Выбрать главу

Анатоль КАЗЛОЎ

РАСХРЫСТАНАСЦЬ, АЛЬБО ДАЛОНЬ НА ПЛЯЧЫ

Аповесць

«Ён ваяваў пяцьдзясят гадоў. Няспынна. Штодзённа і штоночна ён вёў вайну паўстагоддзя.

Наступленні змяняліся ганебнымі ўцёкамі і хвілтнымі замірэннямі, але міналі шчаслівыя гадзіны перадыху, і ён зноў кідаўся на цёмныя куточкі ў сваёй душы.

Так, Хацейка ваяваў сам з сабою. Да поўнай знямогі і атруты крыві ў целе. Ён нішчыў у сабе маленькага чалавечка: дробнага і мярзотнага зайздросцу, ліслівага і палахлівага мураша, гнюснога паклёпніка і хцівага задаваку. Але ж, нягледзячы на кволасць маленькага ворага, які, здавалася, вось-вось акалее ў магутным целе, — пяцьдзясят гадоў нічога не атрымлівалася ў Хацейкі. Ды, крый Божа, калі б хто-небудзь перамог з варагуючых бакоў, то адбылася б непапраўная трагедыя з камічным фіналам. Хацейка ў такім выпадку вымушаны быў бы пайсці на пахаванне самога Хацейкі.

Не больш і не менш. Хаўтуры па самім сабе не кожны здольны вытрымаць і не з’ехаць з глуздоў. Дык навошта ж Хацейку вайна? Няспынная, штохвілінная і бясконцая? Адказ да прымітыўнасці просты: Хацейку патрэбна вайна — каб жыць. Жыць у суладдзі з самім сабою. Парадокс?.. Не!»

Вірун адарваў позірк ад закопчанай сцяны паўразбуранай пабудовы і прысеў у супрацьлеглым кутку. Тэкст быў напісаны звычайнай крэйдай. Почырк невядомага аўтара падаваўся няспешным і акуратным. Па-дзявочы ахайным. Толькі дзіўнаватым здавалася тое, што для празаічнага практыкавання чалавек абраў такое непрыдатнае месца. Ну, няхай бы ён напісаў: «Вася + Каця = любоў», але ж невядомы замахнуўся на філасофскае абагульненне жыцця нейкага Хацейкі. Што аўтар намерваўся гэтым акрэсліць? Ды і ўвогуле, навошта пераводзіў крэйду і марнаваў час у закінутай і паўразбуранай двухпавярхоўцы на ўскрайку Мінска?

Вірун выпадкова сюды забрыў адным восеньскім надвячоркам. Пасяліўшыся ў новым мікрараёне сталіцы, мужчына захацеў уведаць усё наваколле, каб пачувацца больш разняволена і звыкла. Не адчуваць сябе сіратою сярод аднолькавых шэрых будынін спальнага раёна яму дапамагала вечаровая прагулка па лапіках узлескаў, якія па незразумелай прычыне пакінулі будаўнікі, а таксама швэнданне па старых, закінутых бараках прыгараднага пасёлка. Што тут размяшчалася, Вірун і па сёння не ведае. Звычайна, адпрацаваўшы паўнюткі дзень у сваёй канторы, дабраўшыся на метро дадому, ён хуценька перакусваў і, пераапрануўшыся, выбіраўся ў вандроўку. Няхай і ў недалёкую, у нечым прымітыўную, але вандроўку на пару гадзін. Тут мужчына адпачываў ад абрыдлага шматлюддзя і гарадскога шуму. Ходзячы па ўзгорыстых пустках ды лагчынках, зазіраючы ў пакінутыя ды расхрыстаныя вятрамі баракі, Вірун мякчэў душою і да болю ў сэрцы разумеў простую ісціну: усё навокал хуткаплынна ды зменліва. Нічога ў прыродзе, а тым больш у жыцці, нямя нязрушанага. Кожны пражыты дзень — гэта адарваны пялёстак ад кветкі жыцця. Набліжэнне да непазбежнага. Некалі ён хваравіта баяўся такіх думак, стараўся не ўзбівацца на іх. Усялякімі хітрыкамі прымушаў сябе разняволена пасміхацца над сабою ж. Маўляў, менш думаеш — даўжэй жывеш. Будучы па натуры самотнікам, Вірун стараўся для навакольных выглядаць закончаным аптымістам. Праўда, ці ўдавалася яму гэта, — ён дакладна не ведаў. Двойчы ажаніўшыся і двойчы развёўшыся, мужчына вырашыў: сямейнае жыццё не для яго. Яму ўвесь час хацелася бескарыслівага, шчырага і даверлівага кахання, а яму падварочваліся ўладарныя і зайздросныя сябровачкі... А мо яму так здавалася? Толькі ж і па сёння Вірун ні разу не пашкадаваў, што ціхамірна разбегся з заручонкамі. Не перажываў ён і за дзяцей, якіх не было ні ад адной з жонак. Навошта пладзіць жабракоў? Планета і так перанаселена! З ім не згаджаліся, спрачаліся ды прыводзілі сотні довадаў на карысць малых карапузаў. Але Вірун заставаўся пры сваім меркаванні: ніякіх дзяцей. Не, у яго самога было прыстойнае дзяцінства. Наконт гэтага комплексаў аніякіх не павінна існаваць у ягонай свядомасці. Не хацеў Вірун нашчадкаў — і ўсё тут. Магчыма, нехта бачыў у гэтым прычыну разводаў даволі прывыбнага і нічым не абдзеленага Богам мужчыны. Вышэй сярэдняга росту, цёмнавалосы і стройны дзяцюк часта лавіў на сабе позіркі згаладалых па ласцы і цеплыні кабетак-сараковак. Асабліва ў метро, дзе добрае асвятленне і шчыльная, часта занадта шчыльнае суседства між пасажырамі. Іншым разам нават да непрыстойнасці цеснае. Такое, што адчуваеш біццё сэрца суседа і здушлівы пах спрацаванага за дзень арганізма. Але, як кажуць вастрасловы: калі не падабаецца грамадскі транспарт, то едзь на таксоўцы.