Выбрать главу

— Выходзіце на наступным прыпынку? — пачуў Вірун за спінай пытанне. Ён моўчкі хітнуў галавой у знак згоды і пасунуўся на крок уперад. Штурханіна ў дзвярах вагона, хрыплаваты дынамік з абыякава-бясколерным голасам настолькі звыклыя з’явы, што мужчына не ўяўляе ўжо жыцця без іх.

«Колькі ж вас, мае мілыя і дарагія людцы? І ўсе бяжым мы разам і ў той жа час паасобку. Спяшаемся, гонімся за нечым, а ўрэшце разумеем, што не туды і не так беглі. Глядзім пад ногі, баімся ўзняць адно на аднаго вочы, проста ўсміхнуцца, саступіць прастору больш паспешліваму і нецярпліваму. Мы баімся згубіць “сваё месца” ў вагоне, на эскалатары, у чарзе ў кафетэрый ды да білетных кас. Ай, што зменіцца ад уздыхаў ды папрокаў агульнай, бязлікай масе? Ні-чо-га! А таму не займайся пустым самаедствам. Не дакарай монстра, які цябе не чуе і не пачуе аніколі». — Вірун адкрыў уваходныя дзверы, зайшоў у офіс. (Не любіў мужчына гэтае слова, але без яго, офіса, сёння нікуды. Кожны кабінет, пакойчык велічаюць гэтым словам). На працоўным месцы знаходзіліся толькі тры чалавекі, астатнія завіслі ці ў пробках на дарогах, ці ў чужых ложках сваіх палюбоўніц і палюбоўнікаў. Усё і тут як заўсёды.

— Прывітанне, арлы і арліцы! — звыкла павітаўся Вірун і прайшоў да свайго стала. Так званага рабочага месца.

— Ты чамусьці сёння не ў гуморы, — стрэліла на мужчыну позіркам маладзенькая каляжанка. — Што, ноч не ўдалася? — Прэсна ўсміхнулася яна і ўтаропілася ў манітор.

Вірун праігнараваў пытанне. Яму хацелася аднаго: набліжэння вечара, калі ён з палёгкай падымецца з крэсла і подбегам шусне ў падземку. А адтуль дахаты, дзе верна чакае Моніка-Моня, старыя красоўкі і паношаная куртка. Дзецюку раптам так закарцела апынуцца ў старым, закінутым бараку, што аж пяты засвярбелі. Ён толькі цяпер зразумеў, што менавіта там хаваецца разгадка ягонага ўнутранага раздраю. «Пасяджу да паўдня, а затым пабачу. Паскарджуся на дрэнны стан і збягу. Ніякай сілы не стае адседзець цалюткі дзен з выглядам па макаўку занятога чалавека. Стараваты я для гульняў у хованкі. Мяне чакаюць Моніка, барак ды пісьмёны на сцяне. Усё астатняе не вартае ўвагі». На душы Віруна палягчэла, бо ён прыняў рашэнне. Няхай і ва ўрон працоўнай дысцыпліне.

***

У другой палове дня Вірун ужо крочыў па сцяжыне да ўпадабанага барака. Дождж спыніўся яшчэ раніцай. На небе, сярод густаватых хмар, прамільгвала сонца. Яно здавалася запалоханай і юркай дзяўчынкай, якая, пераадольваючы непасільныя перашкоды, імкнецца дапамагчы нямогламу чалавеку ўскараскацца з восеньскай лужыны на краёчак сухой лавы пад навесам. І ўсё ж гушчыня хмар радзела, а сонечныя промні з кожнай хвілінай смялей і напорысцей аблашчвалі ўмакрэлую зямлю, дрэвы, травы і кустоўе. Абнадзейвалі людзей скупой цеплынёй і ласкай.

Вірун схлусіў Моніцы-Моні, калі, прыйшоўшы дамоў, сказаў, што адлучыцца ў краму. Сам жа, не пераапранаючыся нават, толькі пераабуўся, пашыбаваў да кальцавой дарогі, а затым, збочыўшы на сцяжынку, скіраваў да напаўразбуранага барака. Яго туды цягнула невядомая сіла. Падыходзячы да пабудовы, яшчэ за пару добрых соцень метраў, дзяцюк заўважыў каля барака сілуэт чалавека. Якраз насупраць пралома дзвярэй. Вірун крыху запаволіў крок. Мільганула думка: а, можа, вярнуцца дамоў? Яму не хацелася некага бачыць у гэтым бязлюдным месцы. У месцы, якое ён па праве лічыў сваім. Нават, нейкім інтымна-сакральным. І вось на табе, маеш, чужака ў сваіх уладаннях.