Выбрать главу

— Кажаш, што не хочаш вячэраць? — звярнуўся мужчына да Монікі-Моні. — Як хочаш, прымушаць не стану. А я паем. Смачныя, скажу табе, катлеты атрымаліся. Як усё роўна па спецзаказе для ганаровых гасцей. Але, што самога сябе нахвальваць. Без сціплай сарамлівасці скажу, што гатаваць я ўсё ж умею. Ад маці ў мяне гэтая здольнасць і практычных заняткаў ад папярэдніх жонак. Не, не хвалюйся, не буду я ператрасаць сваё мінулае. Няхай яно прэсуецца пад цяжарам зніклых гадоў. Я пра другое хацеў табе распавесці, — мужчына пракаўтнуў чарговы кавалак катлеты і запіў вадкаватым кефірам. — Гуляючы па ваколіцах за горадам, задыбаў я ў закінуты і напаўзгнілы барак. І так там пачувалася добра ды па-хатняму ўтульна, што нават задрамаў. Але перад гэтым прачытаў на сцяне дзіўны тэкст. На першы погляд, просценькі вельмі, ды чамусьці для мяне важны. Адчуў гэта сэрцам, нутром сваім. Уяўляеш, прачытаў і заснуў. Прымроіўся ірэальны сон, дзе сустрэўся ні то са смерцю ў вобразе прывабнай дзяўчыны, ні то са сваім анёлам-ахоўнікам, сярод незлічонага багацця пячоры. Такога багацця, што словамі не расказаць. Не хопіць слоў. Гэта трэба бачыць, Моніка. Гаманіў з той прыгажуняй, якая стаяла ў чоўне, і ўсё думаў, а ці выберуся з залатой пячоры, ці адпусціць мяне незнаёмка? Дзякуй Богу, адпусціла. Праўда, подленькае жаданне ў мяне нарадзілася: прыхапіць з сабою хоць адзін самародак. Але нешта спыніла. Ды і як прынясеш са сну ў рэальнасць нешта матэрыяльнае? Абсурд. Дурнота. Відаць, я гэта разумеў, калі спаў. Дык вось, калі прачнуўся, то ўгледзеў на той жа сцяне, побач з папярэднім тэкстам, новы, свежанькі! Я не ўчуў, хто і калі яго напісаў. Загадка, скажу табе, Моніка. Парадокс нейкі. Ты што, не верыш мне? Праўду кажу, без перабольшання. — Вірун хрумсцеў агурком і пільна ўглядаўся ў твар субяседніцы, якая выглядала не заінтрыгаванай пачутым, а больш абыякавай, чым вымагала сітуацыя. — Я думаю, што тэксты на сцяне ў бараку напісаны не чалавекам, а кімсьці бесцялесным, нейкім фантомам, ці урэшце, самі ўзніклі, праступілі праз закапцеласць. Можа такое быць, га, Моніка? І ты не ведаеш. Дарэчы, тое, што напісана, штосьці значыць для мяне, павінна азначаць нейкі паварот у жыцці, лёсе? Я так думаю. Толькі не ведаю, да добрага ці не вельмі, усе гэтыя нечаканыя здарэнні. Чаго чакаць ад сну ў бараку і тэкстаў на закапцелай сцяне? Заўтра, пасля працы, хачу зноў схадзіць туды. Канешне, калі ты не супраць. Трэба паглядзець, ці не прымроілася ўсё ўбачанае сёння. Бо часам нам бачыцца тое, чаго ў рэальнасці не існуе. Ты сама ведаеш, што надараюцца хвіліны, у якія чалавек павінен баяцца самога сябе, не давяраць сваім вачам і вушам. Праўду, праўду кажу табе, Моніка.

З прыёмніка павольна, але раскаціста гучала песня пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Насценнае бра над кухонным сталом рассейвала па цеснаватым памяшканні скупаватае жаўтлявае святло, якое нагадвала заход сонца за далёкі гарызонт. Здавалася, што свяціла яшчэ не паглынула пакатасць ілба зямлі, і апошнія шчодрыя промні на развітанне паспешліва кідалі самотны позірк у прыцемненае наваколле. Менавіта такое асвятленне і панавала ў Віруновай кухні. Дзе самсунгаўская лядоўня займала ўвесь кут да столі, каля абагравальнай батарэі. Святло ад бра палахліва датыкалася да твару Монікі з левага боку, лашчыла парык са штучных валасоў, выхоплівала кончык прамога носіка і падэшвачку падбародка. Мужчына, адарваўшы позірк ад апусцелай талеркі, крайком вока зірнуў на маўклівую Моніку і ў незлічоны раз залюбаваўся пекнасцю ды зграбнасцю сваёй каханай.

— Ведаеш, Моніка, што я яшчэ заўважыў у стасунках між людзьмі? Гэта можа падацца дзіўным, але ў любой праяве сяброўскіх пачуццяў, няважна, між жанчынамі альбо мужчынамі, грамадства бачыць толькі сексуальны падтэкст. Калі гэта нават нявінныя абдымкі ці дакрананні, дотыкі. Усё роўна, акаляючыя бачаць праяву сексуальнасці і нічога больш. З-за гэтага мы баімся быць шчырымі і дэманстраваць сваё сяброўства. Бо, не дай Бог, калі на людзях мужчына альбо хлопец абдыме сабе падобнага. У такім выпадку за спінай ён абавязкова пачуе здзеклівы смяшок і дакорліва-асуджальнае слова-абразу — «гомік»... Тое ж і з жанчынамі, хаця яны ўсё ж і пачуваюцца вальней. Ды не нашмат. І ім прышпільваюць бірачкі «лезбас», не маючы на тое ні маральнага, ні этычнага права. Мы зацінаемся самі ў сабе. Грамадства грубее, асоба драбнее і задзіночваецца. Не, Моніка-Моня, я гавару не пра нас з табою. Нам няма чаго баяцца, ды мы і вышэй любых асуджальных ды абразлівых слоў. Хоць зайздрасці навокал паўным-паўнютка, нянавіць праз вушы людскія ліецца, запаўняе вуліцы і праспекты. Але нас пакуль усё гэта не датычыць. Канешне, нялёгка заўсёды заставацца вышэй агульнага, так бы мовіць, «нармальнага» ўзроўню паводзін ды меркаванняў, але ўсё ж можна і трэба. Бо інакш сальешся ў бязлікі сыпуча-цягучы, няўстойлівы брудны асяродак балота, багны, урэшце, бяздоннай прорвы. Дзе ходзяць шыхтамі, носяць аднолькавае, думаюць стандартамі, спаць кладуцца і падымаюцца па камандзе. Нават пазяхаюць па ўзмаху рукі. Ну, дык, ці ж жыццё гэта, Моніка? Ат, бачу, стаміў цябе гаворкаю. Не? Ты не супраць яшчэ што-небудзь паслухаць? Дзякуй, цярплівая мая, сябровачка.