Вірун прасунуўся з самага краю, там дзе сонца, не шкадуючы промняў, выпякала пакамечаную, стаптаную і ледзь жывую траву, да сярэдзіны натоўпу, у цяністую засень. На яго, як ні дзіва, ніхто не звяртаў асаблівай увагі. Зрэдчас мужчыны ў гадах і дзецюкі з рэдкім шчэццем на няголеных тварах, працягвалі рукі, віталіся. Ён пасялянам адказваў тым жа поціскам далоняў. Прасунуўшыся ледзь не ў першыя рады, Вірун адчуў чыюсьці пяцярню на сваім плячы. Павярнуў галаву і сустрэўся позіркам з прыгожым чорнагаловым юнаком. Канешне, юнаком яго можна было назваць умоўна. Хлопцу не сёння і не ўчора споўнілася гадкоў дваццаць, але і да трыццаці, на выгляд, яму яшчэ далекавата.
— Здароў, Вірун. Чаго азіраешся вакол, нібы злодзей? — чорнагаловы шырока ўсміхнуўся, выпусціўшы з-пад не па-мужчынску яркаватых губ роўную палоску зубоў.
«Во каму пашэнціла, — мільганула думка ў Віруна, — да глыбокай старасці стаматолага ведаць не будзе».
— Ты што, не пазнаеш мяне? — разгубіўся маладзён. — Назіраю за табою ўжо з чвэрць гадзіны і не магу зразумець: ці ты з ранку недзе брагі сербануў, ці ўчора лясун дзесьці закруціў. Выглядаеш дужа прыбіта-задурманеным. То як яно, хмяльнога глытнуў?
— Што тут адбываецца? Чаго сабраліся людзі? — замест адказу, паспешліва запытаўся Вірун.
— Дзівак, — зрабіў разгубленую грымасу на твары чорнагаловы. — Яшчэ ж два дні таму стараста аб’явіў па ўсіх вакольных паселішчах, што сёння адбудзецца пакаранне быком Матрункі Нічыпоранай. Ты што, тыдзень спаў недзе, што не чуў навіны пра гэтую гуляшчую? Яе Марцін заспеў у свірне з Кажамякам з Прысожжа. А ў нас жа спаконвеку тых жонак, якія здрадзілі мужу, караюць быком. Ты сапраўды нейкі дзікі. Мо захварэў, ці памяць балотнік адабраў поўнасцю. Няма чаго так часта на паляванні швэндацца. Цётка Грыпіна мне колькі разоў скардзілася, што адбіўся ты ад зямлі. Усё па лясах ды пералесках блукаеш. Нечага шукаеш. Мо ўчарашні дзень цябе аніяк не адпускае.
— Пачакай, — папрасіў Вірун. — Хто такая цётка Грыпіна? І хто ты сам будзеш?
— Вось завярнуў дык завярнуў, — разявіў рот прыгожатвары. — Яна твая маці, а я — стрыечны брат. Зусім дрэнны ты зрабіўся. Да шаптухі ісці неадкладна трэба, а то позна будзе.
— Ды помню я ўсё, — схлусіў Вірун. — Жарты ў мяне цяпер такія. Памяць трэнірую. Гульня гэтакая. Прыкідваешся, што ўсё забыўся і пытаешся ў сябра, як я ў цябе, ды ловіш яго на недакладнасцях, промахах, і сам выдатна запамінаеш кожную драбніцу да скону дзён. Во як. — З палёгкай выдыхнуў Вірун.
— Угу, — здзіўлена ўзняў бровы на гладзенькім лобе маладзён. — Мудры ты, Вірун. Недарэмна твой дзед Кузьма ўжо цэлую вечнасць карае здрадніцкае бабскае племя быком. Я чуў, мужчыны казалі, што хутка Кузьма перадасць гэтую справу табе ў спадчыну. Будзеш ты ў нас сачыць за норавамі ды вернасцю. Шчыра кажучы, не зайздрошчу табе, Вірун. Не захочуць дзеўкі за цябе замуж ісці. Будзеш, як Кузьма, чакаць самай вынослівай бабы, якая не сканае пасля пакарання. Ці бычка, як гэты здохне, нягегленькага завесці ды навучыць прамудрасцям пакарання.
— Што ты вярзеш дурноту нейкую! — узлаваўся Вірун і ледзь не штурхануў у грудзіну суразмоўцу, які паваротам тулава ўхіліўся ад сяброўскага кухталя. — Бога на вас няма, паганцаў. Прыдумалі нейкае пакаранне быком. А самі, усе мы, мужчыны, святыя? Навошта здзекавацца з безабаронных і бяссільных жонак сваіх ды дачок?
— Во загаварыў, дык загаварыў! — вочы ў чорнагаловага, здавалася, што вось-вось выкацяцца з вачніц і павіснуць на ўзроўні падбародка. — Не намі ж такі закон заведзены, і не нам яго адмяняць. — Вымавіў ён нарэшце, калі ачомаўся ад пачутага. — Жаночая доля такая: быць вернай пад небам высокім толькі аднаму мужчыне. Яна ж сама выбірае, з кім пабрацца, і прысягае на агні, што не аступіцца, што ніколі не дазволіць чужому, акрамя мужчыны свайго, увайсці ў жывародную пячору. Ці не так я кажу, Вірун?
— Вар’ятня суцэльная. Я сапраўды шызануўся, з’ехаў з глуздоў па поўнаму, — хутка вымавіў нашчадак Кузьмы.
— І што за словы дзіўныя ды раней не чутыя кажаш? Чаго ўсхадзіўся, як маладое піва. Ну, пакараюць Матрунку быком, што тут такога? Не яна ж першая і не апошняй будзе. На нашай з табой памяці Матрунка ўжо шостая з усіх нашых паселішч баба, якую паставяць пад быка. Калі выжыве, то сыйдзе ў чужыя землі, а сканае — на вогнішча кінуць.
— Навошта дзяцей сюды папрыводзілі? — схапіў Вірун каля сваіх ног мальца. — Дзеля чаго ім такое відовішча? — Падшыванец вёртка вылузнуўся з пяцярні мужчыны. — Хто загадаў недаросткаў пускаць на пакаранне?