Вірун бяздумна сядзеў у супрацьлеглым кутку барака і невідушчым позіркам упінаўся ў закопчаную сцяну з тэкстам. У нейкі момант яму падалося, што гэта ён сам напісаў, бо згодны з кожным словам невядомага аўтара. Хаця, навошта гэта вайна з сабою, калі чалавеку так мала трэба ў жыцці. Прытым кожнаму. Ну, неабходны жытло, праца, здароўе. Камусьці — сям’я. Камусьці, але не Віруну. Навошта празмерныя амбіцыі, ад якіх робіцца цесна душы і сэрцу? Не намі ж сказана, што на той свет анічога не забярэш.
«Ну ты і даразважаўся! — пасміхнуўся мужчына. — З такімі думкамі чалавецтва вернецца назад у пячоры. А чаму і не? Няблага было б, каб мы, нарэшце, ацверазіліся ад свайго ўсясілля-бяссілля»...
За праломамі вокнаў зацерусіў спорны дождж. Пад парывамі ветру танюсенька заскавыталі пруткі бэзу з утомленай за прамінулае лета лістотай. Праз дзюры на самым вільчыку даху кроплі ўбіваліся ў барак і бязгучна згасалі ў кучах пацярухі-смецця. Запахла адзінотай глыбокай восені: зжоўклай напаўжывой травою, разлезлым і патрушчаным шыферам, абадранымі шпалерамі ды самотай нізкага неба. Сярод усіх гэтых разнастайна-аднолькавых пахаў Вірун пачуваў сябе ўтульна. Тут жыла цішыня. Глыбокая і ўсеабдымная. Няспешная і цягучая, як цукровы сіроп, цвёрда-празрыстая,
нібыта бурштын. Цішыня, якой не хапае штодня чалавеку, каб адчуваць сябе шчаслівым і абароненым, незалежным і вольным не толькі ў думках, але і ва ўчынках. Бо цішыня-самота ачышчае, вымывае з галавы безліч непатрэбнай, але ліпучай, нібы смала, інфармацыі. Цішыня дае магчымасць прыслухацца і нябачным трэцім вокам прыгледзецца да самога сябе. Урэшце, ураўнаважыць жаданні і магчымасці. Цішыня сілкуе ў глыбіні душы парастак шчаслівага мінулага. Таго мінулага, калі маглі радавацца дажджавому чарвяку на ўзбочыне сцежкі, басаножнаму хлюпанню па неглыбокіх лужынах на футбольным полі. Яна ж, цішыня, шчымлівай слодыччу запаўняе сэрца пры згадцы першага спасціжэння даросласці. Вірун у гэтыя хвіліны і цешыўся нязвыклай адзінокай цішынёй пад пошчак дажджу ва ўчарнелым бараку. Ён фактычна быў шчаслівы. Утомлены, расслаблены і шчаслівы. Незаўважна прыплюснуўшы павекі, ён задрамаў. Чуйнасць слыху прытуплялася, цела агортвала лянотная абыякавасць, дыханне замаруджана спакайнела. Сінічка, што прысела на разламанае падаконне, цікаўна зірнула на кручкаватую постаць чалавека каля глухой сцяны і, скокнуўшы раз-другі па ўчарнелай драўніне, спырхнула на кучу друзу пасярод будыніны. Крутнуўшы галоўкай, прыслухалася да наваколля: а ці нямашка паблізу небяспекі? Пераляцела яшчэ бліжэй да прыснулага Віруна. Пташцы хацелася даведацца: навошта нехта прыйшоў у гэтае глухое месца? Што ён тут робіць? Каго шукае? Небяспечны ён для яе альбо не? Счакаўшы яшчэ хвілінку і спасцігшы птушыным розумам, што заспакоены чалавек ёй не пагражае, сінічка юркнула праз пралом столі на гарышча, да свайго жытла ці часовага прыстанку.
А Віруну снілася глыбокае падзямелле з адпаліравана-бліскучай падлогай і груба абчасанымі каменнымі сценамі, у якіх яркімі зоркамі, між палымнеючых паходняў, блішчэлі ў агні алмазы, а пад сценамі разлягаліся галькаю залатыя самародкі. У бязмерна вялікай падземнай зале панавала нейкае мройна-блакітнае святло. Сполахі жывога полымя паходняў і зданістага асвятлення дружна ўжываліся, не парушалі акаляючай гармоніі. Вірун заўважыў удалечыні празрыстыя, на некалькі дзясяткаў метраў удаўжыню, сталактыты. Яны грацыёзна спускаліся з нябачнай столі памяшкання і спічаста застывалі каля падлогі. Ад іх сыходзіла цеплыня. Мужчына гэта адчуваў тварам. Каб упэўніцца, што не памыляецца, ён выпрастаў перад сабою рукі. Нібы сляпы, які шукае падтрымкі. Далоні агарнула прыемная ўтульнасць, кончыкі пальцаў, падалося, быццам нехта асцярожна стрыкануў пучком крапівы. Вірун не адхапіў рукі, а наадварот зрабіў некалькі крокаў наперад, усё трымаючы перад сабою выцягнутыя рукі. Самае дзіўнае, што дзецюку падалося, не, ён быў перакананы, што ўжо наведваўся ў гэтае цудоўнае месца. Ён на ментальным узроўні дакладна памятае, дзе знаходзіцца гэтае падзямелле. Нават можа паказаць на карце, бо з самага дзяцінства, з той хвіліны, як, паслізнуўшыся, зваліўся ў замёрзлую панеўку на азярцы, каля бабулінага дома, ён запомніў гэтую залу падзямелля. Усім сваім хараством, непаўторнасцю ды зманлівасцю яна ўпячаталася ў мозг. Вірун помніў, як гуляўся ў цяжкія самародкі, перакідваючы з далоні на далонь важкія глыжыкі металу. І цяпер яму захацелася нахіліцца і ўзяць пару цьмяна-жоўтых самародкаў. Бо ён помніў, што і яны некалі былі не зябка-халоднымі, а быццам нагрэтымі яйкамі ў гняздзе курыцы-нясушкі. Вірун апусціў правую руку і, збочыўшы да сцяны, нагнуўся да самародкаў.