Выбрать главу

Вольга Іпатава

РАНІЦА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Раніца: Вершы — Мінск: Беларусь, 1969. — 80 с.

Рэдактар: П. Прыходзька

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

РАНІЦА

Адуванчык вялізны — сонца Вырастае з прыціхлай ракі. Зараз дзьмухне вецер спрасонку — Пырснуць промні ва ўсе бакі.
Туманы, як мядзведзі калматыя, Дапаўзаюць да лесу крадком, За нямытай, заспанаю хатай Аб даёнку цурчыць малако.
А зямля так даверліва, проста У сваім харастве паўстае, Што здымаю з ног «шпількі» вострыя: Незнарок не ўкалоць бы яе...

* * *

Глядзім мы рэдка ў сэрца глыбіню, Гаворым мала мы аб самым блізкім. Радзіма! Стаў табой упершыню Дзіцячы дом — майго жыцця калыска.
Да скону дзён забыць я не магу — Руінаў дым, натоўп за хлебам ноччу I крык: «Дзетдому ў першую чаргу!» — Хоць у людзей гарэлі смуткам вочы...

КАЛОЖА

Ад сонца засланіўшыся Далоняй, Хмурынай-хусткай атуліўшы плечы, Стаіць здаўна над Нёманам Каложа, Нібы мяжу пераступіла ў вечнасць.
Нібы калісьці дзеўчынай за горад Насустрач бегла верасам калючым, А потым, скамянелая ад гора, Ўрасла навекі ў нёманскія кручы.
Над ёю — цёплых ліўняў агарожа, За ёй — вякі, падзеі, далячыні. Стаіць здаўна над Нёманам Каложа Сівою беларускаю жанчынай.

* * *

О Аэліта, ты мая саперніца. Калісьці, абагнаўшы часу бег, Каханы мой дадому з Марса вернецца, Адчайна засумуе па табе.
Сцюдзёна вусны мае апаліць студзень, Загарам шчокі жнівень абпячэ, А ён у сне гадамі бачыць будзе, Нібыта казку, сінь тваіх вачэй.
А я ў расстанні смутак свой стрымаю, Тугой касою рукі абаўю. Пакіне дом наш песня незямная, Што марсіянкі па начах пяюць.
І ўсё ж аднойчы з далечы вялікай, Мне сэрца працінаючы наскрозь, Раздасца раптам голас Аэліты, I, пабялелы, страпянецца Лось...

* * *

Гасне ў цёмных зрэнках вокнаў вечар, Адпускаю я тваю руку, I імгненне падае у вечнасць, Быццам кропля падае ў раку.
Закалыша шэраг дзён звычайных, Шэрых, быццам сакавіцкі снег, I аднойчы успамін адчайна Зноўку мне душу ускалыхне.
Па цяпло, па ласку чалавечую Я, на ўсё забыўшыся, ўцяку, Каб адчуць: імгненне ўпала ў вечнасць Дажджавою кропляю ў раку.

МАІМ АДНАГОДКАМ

Не ўсё нам у свеце вядома, Мы ж дзеці гісторыі, творцы. Сябры і сяброўкі з дзетдому! Гэта пра нас гаворыцца!
Вы помніце? У інтэрнаце У цёплыя сны дзіцячыя Прыходзілі нашы маці, Якіх мы ніколі не бачылі?
Замучаныя — з канцлагераў, 3 магіл уставалі брацкіх, У сне нас пяшчотна лашчылі I ў нябыт вярталіся раніцай.
Саміх нас бацькамі сёння Завуць хлапчукі чубатыя, А мы усё бачым, сонныя, Тых, нежывых, нябачаных.
Крычаць нам з-за межаў адчайна: «Жыцця вы не знаеце сэнсу». А мы ж яго вывучалі Спачатку не розумам — сэрцам...

* * *

У космас — вось мара мая запаветная. Ды зямля не захоча пускаць мяне, ведаю.
Стане, як за дачку, баяцпа да ліхаманкі, Звязваць па руках і нагах маланкамі,
Шэрымі туманамі мяне ахутваючы... Праз усё прарвуся я, смелая, хуткая!
Самых гарачых набяру я зорак, На зямлю вярнуся рана, золкам,
I зоркі свае да апошняй Падарую кожнаму — кожнаму.
А каханы няхай не злуецца дарма: Для яго я зоркай стану сама...

* * *

Не маці ў інстытут праводзіла мяне, Зрабіўшыся ад шчасця маладой. Узрушана ў той вечар зазвінеў Каля вагона ўвесь дзіцячы дом.