Даруйце, суджаныя, нас
За ўсё, што часам робіцца.
Яшчэ пакрыўдзімся не раз,
Як здасца вам, з-за дробязі,
Што мы дасюль яшчэ дзічкі,
Галінкі паламаныя,
Што адарыла нас вайна
Адной на трыццаць мамаю.
* * *
Князёўнаю Полацкаю пачаты,
Той шлях па гісторыі — тонкая нітка.
Ішлі беларускія нашы дзяўчаты
Па мудрасць, па веды, нібы па здабытак.
Здаралася гэта не часта, не часта:
Фаліянты старыя, прымоўклыя важна,
Як скарб, дзе не сем, а паўсотні пячатак,
Дзявочыя рукі трымалі адважна.
Праз зайздрасць, праз плёткі, праз гора — трымалі!
Адна адной праз гады аддавалі.
I ўпляталіся галасы іх няскорапыя
У тваю, Беларусь, гісторыю.
Скупыя імёны — за вамі — здзекі,
Сухоты заўчасныя, горкая праца.
...Ідзе студэнтачка маладзенькая,
На «ты» размаўляе з Гарацыем.
Як прагна ў яе ўглядаюцца тыя,
Зарана памёршыя, маладыя!
Дзяўчаты тыя, што на Купалле,
Апякаючы сэрца, кветку шукалі.
* * *
Застылі каструлі, як каскі жалезныя:
Як у галоўнае ў жыцці,
Бяжыць жанчына ў краіну Паэзію,
Не паспеўшы часам касу заплясці.
I кінуты дом змаўкае ў дакоры,
I ходзіць свякруха — вастрэй ляза.
Бяжыць жанчына ў вершы, бы ў мора,
Мужыку не паспеўшы слова сказаць.
Ах, як ён не любіць —
прыжмурыўшы вейкі
I стаўшы на момант мудрэй за старых,
Яна праз яго ўглядаецца ў нейкія
Адной ёй даступныя толькі віры.
Не раз ірванецца рэўнасць ляшчынаю,
Па сэрцы пе раз яе стукне ізноў.
...У краіну Паэзію ўходзіць жанчына,
Ідзе па пякучых снягах басанож.
МАЧЫХА
Чужая жанчына бачыцца ў снах.
Я толькі цяпер разумею,
Чаму мне на сэрца сцюдзёнай завеяй
Штодзень ападала яна.
Чаму мне выкручвала душу бязлітасна,
Нібы да кроплі апошняй бялізну,
I адбірала ў бацькі мяне,
Калі ён раптам мяне прыгарне?
Усё ува мне — ад жанчыны другой,
Рана памёршай, яму дарагой.
Ен аднойчы, як злоўленую буслянку,
На руках мяне нёс у зямлянку.
Усё жыццё трымаць сваё сэрца зацятым,
Калі ўходзіш у дом да чужога дзіцяці,
Мудрасці ёй не хапіла —
Яна таксама любіла.
О барацьба адвечная за мужчыну!
Дачкі за бацьку. Маці за сына.
Жонкі — за месца ля плячэй мужавых,
І хтосьці адзін адыходзіць прымушаны.
ПЕРАД КАСАВІЦАЙ
Аб косы вострыя вецер рэжацца
I ціха звокіць у іх канцы.
I засынаюць ужо, нарэшце,
Што з вечарынак прыйшлі, хлапцы.
А за сялом перад блізкай ростанню
Аж маладзік гаварлівы сціх,
На цыпкі ўсталі травінкі росныя,
Нібы ўсё цягнуцца падрасці.
А звякнуць косы ранка акордамі —
Схіляюць голаў свой нехаця.
Ні з кім не хочуць дзяліцца, гордыя,
Нястрымнай прагаю да жыцця.
НОЧЧУ
Сіняю ноччу, вясноваю ноччу,
Каханне па гораду ўпэунена крочыць
I да ўсіх капяжоў гаварлівых
Далоні ружовыя цягне, шчаслівае.
I твар, каб застацца заўжды маладой,
Абмывае дзяўчына вясновай вадой, жывою вадой...
А вокны глядзяць раўнадушна і цёмна,
Смяюцца з жыцця, што бурліць нястомна.
Ведаюць вокны, што праз гады
Застасцца рэдка хто маладым.
Рэдка хто ў сорак гадоў пабяжыць
Лавіць вясновыя капяжы
Ці будзе, як у дваццаць,
Жыццёвых нягод не баяцца.
Ведаюць вокны людскую радасць і гора.
Горад мой, горад!
Вуліцы, з дзяцінства мне дарагія,
Я ведаю — ёсць у вас вокны другія,
Якія цёпла свецяцца ў непагадзь,
Якія заўсёды чакаюць некага,
Якія вераць, што, вечныя, ноччу
Маладосць і каханне па гораду крочаць.