Вірун дапіў апошні глыток кавы, зрабіў паспешлівую зацяжку цыгарэты і затушыў яе ў прывезенай з Барселоны попельніцы. Невясёлыя згадкі пра працу не дабавілі аптымізму і бадзёрасці. Галаўны боль не праходзіў, а цялесная ламата не супакойвалася. Ён высунуў шуфляду ў стале кухні, дзе захоўваліся лекі, пакорпаўся і вылузнуў з пласціны таблетку анальгіну. Укінуў у рот і разжаваў у аднародную масу. (Такая звычка ў яго захавалася з дзяцінства). Грэбліва запіў месіва мінеральнай вадой і прыслухаўся да сябе. Быццам праз пару хвілін лекі абавязаны падзейнічаць.
— Наіўны, — прамовіў мужчына сам сабе. — Добра, што такое дзівацтва не бачыць Моніка-Моня. А то падумала б, што я зусім збрэндзіў...
І тут Вірун успомніў сон. Усё да драбніц, да каліўка, да кожнага штрышка, дэталі, пачутага слова. Ён быццам здранцвеў. У памяці адным суцэльным панарамным кадрам прамільгнула бачанае.
— Пакаранне быком, — міжволі вылецела з губ.
Віруну падалося, што гэтыя словы ажылі і ператварыліся ў слюдзяністых стракоз, якія сваімі празрыстымі крылцамі затрапяталі пад столлю.
Мужчына падышоў да акна, зірнуў на вуліцу. Зноў імжэў дождж-пацяруха. Сыра і волка глядзеліся дрэвы, машыны, тратуары і паспешлівыя гараджане. Нейкі згорблены стары без парасона выгульваў калматага і бязроднага сабаку. Рудая поўсць на жывёліне набрынялымі пасмамі ледзь не краналася долу. Нямоглы стары і абыякавы да ўсяго сабака стваралі нейкі ірэальны тандэм. Як Віруну падалося: гэтая адмысловая пара на сшарэлым газоне падкрэслівала пустату і абыякавасць жыцця. Кожнага паасобку і ўсіх разам.
Не хацелася нікуды выходзіць. Мужчыну закарцела зарыцца ў ложак з Монікай і забыцца ў бяздумным сне, дзе няма ні гукаў, ні фарбаў, ні думак. Існуе толькі суцэльная бяздонная і глухая пустата.
— Але ж хопіць з мяне сноў! — сам сябе супыніў, адагнаў жаданне Вірун. — Дзе б знайсці сілы, каб забыцца на папярэднія загадкавыя мроі? На ўсё тое, што выдаў мозг. Баюся, што рэальнасць і сны сплятуцца, сальюцца ў адно цэлае. І што тады рабіць? Псіхушка адназначна забяспечана. А што будзе з Монікай-Моняй? — Мужчына бяздумна глядзеў праз акно ў гушчыню нізкага неба над дахамі шматпавярховікаў.
Дзецюка абудзіў ад роздумнасці мабільны тэлефон. Настойлівая і заезджаная мелодыя патрабавала ўзяць трубку.
— Алё.
— Вірун? — спытаў стомлена-плаксівы жаночы голас.
— Так, я.
— Гэта Зоська звоніць. Сястра Ліліяны, — голас задрыжэў, патанчэў і сышоў на ўсхліп. — Няма больш нашай Ліліянкі. Разбілася сястрычка мая. Ой, Божачка ж, мой Божа, што ты нарабіў? Навошта яна табе так раненька спатрэбілася?..
Вірун, слухаючы, спрабаваў асэнсаваць інфармацыю. Прычым тут ён да першай жонкі, якую не бачыў гадоў пятнаццаць. Адкуль родзічы Ліліяны ўзялі нумар ягонага тэлефона? І ўвогуле, ён чужы чалавек для роду Покічаў. З Ліліянай пражылі разам не болей трох гадоў. Усяго трох! І калі тое было? Навошта ён, Вірун, ім здаўся?
— Дык ты прыедзеш на пахаванне, Віруночак? Назаўсёды развітаешся са сваёй любай жоначкай. Яна ж цябе штодня з языка не спускала. Усё гаварыла, які ты выдатны, клапатлівы чалавек і муж. Які дабрэнны і прыстойны. Ліліянка ўсе гэтыя гадочкі табою жыла. Нікога не магла доўга цярпець, бо ты ў яе заўсёды заставаўся на першым месцы. Выпіваць і гуляць яна пачала з-за цябе. Бо ты засланіў ёй Божы свет. Ты Ліліянку ў магілу звёў. Каб табе праваліцца на роўным месцы! — Голас жанчыны зрываўся на істэрыку. — Каб табе ля вады хадзіць і піць прасіць, каб ты белага дня не бачыў!..
Вірун павольна адняў ад вуха мабільны, націснуў клыпажок адключэння.
— Вось табе і маеш, — толькі і прамовіў. Ён зноў прысеў на табурэцік ля кухоннага стала. Закурыў. Трэба было збірацца на працу, але прымусіць сябе нешта рабіць не мог. Не ставала ні фізічных, ні душэўных сіл. Званок Ліліянінай сястры спляжыў тое нямногае, што яшчэ заставалася пасля загадкавага сну, пасля душэўнага спусташэння, якое ён адчуў учора, прачытаўшы на сцяне закінутуга барака таямнічыя пісьмёны. Ды і Моніка-Моня не азывалася са свайго крэсла. Як вечарам пасадзіў яе ў мяккі фатэль, дасюль яна і ўзіраецца абыякавым позіркам на палічкі серванта з калекцыяй разнамасных ды рознакаліберных козлікаў. Вірун пачаў іх збіраць гадоў шэсць таму. Неяк завітаў з сябрамі на свята горада. І заблукалі яны кампаніяй на гандлёвыя рады, дзе народныя ўмельцы дэманстравалі ўласнаручныя вырабы. Там і ўгледзеў дзяцюк гліняную свісцёлку ў выглядзе зваблівага і зграбнага козліка. Вірун ім настолькі захапіўся, што, не задумваючыся, набыў. А нехта з сяброў і падкінуў ідэю, маўляў, а чаму б табе не збіраць з іх калекцыю? Сёння ж калекцыяванне дужа ў пашане. Глядзіш, і будзе занятак для не маладога ўжо і занадта сур’ёзнага мужчыны. Тады яны ўсе разам пасмяяліся над прапановай, але Вірун праз некаторы час заўважыў за сабою дзіўную рэч: наведваючыся ва ўнівермагі ды цумы, цацачныя крамкі, ён паўсюль вышукваў фігуркі барадатых козлікаў. Не абавязкова гліняных, а і парцалянавых, шкляных, пластмасавых, нават з шытва і штучнага футра. І вось цяпер на шырокай паліцы красаваўся вялікі статак козлікаў, якія не назалялі, а лашчылі вока не толькі гаспадару кватэры, але і гасцям.