Вось і ягоны паверх. Вірун не паспеў як след памаралізатарыць ды паўшчуваць на часы і норавы. Дзверы расхінуліся, і ён каля сваёй кватэры. Лёгкі паварот ключа шчаўчок замка, і мужчына, нарэшце, у сценах жытла. Адгароджаны ад усіх і ўсяго. Дома чыста, суха і ўтульна. Моніка-Моня звыкла сядзела ў мяккім фатэлі і пазірала ў напаўзанавешанае акно. Пакуль не ўключыў святло, Вірун бачыў толькі сілуэт.
Але вось успыхнула бра ў вітальні, і дзяцюк агарнуў цёплым і лагодным позіркам вытанчана-маўклівы твар сваёй жанчыны.
— Прывітанне, Моніка! Вось я і дома! Не вельмі засумавала адна? Крыху затрымаўся, ты ўжо даруй, шаноўная. Прайшоўся па наваколлі. Ведаеш, наўкол такая самотная прыгажосць, што аж сэрца млее ад замілавання. Не стамлюся паўтараць, як люблю я восень з яе дажджамі, з пахамі прэлай лістоты і адцвілай квецені. Восень прымушае думаць пра вечнасць і хуткаплыннасць жыцця, пра няспраўджаныя надзеі, адзіноту, якую кожны хавае ў глыбіні сваёй душы. Адзінота і чалавек — неад’емныя паняцці. Хтосьці ўцякае ад яе ў вясёлыя і гаманкія кампаніі з выпіўкай ды музыкай. Звычайна так робяць не спрактыкаваныя яшчэ маладзёны. Яны не разумеюць пакуль, што адзінота — найпатрэбнейшая частка жыцця. Ад яе нельга пазбавіцца, яе трэба прыняць у самім сабе, нават палюбіць. Інакш, калі ўцякаеш, яна помсціць значна балючай, заганяе ў дэпрэсію... Ды што я табе балбачу пра адзіноту? Ты ж сама, Моніка, мая дарагая Моня, паспытала яе на сабе. Ведаеш, што іншым разам адзінота — найлепшая сяброўка ў тлумным свеце. Верны сябра, дарадца і памочнік. Бо добрае і важкае заўсёды нараджаецца ў адзіноце ды самотнасці! Калі прасветленасць, што нахлынула, ніхто не палохае, ніхто не дакучае. Але, гамонкай сыты не будзеш. Хутка будзем вячэраць. Пачакай з дзясятак хвілін, пакуль разагрэю стравы. — Вірун за гэты час паспеў пераапрануцца ўжо ва ўсё хатняе. Ён адчуваў, як мышцы ног і паясніцы гулі прыемнай стомай, а да твару, у хатняй цеплыні, прыліла кроў, і шчокі, лоб, падбародак паружавелі і лёгенька пашчыпвалі. Памыўшы рукі, мужчына патупаў на кухню, адчыніў лядоўню і выняў адтуль прыгатаваны харч. Вірун звычайна займаўся на варыльні па суботах. На цэлы тыдзень наперад ён смажыў катлеты альбо курыцу, варыў суп у вялікай эмаліраванай каструлі, прыдумваў нейкі гарнір да другіх страў. Дзецюка ніколькі не напружваў такі занятак. Яму нават падабалася эксперыментаваць пры гатаванні з мясам. Ён іншы раз спалучаў пры смажанні свініну з вельмі ж на першы погляд неспалучальнымі прадуктамі. І як на дзіва, заўсёды ўсё атрымлівалася надзвычай смачна. Рэдкія госці не пераставалі здзіўляцца кулінарнаму майстэрству гаспадара кватэры. Вось і цяпер, кінуўшы на патэльню пару катлет і тушанай спаржавай фасолі, мужчына шчоўкнуў уключальнікам ФМ-радыё. Ягоны любімы радыёканал — «Мелодыі веку». Віруну падабаўся няспешны і ненавязлівы музычны фон, які існуе, быццам вакольнае паветра, незаўважна.
— Вось усё і гатова, — выгукнуў мужчына з кухні. — Я цябе прынясу, і будзем вячэраць. Толькі твой табурэцік лацвей пастаўлю да сцяны. Трэба нешта лепшае прыдумаць. Нязручна табе, Моніка, на такім седале. Не забыцца б прыгледзець у мэблевай краме больш утульнае ды зручнае крэсліца. Ты як думаеш? — На поўны голас гаманіў Вірун, пераварочваючы катлеты. — Я ведаю, што будзеш не супраць. На наступным тыдні, падчас абедзеннага перапынку, зазірну на Камароўку. Казалі, што там даволі нядрэнны мэблевы магазін. Раптам пашэнціць. — Мужчына выключыў канфорку на газавай пліце. Парэзаў на сподачак пару гуркоў са слоіка, накраіў некалькі лустачак хлеба, не забыў наліць і шклянку кефіру. — Усё, усё, дарагая, іду па цябе. — Гукнуў дзяцюк з кухні і, цірнуўшы ручніком, што вісеў ля ракавіны, жвавенька пакрочыў у залку-спаленьку сваёй аднапакаёўкі.
— Бачыш, як я ўсё хуценька зрабіў, — пахваліў сам сябе Вірун. — А цяпер падсілкуемся. Дужа я згаладаўся. Прагулка апетыт наганяе. Шкада, што ты не хочаш далучыцца да мяне. Але, так-так, праўду гаворыш, нязвычна будзе глядзецца наша пара. Хаця, якая нам справа, што падумаюць і скажуць пра нас стрэчныя. Ні мы іх не ведаем, ні яны нас. А калі б і ведалі, то якая нам розніца? — Мужчына асцярожна ўзяў на рукі Моніку-Моню і, нібы малое дзіця, панёс на кухню. — Вось тут асцярожненька, каля дзвярэй, — прыгаворваў ён. — А цяпер павернемся бачком. Яшчэ пару крокаў, і мы на месцы. Так, дарэмна вельмі блізка пасунуў да сцяны табурэцік. Я яго нагой адсуну. А то яшчэ звалішся ды грымнешся аб падлогу. Недарэчна будзе глядзецца. Канешне, пакалечыцца ты, Моніка, не пакалечышся, а драпіны на целе могуць застацца. Навошта нам лішнія клопаты ды праблемы? Вось цяпер сядай. Давай прытулімся спінай да лядоўні. Так надзейней будзе. — Дзяцюк утульна ўмясціў Моніку за невялікі стол. Паставіў перад ёй квадратную талерку з геаметрычнымі фігурамі, побач паклаў відэлец. Для сябе таксама ўзяў талерку з лыжкай. Вірун, колькі помніць сябе, ніколі не карыстаўся відэльцамі. Ён спажываў ежу лыжкай. Не важна, дзе абедаў ці вячэраў, але заўсёды пакідаў лыжку і для другога. Так яму было зручный ды звычней. У рэстарацыях ды на прыёмах ён не адмаўляўся ад сваёй звычкі. Ніколі не звяртаў увагі на зацікаўлена-здзіўленыя позіркі. Ну і што, калі нехта хмыкне сам сабе: маўляў, вось табе і маеш «дзярэўню з калхозам» разам.