— Як хто? — перапытаў маладзён. — Ва ўсе часы стараста загадвае. Ды і гэта не проста відовішча, як ты кажаш, а навука для наступнікаў. Нас з табою ў іх узросце таксама прыводзілі. Ці мо памаркі табе громам адбіла? А, зразумеў, — заўсміхаўся чорнагаловы прыгажун. — Гэта ты ўсё гуляешся, памяць трэніруеш. Ну, давай-давай, удасканальвайся. Усё роўна не гэтым летам, дык наступным зменіш Кузьму. Будзеш выводзіць быка на распусніц. Доля твая такая, Вірун. Ад яе нікуды не дзенешся. Спачуваю, канешне. Раптам не пашэнціць табе, і памрэш бабылём. Не зазірнеш ані разу ў зваблівасць пячоры. Карнік быком нідзе дурнічку замужнюю не знойдзе, каб пацешыцца, а неапаганеныя дзяўчаты наўрад ці выберуць цябе для жыцця. Вось так яно, Вірун, — куды ні кінь, паўсюдна клін. — Гледзячы на прыгожатварага, ніяк нельга было зразумець: спачувае ён сябру, альбо здзекуецца.
Раптам натоўп ажывіўся, пасунуўся наперад. Мужчыны адшуквалі позіркамі сваіх жонак, моўчкі падыходзілі да іх, бралі за руку і, ставячы паперад сябе, лягонька падштурхоўвалі, маўляў, глядзі, даражэнькая, ва ўсе вочы, што і з табою можа стацца, калі закарціць раптам паспытаць плод з чужога дрэва. Можа, ён і сапраўды больш сакавіты ды ядраны, але ж чужы. Не забывайся, каб не апынуцца на пляцы ганьбы, пад напорыстасцю кормнага быка, які распалавініць твой сверб да самага пупка.
Вірун заўважыў, як з клеці Кузьмовага двара вывелі маладую прыгожую жанчыну ў доўгай мешкаватай апратцы, як двое жылістых мужчын вынеслі аднекуль драўляны станок-узвышша, паставілі на пыльным лапіку пляца, як садралі з проставалосай грэшніцы адзенне і, паставіўшы на станку на калені, моцна прывязалі раменнымі путамі за ногі і рукі. Пачуў Вірун і рык: глухі ды пажадлівы, працінаючы, халодзячы кроў рык магутнай жывёліны, якая прадчувае не свой скон, а канчыну людской душы.
На нейкую хвіліну натоўп прыціх. Чулася, як у паветры гудуць шматлікія авадні ды слепакі, якіх і сонца не загнала ў прахалоду лістоты недалёкіх дрэў, ці ў гушчыню шматтраўя.
«Не, я не магу дапусціць катавання жанчыны! Божа мой літасцівы, якое ж гэта дзікунства і варварства, якая бесчалавечнасць і лютасць. Такога не можа ў прыродзе існаваць. Не здатныя людзі на такое вычварэнне!»
Вірун з усяе сілы паспрабаваў прабіцца праз гушчыню натоўпу да краю пляца, на якім вось-вось павінна адбыцца экзекуцыя. Ён праціскаўся між успецелых цел пасялян, якія, здавалася, знарок не прапускалі яго, моцнай і непарушнай сцяной адгароджвалі ад катавальнага месца, месца злачынства.
— Ну, куды, куды ты сунешся? — пачуў Вірун над самым вухам. — Ахаладзі свой пыл. Нічога зрабіць не зможаш. Бяссільны ты перад выракам лёсу. Яго не перапішаш наноў. Бо твая нітка жыцця ўжо выдрана з кудзелі і спрадзена нябачнымі сіламі ды скручана на верацяно. Ты, Вірун, старонні сузіральнік. Не дадзена табе ўмяшацца ў ход падзей. — Мужчына задыхана павярнуўся на голас. Побач стаяў чорнагаловы прыгажун і ўсміхаўся. Усмешка на ягоным твары нагадвала застылую акамянелую маску. Гэта быў не жывы твар, а твар манекена.
— Супакойся. Ты і нашчадкі твае ўсё роўна будуць караць распусніц быком, — чорнагаловы, здаецца, маўчаў, але Вірун чуў кожнае не прамоўленае ім слова.
— Хто ты? — не змог стрымаць сябе ўсхваляваны Вірун. — Дзеля чаго і навошта выпрабоўваеш мяне? Чаго дабіваешся ад збалелай маёй душы?
— Я твой стрыечны брат. І ўсяго толькі, — не пераставаў усміхацца чорнагаловы. — Павер, анічагусенькі не хачу ад цябе. Я, як і ты, прыйшоў паглядзець на пакаранне блудлівіцы. Па загадзе старасты. Як усе яны. — Маладзён няспешна павёў галавою зправа налева і ў адваротным парадку. — Некалі ўсё з чагосьці пачыналася.
Вернасць, адданасць, самаахвярнасць, адчуванне родавай прыналежнасці, усё мае свае карані. Тлумачу простыя ісціны. Але ж на кімсьці ўсё і павінна спыніцца, мець сваё лагічнае завяршэнне. Вось бачыш, і я ўмею гуляць у тваю гульню забыўлівасці. Не трэба пахвальбы, проста я — добры вучань, а ты — неблагі настаўнік.
— У чым сэнс усяго сённяшняга дзейства? — не стаў даслухоўваць суразмоўцу Вірун. — Я ж не з вашага асяродку, нават не помню тут нікога. Усе гэтыя людзі чужыя мне, як і я ім.
— Няўжо? Памыляешся, даражэнькі, — перабіў Віруна чорнагаловы. — Калі хопіць у цябе мазгоў і крыху цярпення, то да ўсяго дойдзеш сваім розумам. Разбярэшся ў прымітыўнай галаваломцы. Не, нават не ў галаваломцы, а ў задачы з адным невядомым. Хаця, усе складнікі ў задачцы вядомыя...
Раптам наваколле скалануў нечалавечы крык. Ён дасягнуў нябёсаў, адбіўся ад празрыстай сінечы і ўпаў на абагрэтую зямлю ды раскалоўся на драбнюткія аскепачкі, якія паглынуліся мільёнамі пясчынак на лабастых пагорках...