* * *
Не гавары, што стала я няветлівай,
Адсюль з табой паехаць не прасі:
Мяне з дзяцінства радасна-даверліва
Зачаравала нёманская сінь.
Тут адплывала ўпершыню ад берага,
Як едзе ў кругасветны рэйс матрос.
Тут столькі раз Калумбавай Амерыкай
Здаваўся звонкі супрацьлеглы плёс!
Я тут была то хваляю капрызнаю,
То светлай кропляй, рыбкай ў глыбіні,
I мой характар, ўпарты і няўрымслівы,
З сабой навечна Нёман парадніў.
Не гавары, што стала я няветлівай,
Адсюль з табой паехаць не прасі:
Мяне з дзяцінства радасна-даверліва
Зачаравала нёманская сінь.
* * *
Здаецца, такая кволая
Рука ў маленькай жанчыны,
А вось змясціла адразу
Дзве ножкі ружовыя сына.
I ўсё ж забываюць многія,
Пакідаючы сем'яў улонні,
Першы свой старт жыццёвы
Маміны далоні...
* * *
Загарэлыя, вясёлыя,
Чорным морам наскрозь прасалёныя,
Вечарамі танцуем твісты і ча-ча-ча.
А па начах
Прыходзіць роздум і канчаюцца сны.
На досвітку ад хваляў гудзяць валуны.
Адна на пляжы медуз палохаю,
Што ў вадзе застылі, як шкло.
...Мараю светлаю і далёкаю
Усё жыццё ты, мора, было
Для вясковага дзеўчаняці —
Маёй маці.
Уздымалі яе арэлі
Вышэй за вясковыя стрэхі,
I, ніколі марскіх не бачыўшы хваляў,
Чамусьці на мору яна сумавала.
Была б ты зараз, мама, жывая...
Мне ж мора цудаў не адкрывае.
Можа, лічыць, што сэрца ў мяне раўнадушнае?
А можа, так яно і сапраўды?
Хаджу штодзень я каля паэзіі,
А лічу, што іду ля салёнай вады.
Што за казку хацела ты ў мора пачуць?
Я паслухаць яе так хачу.
Хаджу да мора, у здагадках нямею,
А слухаць яшчэ не умею...
* * *
Нам даецца мудрасць вопыту нялёгкая:
Вучаць нас матулі, цёткі, нібы лёкаі.
Мы ж рукой на ўсё махаем недаверліва:
«Я сама ўсё ведаю! Я сама ўсё ведаю!»
I разводзяць цёткі старыя рукамі,
I глядзяць, як мы аб тыя ж б'ёмся камні.
I гавораць толькі: «Не, не перайначыцца,
Покуль досыць з бед уласных не наплачацца».
ВОЗЕРА
Я тут свая. I велічнай сасною
Мне гнеўны бор не стане на шляху.
I кожным ранкам, возера лясное,
Я на сустрэчу да цябе бягу.
На шызых вёслах кроплі, як чарніпы.
Празрыстая вада да чарнаты.
Як вартавыя, на тваіх граніцах,
Падняўшы пікі, сталі чараты.
I розных крыўд забыўшы недарэчнасць,
I непатрэбных спраў штодзённы гул,
Гарэзная і вольная, як рэчка,
Я кожным ранкам да нябе бягу...
КАЗКА ПРА ДУБ
Сасватала ўсё ж вясёлка
Капрызную за дубка.
Ды аказалася ў ёлкі
Надта шурпатай рука...»
Сон кладзецца на вейкі,
Хораша на душы.
«Любы, скажы мне што-небудзь,
Казку мне раскажы».
А ён усміхнуўся хітра
I пачынае здалёк:
«Калісьці ў дрымучым лесе
Жыў асілак-дубок.
Ды закахаўся ён раптам
У ёлку — суседку сваю.
Яшчэ і сягоння асіны
Аб той прыгажуні пяюць.
Клёны з усёй аколіцы
Слалі да ёлкі лісты.
Ні з чым ад яе вярталіся
Вятры — ліхія сваты.
* * *
Упершыню вачаняты свае адкрывае
Дзіця павольна, нібы нехаця.
I да болю пранізвае адчуванне
Вялікай цаны жыцця.
Яго, ружовае, безабароннае,
На рукі табе даюць: «Трымайце!»
I дзяўчо учарашняе дарослаю робіцца,
Становячыся раптам маці.
Дзёрзкая модніца ўчарашняя
(Ёй словы высокія — востры нож)
Становіцца маці, што пойдзе бясстрашна
Па дроту іржаваму басанож...
ГРОДЗЕНШЧЫНА
Над зямлёй — спелых яблык духмяны разліў.
Мне б упасці, уткнуўшыся тварам у жоўтае лісце.
Вочы поўніць пяшчота да гэтай зямлі,
Вусны поўніць прага да гэтай зямлі,
Сто разоў расстралянай і тысячу збітай калісьці.
Навісалі касцёлы над ёй, нібы груганы.
Выразалі, як хлеба акраец, яе з Беларусі,
I тапталі не раз і свае, і чужыя паны,
Каб забыць сваё слова, свой гонар і славу прымусіць.
А яна, непакорная, ўсё паднімалася зноў,
Галавы не схіляючы перад чужынцам ніколі,
I расціла, і ўкладвала ў душы сыноў
Сваю прагу да шчасця, да лепшае долі.