Каб неяк сабрацца з думкамі і вырашыць, што рабіць, Вірун няспешна, замаруджана паляпаў правай рукой па кішэнях у пошуку цыгарэт. Нарэшце выняў пачак, выцягнуў з яго адну і пстрыкнуў запальнічкай. Скоса зірнуў у бок барака. Яму падалося, што невядомец пільна ўзіраецца ў Віруна і ўзмахамі галавы, нібы конь у спякотнае надвор’е, кліча да сябе. Дзяцюк зусім разгубіўся. Яму раптам закарцела з усіх ног кінуцца бегчы. Як мага хутчэй і далей ад барака і невядомага чалавека, які так па-сяброўску, гасцінна запрашае яго наблізіцца. Толькі ж у мазгу пульсавала, як нарыў, іншая думка: «Не бойся, а смела ідзі. Ты ж так хацеў разабрацца ва ўсім. Зразумець сябе і тое, што з табою адбываецца. Ідзі! Спяшайся!»
І Вірун паскорыў крок. Не глядзеў нават пад ногі на звілістай сцежцы. Яго пацягнула, нібы жалезную пласціну да вялізнага магніта. Мужчына тварам адчуваў вібрацыю паветра паміж ім і баракам, чалавекам, што стаяў у праломе дзвярэй.
Калі іх падзяляла некалькі дзясяткаў метраў, Вірун пазнаў у незнаёмцы чорнагаловага маладзёна з учарашняга сну. Тая ж усмешка на прыгожым твары і нават адзенне тое ж.
— Дзень добры, брацельнік, — першым павітаўся знаёмы незнаёмец. — Доўга ж чакаць цябе давялося. Думаў, што не прыйдзеш сёння. Але спадзяваўся. Як бачу — не дарэмна.
— Здароў, — проста адказаў Вірун не рукаючыся. — I навошта гэтак тэрмінова табе спатрэбіўся? — Разгубленая ўсмешка скрывіла твар дзецюка. — Здаецца, столькі гадоў шчасліва пражылі, не ведаючы адзін аднаго, і раптам узнікла неабходнасць.
— А ці ж шчасліва пражыў ты тыя гады? — не пагадзіўся прыгожатвары.
— Нікому не жаліўся, — парыраваў Вірун.
— Ну канешне. За спінай толькі разводы, выпадковыя сустрэчы і пастаянны раздрай душы. Пошукі, пошукі... Спадзяванні, расчараванні і зноў пошукі. А чаго і каго? — чорнагаловы пільна глядзеў на дзецюка.
Вірун прамаўчаў.
— Ты сам так і не зразумеў. Добра, што спыніўся на манекене-ляльцы. Сваёй Моніцы-Моні. Лагічнае завяршэнне для нашчадка караючых быком. Толькі манекен і можа быць з табою.
— Ды перастань несці глупства, — папрасіў Вірун. — То быў проста дурнаваты сон у стомленай галаве. І ты, наколькі разумею, галюцынацыя. Чуў, што такое з людзьмі здараецца ад стомы і зашоранасці жыццём. Дастаткова працерці вочы ды страсянуць галавой, і цябе няма.
— Паспрабуй, — падахвоціў чорнагаловы. — А раптам і праўда.
Вірун кулаком цірнуў адно, другое вока і зірнуў перад сабою. Чорнагаловы прыгажун стаяў на тым жа месцы.
— Цяпер пераканаўся, што я рэальны? Як і ў сне. А ўвогуле, ты ўпэўнены, што тое было сном? Усяго толькі сном? Пайшлі ў будыніну. Там я напісаў для цябе чарговы тэкст. Побач з адбіткам тваёй далоні. Табе ж спадабаліся мае папярэднія пасланні. Ты гаварыў пра тэксты і свайму манекену-ляльцы, так званай Моніцы-Моні. Я не памыляюся?
— Ну, гаварыў. Што з таго? — буркнуў Вірун і пайшоў следам за чорнагаловым.
— Чытай, — ні то загадаў, ні то папрасіў прыгожатвары. — Мо тут і знойдзеш для сябе сякія-такія адказы. А мне час не дазваляе больш заставацца побач. Чытай. — Яшчэ раз паўтарыў ён.
Вірун зрабіў некалькі крокаў да сцяны і ўпіўся вачыма ў роўны і прыгожы почырк тэксту.
«Як знайсці дакладныя словы, каб апісаць боль, пакуты, адзіноту чалавечай душы? Колькі не перабірай у памяці, як не напружвай і не моршчы лоб, а ўсё слоўнікавае багацце падаецца нейкім легкадумным, бязважкім і павуціністым. Рэдкім і хліпка-недакладным робіцца слова, пастаўленае побач з боллю. Зацяганым, заношаным, збітым і... ніякім пачуваецца слова і побач з пакутай. Што ўжо казаць пра адзіноту. Адзінота, яна і ёсць — адзінота. Якімі словамі не атуляй і не прыбірай адзіноту, яна, прыгаломшаная прыгажуня, застаецца сам-насам на ўсіх расхрыстаных скрыжаваннях дарог.
Адзінота-жабрачка, адзінота-ганарлівіца, адзінота-фанабэрыстасць, адзінота-уседазволенасць, адзінота-прыгажосць, адзінота-царыца. Ніякае слова не змякчае, не ўлашчвае адзіноту. Калі яна ўжо ўбілася ў душу, то не ўратуе чалавечае цела ані летняя духмянасць лугоў, ні плёхканне лагодных марскіх хваль, нават экзотыка Катманду, няўлоўная пастка кахання не разбурыць за імгненні ўзведзены замак адзіноты. З болем разабрацца прасцей... А ці прасцей? Цяжка, немагчыма чалавеку быць шчырым і праўдзівым нават самім з сабою, што ж ужо казаць пра шчырасць сярод сабе падобных, у паўсядзённасці. Таму і адзінота, боль, пакуты хаваюцца пад маскай абыякавасці на твары і крывадушным лозунгам: “Калі мне баліць і я пакутую ў адзіноце — значыць, я жыву! А як жыву і навошта?” — гэта ўжо пытанне рытарычнае. Не дарэмна ж у свой час нехта зазначыў, што, калі чалавек пачынае цікавіцца сэнсам жыцця, альбо яго каштоўнасцю, то гэта азначае, што ён хворы.