Выбрать главу
Я трымаю ў далонях галінку тугую: Не кранай толькі сэрца, лепш рукі ўкалі! Што ж рабіць, калі я па тых стрэчах сумую I па тых, што не вечна нішто на зямлі...

* * *

Так бывае ноччу вераснёвай: Туман на бераг голаў пакладзе, I ў трыснягах трывожна і вяснова Шчупак заплешча раптам па вадзе.
Сарвецца з плыні цішыня таропка, Здалёку крыкне кнігаўкай: «Піць-піць», I доўга будуць з сонных елак кроплі У Нёман, як у гулкі бубен, біць.

* * *

Што такое каханне? Цяжка мне На пытанне адказваць гэтае. Кожнай жылкай сваёй цягнешся Да вачэй яго, сонцам сагрэтых.
Сэрца сціснута ў камень балючы, А ідзеш да яго вясёлая, Злыя плёткі, як дрот калючы, Разарваўшы рукамі голымі.
I надзею згубіўшы зыбкую, Ад тупога адчаю старэючы, Назаўжды з ім аднойчы разыдзешся, Дараваць яму не смеючы...

* * *

I вясёлая, і прыгожая, А заўсёды адна чаго ж яна? Хлопцы ходзяць за ёю спраўныя, А кахання няма сапраўднага.
Ёй бы зоркай быць каля месяца Ці вярбою над возерам звесіцца. Ды нашто сваёй ласкай, усмешкамі Раскідалася, як арэшкамі?
Адзінокая, стыне зорачка... Да каго прыхіліцца ёй горача, Разабрацца, калі паклікае Пачуццё непустое — вялікае?

* * *

Ноч, як хлапчук, па ільду канькамі скрыгоча, А сон у пакрй мой ісці ўсё не хоча. Бяроза Снягуркай ля ганка стала — Мой сон, нарэшце, закалыхала.
Цішыня, як струна, уздыхае: «Дзінь-дон», I скрыпіць у кашлі стары наш дом. Успамінаю чыесьці крокі... Ці не твае, мой далёкі?

* * *

Ёсць у Гродна вуліцы, нібы гаі птушыныя: Перапляліся кроны ў вышыні. I ездзіць тут начамі старажытнасць Па вышчарбленым бруку на кані.
Стаяць дзядулі — сівізна на скронях,— Як варта, каля замкавых байніц, Нібыта ў Нёмнавым блакітным звоне Далёкае юнацтва іх звініць.

НА СПАТКАННІ

Гатова стрэлка скокнуць да васьмі. Агні ў асфальце мокрых вуліц плешчуцца. Бягу, хаця заняты ўжо людзьмі Пад дрэвамі усе сухія плешыны.
Халодны вецер злосна хвошча нас, I сыпле ў твары жоўтым лісцем восень. А ты чамусьці кажаш, што вясна Прыйшла к табе сягоння роўна ў восем...

* * *

Я з лекцыі бягу на трэніроўку. Пасля заняткі, кнігі дапазна. А побач ўсміхаецца сяброўка, А у вачах яе — вясна-вясна.
Ды не сумую я — калі расплешча Вясна зялёны водар на палі, I да мяне падыдзе самы лепшы, Прыгожы самы хлопец на зямлі.

СУСТРЭЧА

Не за табою няўцямна кідаюся. Мне ж не патрэбна ніякіх прыгод. Бягу за лодкай у чаромхавых зараслях, Што плыве праз мой семнаццаты год.
Ты там цалаваўся са смешнай дзяўчынкай, I ў белай сукенцы, у нейкім вянку,— Што тады была гэткаю чыстай і шчырай, Як не быць ёй ужо на сваім вяку.
Рэдка збоку сябе, пасталеўшы, бачым мы. Па жыццю лягчэй бяздумна прайсці. Адплываюць гады, як лодка рыбачая, 3 тым, што спраўдзіць хацелася ў жыцці.
...Не за табою няўцямна кідаюся. Жыццё, тую хвілю на момант вярні! Сустрэцца б з дзяўчынкай у чаромхавых зараслях, Павучыцца ў яе чысціні...