* * *
Нёман, пад ільдом крыштальна-сінім
Моц надзейна схована твая.
А вясной, паспрабаваўшы сілы,
Мусіць, разальешся утрая.
Мне ж - не раскаваць ніколі сэрца,
Мне ж - трымаць сябе усё жыццё.
А пад лёдам раўнадушна б’ецца
Упартае, жывое пачуццё...
* * *
Хаваюцца ў сіняй далечы
Канцы і пачаткі вякоў.
Не ўбачыш, адсюль выглядаючы,
Скрыжаванні ўласных шляхоў.
Не знаеш, чые дарогі
Увойдуць у лёс як працяг,
Не выкрасліш памяццю строгай
Ніводнай сустрэчы з жыцця.
Не абарвецца ніводнага
Легкадумнага ўчынку ніць.
А за памылкі даводзіцца
Так доўга і цяжка плаціць...
ЖНІВЕНЬСКАЙ НОЧЧУ
Памяці Антона Савіцкага, першага сакратара камсамольскай арганіза-цыі Забалацкага сельсавета, і забіта-га бандэраўцамі ў 1948 г.
Жнівеньскія ночы — трывожныя, зорныя,
Пахнуць косы дзяўчат вадою азёрнаю,
I матулі шчыльней зачыняюць дзверы,
Пахне аерам...
Чаму ж ты хлапчыну гэтага, ноч, не ўберагла?
Пад ім зямля папалам з крывёй ліпкая, як смала,
I неба, перад світаннем шэрае, кружыцца ў вачах,
I цені, чорныя цені, здаецца, нешта крычаць.
Ды не, не крычаць — баяцца
ружовай раніцы цені.
«Падыміце яго,— гавораць, — пастаўце яго на калені.
Хай перад смерцю памоліцца камсамолец».
У садах вільготныя яблыкі, шызыя ад расы,
Пахнуць мятай і верасам у дзяўчат валасы.
Праз гады я ім, семнаццацігадовым, крычу
Кожнай жылкай сваёй: «Па-мі-раць не ха-чу-у!»
Толькі не — не крычу — ён тады ж не крычаў.
Адбіваўся світанак у сініх вачах.
I ў паветры апошняе слова дрыжыць:
«Я памру, але будзе улада савецкая жыць».
НА ВУЛІЦЫ ЗАМКАВАЙ
Калі дождж палошча вуліц улонні
I вісіць адзінотаю ноч на душы,
Захінайся хутчэй ў дарагую «балонню»
I на вуліцу Замкавую спяшы.
Тут нікога не будзе — аўтобусаў тлумных
I прахожых цікаўных, — тут ніхто не жыве.
Толькі ходзіць ля сцен старажытных бясшумна
Побач з векам дваццатым трынаццаты век.
Хай кране цябе вечнасць далонню шурпатай,
Голас продкаў далёкіх ў цішы прагудзе,
I чамусьці адразу з душою крылатай
Крочу з вуліцы Замкавай да людзей.
ЛЕС
З аўтобуса-кошыка сыплемся мы, як арэхі,
I, расправіўшы плечы, глядзім зачарована: «Лес!»
А з-за соснаў цікуе пярэстае гулкае рэха,
Як даверлівы, з цёплаю пысай алень.
Я падам яму руку і моўчкі пайду без дарогі.
Будуць падаць на плечы, нібыта сузор'р, лісты.
I старая яліна, як маці, трывожна і строга
Запытае: «Са шчасцем ці з горам сюды?»
Я схілю галаву да каленяў яе заімшэлых,
Ціха споведзь пачну пра сумленні і ўдачы ў жыцці.
I захочацца раптам павечна ў лясны гэты шэлест
Хоць калючай сасонкай праз леташні мох прарасці...
* * *
Каму патрэбна поле, што прыгожаю ўспыхне сурэпкай?
Усе ад зямлі чакаюць жытніх калоссяў густых.
Мы ўсе у каханні шукаем — а толькі знаходзім рэдка —
Звычайнай, самай звычайнай чалавечае дабраты.
Бывае — жыве ў доме мужчынская ласка і шчыраспь,
I час хадою няспешнай над хатнім спакоем ідзе.
I толькі нікому не скажа, ніколі не скажа жанчына,
Як холадна ёй і няўтульна у цёплым яе гняздзе...
* * *
Больш са мною ніколі такога не будзе —
Не паўторыцца двойчы нішто на зямлі.
Аб сустрэчах кароткіх, нібыта аб цудзе,
Мне напомняць — уколюць галінкі ялін.