Выбрать главу

Дык вось, гуляючы за горадам, я незнарок раздушыў на сцяжыне смаўжа. Звычайнага цёмна-шэрага смаўжа. Не заўважыў. Зрабіў крок і адчуў хруст пад падэшвай. Адняў нагу і згледзеў згустак, мешаніну плоці і зямлі. Тое, што яшчэ пару хвілін таму было жывым, па маёй віне ператварылася ў бясформенную масу, у небыццё. Бяздумна, лёгка і проста боскае стварэнне я спляжыў, зніштожыў. Не, я выдатна разумею, што свет ад гэтага ўчынку не перакуліўся, нават не шалахнуўся, — Вірун прыкурыў цыгарэту. — Але ж, ведаеш, дарагая Моніка-Моня, мяне ў тую хвіліну агарнула такая глыбокая роспач, што я ледзь не ўкленчыў і не загаласіў па смаўжу, як па самым родным і блізкім стварэнні. Ці ж нармальна гэта, Моніка? Маўчыш. І ты не ведаеш? Канешне, прасцей за ўсё сказаць, што старэеш ты, Вірун. Мякчэе душа, а на паверхню выбіваецца сентыментальнасць, харонячы пад сабою мужчынскі азарт паляўнічага і здабытчыка. Каб жа ўсё так проста было ў нашым, чалавечым, жыцці...

А, можа, наадварот ніколі нічога не варта ўскладняць? Жыць прасцей, не забіваць мазгі пытаннямі, на якія ад пачатку няма адказаў. Ну, што такое для чалавецтва, планеты нейкі смоўж альбо ластаўка, заяц, казуля, ці чалавек? Гэта не бачны воку драбок ад пылінкі... Колькі пра гэта я чытаў у разумных кніжках! А вось сёння сапраўды адчуў, што асіраціў сусвет на цэлага смаўжа. Міжволі зрабіўся знішчальнікам...

Загаварыў я цябе, Моніка. Даруй. Проста нейкі незразумелы настрой агарнуў вечарам. Хочацца выгаварыцца, ачысціцца ад бруду і смецця, што незаўважна збіраецца дзесяцігоддзямі ў патаемных закутках свядомасці ды і падсвядомасці таксама. Што ж, будзем класціся спаць. Бо нашы продкі звычайна гаварылі: пераначуем — больш пачуем. Ды і пабачым, спадзяюся.

***

Вірун убачыў велізарны натоўп людзей пасярод паселішча. Хаты вялікай вёскі раскінуліся вольна і раскошна па некалькіх лабатых пагорках. А з дзясяткі два прыстойных пабудоў збягалі двума радамі да нізіністай раўнінкі-праплешыны. Тут, на гэтым утаптаным і ўезджаным пятаку, і туліліся пасяляне. Мужчыны, жанчыны і дзеці цясніліся бліжэй да цяньку магутных ліп. Пад шатамі якіх можна было схавацца ад пякучых промняў паўдзённага сонца. Стаяла ці не сярэдзіна лета. Адзін з тых дзён, калі нябеснае свяціла, ускараскаўшыся ў зеніт, шчодра адагравала пасялян ляснях зямель ад віхурнай зімы і зацяжной, не дужа ласкавай на цеплыню, вясны. Паветра вакол аж дрыжэла ад сонечнай шчодрасці ды ўвішнасці. Па вёсцы нават пеўні не кукарэкалі, ленаваліся драць глотку ў такую спёку. Ім, няўрымсліўцам, сёння лацвей пачувалася ў лазістых кустах каля хат ці ў зарасніку піжмы ды палыну на ўзмежках гаспадарскіх надзелаў. Ніхто іх не турбаваў, ніхто не кышкаў на ненажэрнае курынае племя. Людзям, як бачым, не да хатняга птаства. Усе пасяляне сабраліся на праплешыне-пятаку каля Кузьмовай хаты. А што менавіта ў гэтым дагледжаным дамку жыве Кузьма, Вірун ведае, хоць і не разумее, адкуль тое веданне.

Людзі гаманілі хто парамі, а некаторыя зліліся ў купкі па некалькі чалавек. Гаворка ва ўсіх была няспешная, з ноткамі спачуванняў ды шкадобы ў галасах. Дзеці нястомнымі вераб’ямі шасталі між ног дарослых. Мальцы прабіваліся ў пярэднія рады, а дзяўчаткі ў насунутых на вочы хусцінках, наадварот, туліліся за спінамі мужчын ды жанчын. Яны сарамліва і паспешліва кідалі позіркі адна на адну, перазіраліся і, чырванеючы, апускалі вочы. Яны, здавалася, пачуваліся сярод пасялян, як нашкодзіўшыя коткі.