Сонцам духмяным наскрозь прагрэты
Бераг здаецца краем зямлі.
Рэха, з далечы сонечнай гэтай
Мяне яго голасам гучна пакліч.
Буду ад клічу таго я шчаслівая,
На сцежцы заросшай прымну траву,
Кінуся ў возера гэта імкліва я
I ўдалячынь паплыву...
ВЕЧАР НА НАРАЧЫ
Бы ў нерат, папалася сонца ў хмары
Цяжкою чырвонаю рыбай,
I апускаецца стомлена ў Нарач,
I робіцца Нарач рыжай.
Цікуюць сосны, стаўшы на цыпкі,
Як плешчуцца ў хвалях чырвоныя рыбкі.
* * *
Птушаняты на акрэплых крылах
У далёкі край цяпло нясуць,
Восень задуменна, над абрывам
Чэша светла-рыжую касу.
I ляціць па ветры павуцінне
Дзесьці за далёкае сяло.
Маладзіцы уздыхаюць ціха,
Кажуць: «Наша лета надышло».
I дзяўчатам на вадзе празрыстай
Хлопцы не пакінулі слядоў,
А плывуць па возеры маністы
Залатых вясёлых жалудоў...
* * *
Дзве мовы сталі блізкімі мне змалку,
У сэрца упляліся назаўжды.
Гучала калыханка — песня маткі —
Празрыстым звонам нёманскай вады,
Пявучым словам беларускіх вёсак...
А бацька — сын шырокае Акі —
Прынёс мне ў дар, як водгук сваіх вёснаў,
Расійскай мовы гучныя радкі. -
Зліваюцца славянскія вытокі
У рэчышчы адным, як і спрадвек.
Аднолькава і ў Гродна, і ў Растове
Гучаць: хлеб, соль і чалавек...
* * *
Беларусь, твая дачка я.
Зярнятка я, а ты — мая ралля.
Якой жа мовы ад мяне чакаеш
Ты, узрасціўшая мяне зямля?
Бывае так: Радзіму кіне проста,
Забудзе дотык матчынай рукі,
А перад смерпю хоць вады папросіць
Так, як вучылі некалі бацькі.
Без бацькаўшчыны панясе па свету,
Нібы з карэннем вырваны асот.
О Беларусь! З крыніц празрыстых, чыстых
П'ю простых слоў тваіх гаючы сок...
НА ПРАСПЕКЦЕ
На праспекце — напятай туга струне —
Вечар вібрыруе шумна і звонка.
I дзяўчаты ў белых сукенках мне
Здаюцца ажыўшымі рамонкамі.
Сягоння толькі я не іду ні з кім.
Набіта кнігамі новая сумка,
I мне адной у натоўпе людскім
Сярод усмешак ніколькі не сумна.
Лаўлю ўсёй істотай святочны шум,
Радуюся ўзорам рэклам чаканых
I думаю пра вершы, што напішу
Аб гэтых каханых...
* * *
Ты свет перавернеш, дужы і рослы,
А сэрца маўчыць, як птушка ў студзені,
Бо на світанні галінкай, мокрай ад росаў
Каханне ў маё акно яшчэ не пастукала.
I ўсё ж не забыць, на далёкіх шляхах
Другія знаходзячы рукі і вочы,
Таго, хто цябе ўпершыню пакахаў,
Адкрыўшы табе тваю сілу дзявочую...
* * *
Калі да цёмных вокнаў поўнач туліцца
I капяжы змаўкаюць каля хат,
Зноў пачынаюць гродзенскія вуліцы
Нячутна закаханых калыхаць.
Вядуць туды, дзе ліпы адубелыя
Страсаюць ў Нёман кропкі з мокрых рук,
Дзе моцна красавіцкай ноччу белаю
Кахання словы за душу бяруць.
Дзе рэха гулкае, нібы ў калодзежы,
Дзе мяккі плёс, як летняя трава,
Дзе сны на золку ранішнім Каложа,
Як птушак, выпускае з рукава.
Дзе, казкамі-легендамі павітая,
Расце, здаецца, сіла пачуцця,
Дзе Нёман — быццам сіняя арбіта
Не аднаго юнацкага жыцця.
ВЯСНЕ
Людзі спяць. А ты прыходзіш знянацку,
Ліўнем, быццам мятлой, змятаючы снег.
Я выбягаю з пакого.
Мне, як і табе, дзевятнаццаць,
I ўсё ж, вясна, ты — першая для мяне.
Ты дзёрзкая зараз: хвошчаш па сонных вокнах,
Горад мастамі горбіцца ў шэрым плашчы каменным,
А сустрэнеш, як я, хлапца сінявокага,
I станеш, нібы пралеска, пяшчотаю і нясмелай.
Ведаеш, будзе каханне вясновай завеяй,
Тысячай сонцаў калючых, сасновым пякучым веццем.
Толькі я буду ўсё ж шчаслівейшай:
Не астудзіць каханне маё халодны восеньскі вецер.
А ты сцюжы баішся, вясна...