Равеснікі... Скрозь восеньскае шкло,
Як праз сады, гляджу на іх з акна:
Не верыцца, што матчына цяпло
З дзяцінства адабрала ў нас вайна.
Не знаем мы, каля якіх бяроз
У горкім дыме гінулі бацькі.
Але навек адзін звязаў нас лёс,
Як ніткаю грыбной баравікі.
Не маці ў інстытут праводзіла мяне...
* * *
Ёсць у горада душа. Ды мы
Забываем гэта ў дзённым гудзе.
Ноччу задуменныя дамы
Пачынаюць гаварыць, як людзі.
Загудуць бязгучныя званы —
Ажываюць доўгія стагоддзі.
Горада далёкія сыны
На Каложу ценямі ўзыходзяць.
Падыду бліжэй. I да відна
Буду слухаць шэпт зачараваны.
Ды ўжо раніца. I цішыня
Ціўкнула струною абарванай.
А ў кватэрах гаспадараць сны,
I ніхто не ведае аб цудзе:
Ноччу задуменныя дамы
Пачынаюць гаварыць, як людзі.
РАНІЦА 22 ЧЭРВЕНЯ
Яшчэ нідзе нікога не чутно.
Усход ружовы пацяплеў ад сонца.
Бягу дадому па асфальце сонным,
У суседчына заглядваю акно.
Яна адна сядзіць каля акна.
Крычу ёй: «Цётка Ганна, добрай раніцы!»
Слязамі раптам маці заліваецца,
I ўсё не можа адказаць яна.
Стаю каля суседкі, быццам цень.
Ёй нехаця напомніўшы мінулае:
Дачка яе дадому не вярнулася
У сорак першым. У гэты ж самы дзень.
БАЦЬКУ
За акном марозныя ахаюць дзверы.
Мой маленькі пакой дрэмле цёплаю кошкай.
Ранак выкінуў мне на стол, як на бераг,
Папяровы улоў — навагоднюю пошту.
Дзень майго нараджэння сёння, ды толькі
Боль дзіцячы ў скроні стукае глуха:
Галасы вашы чую, сябры, на паштоўках,
А бацькоўскі голас мне зноў не паслухаць.
Разлучылі мяне з ім людзі суровыя!
Не прабіцца лістам маім — птушкам бяссільным.
Паміж намі маўчанне сцюжай зімоваю,
I шляхі, нібы дзверы чужыя, зачынены.
Можа кім-небудзь, бацька, забыта імя тваё
I з радні цябе хтось забывае упарта.
Я ж чамусьці усё хаваю прымятую,
Даваенную тваю картку.
ЗА АКНОМ ЗАЦВІТАЮЦЬ ВЯРГІНІ...
За акном зацвітаюць вяргіні...
Чуеш, нехта пастукаў, Аўгіння?
Страпянулася соннае цела —
Здаецца, птушкай туды паляцела б!
I сукенку шукае рука,
Ды бяжыць да дзвярэй дачка.
I адразу развейваюцца сны:
Гаспадар не вярнуўся з вайны.
Не пабачыў ніколі дачушку,
На руках яе не пагушкаў,
...Нібы камень, падушка...
* * *
Дол вясенні тонкія ільдзінкі
На світанні рэжуць, як нажы,
Красавіцкай ноччу невідзімкамі
Зноў прыходзяць цёплыя дажджы.
Пахнуць туманы старой аўчынай,
Ахінаюць белай прасціной
Раніцу у садзе над Дзвіной,
Сонейкам сагрэтую даліну.
Твар падставіла дажджу шчасліва я.
Не дзівіся ты, калі наўзбоч
Ля твайго акна я тапалінкай
Вырасту за сённяшнюю ноч.
* * *
Вечар чырвоным абрусам
На памытай падлозе гарыць.
«Ах, веюць над Беларуссю,
Веюць злыя вятры».
Кладуцца словы гаротныя
На сэрца далёкай бядой.
Колькі майму народу,
Столькі і песні гадоў.
Васількі мы у песні ўпляталі
I ў слуцкія паясы.
Цяпер бабуля спявае
I гладзіць мае валасы.
I я за ёй паўтараю
Замову часоў старых:
«О, хай над табой, мой краю,
Добрыя веюць вятры!»
ВЁСЦЫ
Я — толькі кропля у тваіх крыніцах.
Перад табой заўжды схілюся ніц.
Мне і цяпер гарачы подых сніцца
Тваіх духмяных звоккіх касавіц.
Як бохан хлеба, ты дала мне мову.
Яна — як росны золак на губах,
Дзе кожны склад, пявучы і вясновы,
Дажджом і медуніцаю прапах.