поіць каня спазніўшыся гаспадар. Уся вёска прытулілася на ўзгорку, агарнулася снегавою коўдраю і нібы спіць даўно, ніколі не прачыналася і не варушылася.

Клямка ў малых варотцах з двара Васіля Хлэмкі лёгка бразнула, і на вуліцы мігнуў цень, які хутка схаваўся на прызбе пад страхою. То была дачка Васіля — Алеся. Сеўшы на прызбу, яна азірнулася ў абодва бакі вуліцы. Але доўга ўседзець на месцы яна не магла: вочы яе то падымаліся к цёмнаму зорнаму небу, то ўглядаліся ўздоўж вуліцы, як толькі чуўся дзе-небудзь рып снегу.

«Няўжо ж ён не прыйдзе? Няўжо ён схлусіў?» — думала Алеся, і пры гэтай думцы, нягледзячы на моцны мароз, твар яе бялеў, а між брывамі залягала глыбокая маршчына. Перад ёю на другім баку вуліцы стаялі ўсе белыя ад шэрані бярозы, неба пела ціхімі галасамі мільёнаў зорачак, але павабнае хараство зімняе ночы не прыцягвала да сябе Алесі: здавалася, што вочы яе глядзелі ў глыб яе душы...

— Ай, хто тут?!

— Што, спалохалася, мая зорка? Не чакала мяне?

— Ах, гэта ты, Ясік! Не чакала я цябе? Дык чаго ж я тут сяджу?

— Ну, выбачай, выбачай, што запазніўся, — сказаў Ясь, сядаючы на прызбу побач з Алесяю.

Разам твар яе зачырванеўся, як спелая вішня, вочы заблішчалі, як зоркі на небе, і, прыхіліўшыся блізка да Яся, яна запытала:

— Дзе ж ты быў так доўга? Я думала ўжо, што не прыйдзеш, хоць і не хацелася мець у галаве гэтыя думкі.

— I не трэба мець яе ніколі, бо я толькі аб тым і думаю, каб быць заўсёды каля цябе, глядзець на цябе, цешыцца тваім хараством, тваёю ласкаю. Калі ж я не бачу цябе, то твой адбітак, як жывы, стаіць у маіх вачах, усюды ідзе за мною.

— Ясю мой, даражэнькі! Як рэдка мы бачымся з табою, як рэдка перакідаемся словам! I не сярдуй, мілы, што мне калісь надыходзіць у галаву дрэнная думка: ты мяне не кахаеш.

— Алеся, родная! Ці ж можна так казаць? Ты бачыш, што я ўсё адкінуў — веру, варожасць майго бацькі, наш звычайны шляхецкі гонар — і іду да цябе, толькі да цябе. Многа на свеце дзяўчат прыгожых, багатых, але такой, як ты, для мяне няма.

У небе запеў арган зорак, дыяментавыя агеньчыкі з зямлі, з дзерава пераліваліся ўсімі тонкімі фарбамі красулі і сваімі праменнямі цалавалі ў вочы Алесю.

— Каб заўсёды так, — прамовіла Алеся.

— Будзе, дарагая, заўсёды, — супакоіў яе Ясь.

— На сэрцы ў мяне, Ясю, бывае часта так цяжка. Пайсці ж да шлюбу з табою нам нельга, бо мы не аднае веры.

— Чаму ж не можам мы пажаніцца, цудоўная ты! Ці ж ты не пайшла б за мяне, хоць я і католікам лічуся?

— Ты ведаеш, што мой бацька — вораг католікаў, а твой — лічыць нас недавяркамі і мужыкамі. Дак дзе ж там у іх знойдзеш згоду? А без бацькоў, ведама, нічога не будзе.

— Ах ты, дзявочая душа! Не трэба напускаць смутку ў галаву. Я сягоння і спазніўся сюды, бо меў з бацькам доўгую і вострую гаворку. На змроку прыехаў ён з лесу і вось за вячэрай накіраваў гутарку на тое, каб ажаніць мяне. Ён прыпамянуў мне, што працаваць яму на лета ўжо будзе цяжка на старасці і што трэба, каб к вясне я быў жанатым. Тады я адказаў, што жаніцца не хачу, а калі бацьку так трэба, то няхай ён пашле сватоў да Васіля Хлэмкі. Бацька вытарашчыў вочы і доўга глядзеў на мяне, нібы не разумеў таго, што я сказаў. «Як да Хлэмкі? — запытаўся ён напаследак. — Ці ж ты не ведаеш, што ён недавярак? Не, гэтаму ніколі не быць». «Добра, тады я ніколі і не ажанюся», — адказаў я. Доўга бацька пералічваў мне знаёмых паненак-каталічак, хваліў іх пекнасць, іх бацькоў, але ўсё дарэмна. Урэшце, бачачы, што нічым ён мяне не ўломіць, згадзіўся. Заўтра прыедзем у сваты і зробім заручыны.

— Заўтра заручыны, заўтра? — ціха і сумна прамовіла Алеся.

— Што ж ты не рада таму?

— Не, не тое, Ясю. Як яшчэ скажуць мае старыя. Прыйдуць вашы сваты, а мой бацька і на парог іх не пусціць. У яго гонару таксама шмат.

— Ну дык вось што, Алеся! Мы зараз разыдземся, і ты сягоння скажы сваім аб сватах ад нас.