Выбрать главу

— Моніка, я збіраюся на працу! — гукнуў з кухні Вірун. — Хоць яна ў мяне і колам у горле стаіць. — Гэта мужчына прамовіў прыцішана, больш для самога сябе. — У такое надвор’е толькі і цягацца па тралейбусах ды метро. Вось ужо краінай Бог абдзяліў: то дажджы кароткачасовыя без перапынку, а то завірухі тыднямі не ўшчукаюць. І дзе ж тое сонца ды жаданая спёка? — Мужчына няспешна мыў у ракавіне з вячэры пакінуты посуд і свой кубак з-пад кавы. Ён незадаволена бурчэў сабе пад нос пра надвор’е, якое аніяк не ўсталёўваецца на працягу ўсяго года, аб працы, ад якой сківіцы зводзіць, пра жанчын, ад якіх ужо стаміўся.

— Што ж за няшчаснае наша племя мужчынскае? На кожную ўпадабаную дачку Евы мы глядзім у першую чаргу, як на патэнцыйную самку, аб’ект сексуальнай уцехі і задавальнення. А пасля ўжо заўважаем усе іх астатнія вартасці ды якасці. І нікуды ж ад гэтага не падзецца. Хоць ведаем, што новая сустрэча, знаёмства, захапленне акрамя радасці і замілавання прынясе процьму праблем і пакут, расчараванняў ды роспачы. — Вірун пераапранаўся ў касцюм, а думкі сноўваліся ў галаве адвольна і свабодна, як бы самі па сабе, незалежна і шырока. — Колькі ж ужо за пражытыя гады мелася такіх стрэч-растанняў? Ды не злічыць, як і ў большасці мужчын і жанчын майго ўзросту. А ты думаеш, што толькі мы, мужчыны, глядзім на жанчын з сексуальным прыцэлам? — Запытаўся ў сябе Вірун. — Ну і дурань тады. Жанчыны таксама на нас глядзяць у першую чаргу, як на жарэбчыкаў, самцоў. З прыкідкай на вынослівасць ды цягавітасць. І няхай яны хоць у тысячны раз абвінавацяць мяне ў напрасліне ды нагаворах, але я застануся пры сваёй думцы. Можа, гэта толькі не датычыцца маёй Монікі-Моні. Так, яна святая. Але ж я незнарок і выбраў менавіта яе ў свой жыццёвы полудзень. Не Ганку-Вальку, не Кацярыну-Рэгіну, а менавіта Моніку.

— Не сумуй без мяне. Пастараюся сёння раней вызваліцца і прыйсці дамоў, — з парога прамовіў Вірун і шчоўкнуў аўтаматычным замком.

«Вось табе і Ліліяна. Званок з мінулага. Далёкага і пустога. — Зрабіўшы нябачны зігзаг, пераскочыла думка з аднаго на другое. — Мы з першых дзён не былі шчаслівымі. Юначая гіперсексуальнасць і жыццёвая недасведчанасць звялі-злучылі нас разам. А якое можа быць шчаслівае жыццё, калі акрамя секса анічога нас не звязвала? Голы секс, фізічнае задавальненне і больш нічога. Тры, чатыры, шэсць месяцаў — і прыходзіць насычэнне целам. Хочацца большага, значнага, вышэйшага... А яго няма. Страшна пражыць жыццё ў чаканні. Чаканні чагосьці незвычайнага, казачнага, невядома-шчаслівага. Чакаць... Кожную гадзіну, дзень, месяц, год. Чакаць і, мажліва, не дачакацца. Але ж надзея квола трапеча ў грудзях. І каб наблізіць тое невядомае, але даўночаканае, ты імкнешся вечарамі раней класціся спаць. А калі сон дзесьці заблукаў у абдоймах з іншымі шчасліўцамі, то неадкладна бярэшся за прыхаванае снатворнае. Толькі б заснуць і наблізіць гадзіну, дзень свайго шчасця ды пачувацца дзіцём, якому нарэшце далі смачны ласунак. Чакаць са дня ў дзень, спадзявацца, што заўтра будзе абавязкова тваім. Толькі тваім. І вось аднойчы расплюшчыўшы вочы, усведамляеш, разумееш, што гэты дзень нарэшце прыйшоў. Так табе здаецца. Але і сёння ты памыліўся. Твой дзень абмінуў цябе, зблытаў перакрыжаванне, вуліцу, дом, кватэру. Нічога, хай пабудзе шчаслівым нехта іншы. У цябе ж застаюцца вера і надзея. Яны найбліжэйшыя сяброўкі, якія пакуль што не здраджваюць. Хоць, калі шчыра, з гадамі робяцца больш лядашчымі, нягегла-хілымі і спакутаванымі. Але яны ёсць, пакуль яшчэ з табою. Так я жыў да сарака, сарака пяці гадоў, а затым надзея з верай ляснуліся. Воблачкам цыгарэтнага дыму растварыліся ў наваколлі, не пакінуўшы пра сябе і следу».

Вірун ужо ехаў у метро і, затуліўшыся ў правым кутку вагона, не звяртаў увагі ні на пасажыраў навокал, ні на гул электрычкі ў тунэлі. Ён наперад ведаў, як праміне сённяшні дзень. Пустыя і безвыніковыя клопаты на працы, банальная гаварыльня абрыдлых супрацоўнікаў, дзяжурныя ўсмешкі і рукапацісканні. Кожны з калег (пра сябе іх Вірун называў — калек) будзе хаваць свой сум, абыякавасць да ўсяго, за маніторамі камп’ютараў, бесперапынна прысёрбваючы каву ці гарбату. Не жыццё, а суцэльны, без выхадных і святаў, дзень сурка. Які, магчыма, толькі і разбавіць успамін, што нечакана выплыве, вырвецца аднекуль з падсвядомасці кавалачкам, аскепкам з дзяцінства. Салодка-гаркавага, шчасліва-крыўдлівага, бадзёра-нястомнага, але з прысмакам гарчынкі струкавога перцу. Ды ўсё ж непаўторна-зайздроснага і, як здавалася, бясконцага... А «вінаватым» ва ўспаміне можа стацца некалькі нот мелодыі, альбо ўлоўлены носам пах, ці позірк, што зачапіўся за пачырванелыя гронкі арабіны. І ўспамін абудзіць душу, прымусіць сэрца шпарчэй гнаць кроў па венах. І хоць успамін прамільгне дваццаць пятым кадрам у штодзёншчыне, але ён дасць імпульс усведамленню, што не ўсё так безнадзейна страчана. Імжа з набрынялага неба — часовая, цягучая і брудная вада ў Свіслачы вясною ачысціцца, унутраная стомленасць праміне і зменіцца на казытлівую радасць. Урэшце, вернуцца надзея і вера. Бо дэпрэсія — не ўзроставы паказчык, а ўсяго-та змэнчанасць чалавека ў мільённым натоўпе сабе падобных. Ты разумееш, што жыць прыземлена не можаш. Клопат пра гаспадарку, ежу, адзенне — не галоўнае, хоць так жылі ды і жывуць твае родзічы. Не глядзець на лес з захапленнем і радасцю, а вызіркваць добрае дрэва для дроў — не тваё прызначэнне. Не заўважаць прыгажосці кветак і траў, а бычыць толькі сена для жывёлы — так сумна.