Выбрать главу

***

Раніцай у Віруна трашчала ад болю галава. Кожная мышца ды сухажыліна ў целе былі напятымі і знясіленымі, выпетранымі ўшчэнт. Не раўнуючы, нібы ў марафонца на дыстанцыі ў цэлае жыццё. Гаркату ў роце не прагнала і кава з малаком ды мёдам. Мужчыну здавалася, што ўсё ягонае цела прайшло ноччу праз нейкую малатарню, якая не толькі знясільвае фізічна, але і адбірае ўнутраную моц, раўнавагу, пазбаўляе прагі жыцця.

«Нешта са мною робіцца не тое. Усё здаецца як звычайна і ў той жа час нічога звычнага і ранейшага ўва мне не засталося. Што фізічна зношваюся, то зразумела. Ад пражытых гадоў нікуды не ўцячэш, не схаваешся. Яны штодня нагадваюць пра сябе патрэскваннем у каленях, ламатою ў плячах, задышкаю ды ўсё большай і большай колькасцю выкураных цыгарэт. Тут усё ясна як божы дзень. Але ж куды падзелася ранейшая радасць ад прадчування прыемнай невядомасці і чакання яе ў кожным наступным дні? — Вірун згатаваў другі кубак кавы і прыпаліў ці не пятую цыгарэту. — Здавалася, што вось-вось заўтра ты абавязкова спазнаеш нешта такое, чаго не ўдавалася табе раней. Менавіта заўтра будзе твой самы шчаслівы дзень, які расцягнецца на бясконца доўгія гады, дзесяцігоддзі, а, можа, і стагоддзе. Заўтра прыйдзе твой дзень. Толькі твой і нічый больш! А што цяпер? Ды не хочацца рані- цай падымацца, каб у чарговы раз зразумець, што анічога звышнатуральнага не адбудзецца. Што, як і ўчора і пазаўчора, ты прабяжыш дзень па замкнёным коле. Але ж хоцькі-няхоцькі, а на працу ісці трэба. Праца. Ад яе праз гады настолькі стамляешся, што і самы любімы занятак ператвараецца ў пакутлівае выпрабаванне».

Вірун заўважыў у апошнія гады дзіўную і не вельмі зразумелую заканамернасць у грамадстве. Спачатку ён гэта спісваў на ўзроставую прыдзірлівасць ды празмерную ўедлівасць. Але ж чым далей, тым больш кідалася ў вочы, што на большасць кіраўнічых пасад прыходзяць (прызначаюцца) прафаны, людзі далёкія ад спецыфікі занятку. Не прафесіяналы, а аматары. Недалёкасць і прымітывізм так званых начальнікаў нельга было не заўважыць, нават тады, калі і прыплюшчваеш вочы, яно чырвонай анучай трапятала навідавоку. Дакацілася гэтая хваля і да Віруновага офіса. Мужчына шчыра, па-чалавечы шкадаваў новую генерацыю сваіх кіраўнікоў. Яны, небаракі, імкнуліся напачатку схаваць сваю недасведчанасць, непадрыхтаванасць і, як гавораць, недадзенасць Богам ствараць, за шматслоўнасцю, мітуснёй, нязбытнасцю і фантастычнасцю праектаў, а ўрэшце спыняліся на апрабаваным і славутым навядзенні парадку. Што ж ім яшчэ заставалася? Дысцыпліна — той бізун, які служыць ці не з часоў стварэння свету. Запалохаць падначаленага, убіць яму ў галаву, што ён, твой кіраўнік, распараджаецца тваім лёсам. І толькі ад яго залежыць, ці давядзецца табе заўтра паснедаць і аплаціць камунальныя паслугі. Што ён не Бог, а вышэй Бога. Канешне, не ўсіх можна было прыціснуць ды зламаць. Моцныя асобы гаварылі ў твар начальнікам пра іхні ўзровень і дасведчанасць, давалі зразумець усю іхнюю мізэрную веліч і сыходзілі... у дворнікі, вартаўнікі альбо грузчыкі. Так было і ў Віруновым асяродку. Толькі ж кіраўнікі не дужа ўбіваліся ды ўздыхалі, выціраючы мокрыя вочы. Яны ў той жа дзень бралі чалавека з вуліцы на вызваленае месца і з большым асцервяненнем кіравалі.

Так, мяняецца свет, і змяняюца людзі. Ад такой простай ісціны анікуды не дзенешся. Вірун гэта выдатна разумеў, таму і стараўся адасобіцца, занурыцца ў свой, выбудаваны па асабістай схеме, асяродак. Пакуль што яму шэнціла, ніхто вельмі не назаляў і не лез у душу. Як гавораць, і на тым дзякуй. Дызайнерская фірма, у якой працаваў Вірун, апошнім часам ператварылася ў клуб запалоханых жанчын. Мужчыны-кіраўнікі другога звяна, талковыя прафесіяналы, неяк незаўважна і ў той жа час хціва, былі выціснуты альбо звольнены з працы начальнікамі першага звяна. (Ну, проста не фірма, а калгас са сваімі старшынямі і звеннявымі). На іх жа месца ставіліся кабеткі з ласкавымі галаскамі, паслухмяныя і згодныя выконваць самыя ідыёцкія загады. Не раўнуючы, як у войску, дзе ніколі не страціць актуальнасці лозунг: я начальнік — ты дурань, а калі ты начальнік — то я хаджу ў дурнях. Адным словам — весела.

Вірун пазіраў на такія пературбацыі спачатку з сумам і болем у сэрцы, а пасля — з зацікаўленасцю. Маўляў, чым жа гэта ўсё скончыцца? Няўжо дзяржаўная фірма выкараскаецца ў канкурэнтнай барацьбе з прыватнымі? Аддзел, дзе працаваў мужчына, раздзімаўся бражнай бурбалкай. Ледзь не кожны тыдзень мяняліся твары новых супрацоўніц. Фірма трашчала па швах, але пакуль трымалася. Нельга было ўжо вызначыць: жывы гэта пакуль арганізм, ці аганізіруючы труп.