Выбрать главу
О вёска! Хай сягоння гарадская, Цябе, нібы дзяцінства, я люблю. Дзяўчынка хусткай журавам махае, З нагамі ўлезшы ў цёплую раллю...

* * *

Над Нёманам ранак разліў малако, I пахне туман сырадоем наўкол, I гулка б'ецца ў берагі Зялёнае, гнуткае цела ракі.
А вунь, нацягнуўшы ланцуг кароткі, Ірвецца ад берага нейкая лодка. Здаецца, вось-вось свой ашэйнік адкіне I мы паплывём з ёй у ранак сіні...

* * *

Людскі натоўп на мосце парадзеў, Але дрыжыць ледзь чутна мост каменны. Ад стомы, пэўна, бо цалюткі дзень Быў у вадзе сцюдзёнай па калена.
Замерзлі зоры ў сіняй вышыні I будуць падаць, падаць аж да ранку. Мой горад засынае. I звініць Адна Дзвіна нястомнай калыханкай...

* * *

Ліпнёвы поўдзень. На зямлі спакой. Аж парыжэлі верасы ад спёкі. Руды узгорак пад маёй шчакой Здаецца мне каровы цёплым бокам.
А сосны разамлелі ў цішыні. Адно ручэй звініць суцешным плачам. Я сплю, уткнуўшыся у шар зямны, Нібы дзіця ў падол прытульны матчын.

СНЯЖЫНКІ

Сняжынкі, як цікаўныя дзяўчаты, У карагодзе кружацца над хатай. Убачылі хлапчыну за фіранкай I просяць выйспі, пастаяць на ганку.
А выйшаў — ўсе паселі за сумёты. Адна над хлопцам кружыцца самотна. Да вуснаў дакранулася нясмела I знікла, бы ад сораму згарэла.

* * *

Першы снег, першы снег! Хто тут самы лоўкі і дужы? Распускаюцца белыя ружы Ад сняжкоў на кожнай спіне.
Як баяры, стаяць дамы, Берагуць каўняры свае новыя, I здаецца мне, па-вясноваму Пахне снег...
Чорнай кропкаю на страсе Верабей заскакаў у танцы. Мне дзяцінства тугія сняжкі нясе, Называе чамусьці настаўніцай.

ВІЛЬНЮСУ

О Вільнюс — рыцар на кані! Рукой схапіўся за аблокі. Набатам б'юцца ў цішыні На вуліцах вузенькіх крокі.
Гасцей тут столькі — колькі моў! Хто тут не жыў, хто тут не марыў! Тут беларус — прапрадзед мой Калісьці ўпершыню друкарыў.
І тут жыла — маёй крыві — Сястра вясковых нашых матак. Ты прагна кліч яе лавіў I кідаў кіпы пракламацый.
Зноў еду да тваіх людзей, Да старажытных вуліц вузкіх. Дзень добры, Вільнюс! «Laba dzjnas!» Ты ж у адказ — па-беларуску...

* * *

У полі канюшына пахне соладка, Здаецца, час спыніў свой вечны бег. Зямля ў расе халодная, як золак, I чыстая, як кропля на вярбе.
Чырвоны маладзік над гарызонтам З-за цёмных соснаў спакваля ўстае, I шчодра сыпле, сыпле жнівень зоркі На плечы адзінокія мае.

* * *

Як ты колешся, слова «сіротка!», З рук вывальваецца пірог. Нібы камень з чужых варотаў, Мне ляціць яно за парог.
Матчын голас уладны пачуўшы, Дзеці з шумам бягуць дамоў, I, ў халодную прызбу уткнуўшыся, Горка, горка раву я зноў.

* * *

Мужчыны ніколі не плачуць. Стане нясцерпна — ноччу Крыўды свае і няўдачы Ў далоні кладуць жаночыя.
А калі засынаюць дужымі На кволым плячы, Схіліся над тварам мужавым, Бязгучна замовы шапчы.
Жаночую ласку і шчырасць Не вычарпаць да дна. Ніколі не плачуць мужчыны, Шукаюць прытулку у нас...

ВОЗЕРА

Вецер з абрыва нырнуў за чаромхай, I, ап'янелы, паволі знямог. Ціха плешча бяскрайняе, роўнае Белае возера каля ног.