— Божа мой, я вар’яцею! Дакладна шызануўся! — прашаптаў мужчына сасмяглымі вуснамі.
На ілбе ў дзецюка буйной расою выступіў пот, а вусны перасохлі, як счарнелая піжма пасярод зімы на лысым пагорку.
— Калі і хто змог напісаць на сцяне тэкст? Я ж сядзеў у супрацьлеглым баку. Няўжо не пачуў, як нехта заходзіў? Ды і той чалавек, што зазіраў сюды, як не пабачыў мяне? Не мог ён не ўгледзіць іншага ў такім невялікім пакоі барака. Нешта дзеецца не тое... А да чаго, да якой падзеі незразумелы сон? Пячора з незлічонымі скарбамі, прыгажуня ў чоўне. Эт жа, і прысніцца ж. Ды дзе? У напаўзгнілым бараку давялося пабачыць горы золата. Тэксты, напісаныя невядома кім на закопчанай сцяне. Белае на чорным... Падзямелле і вяшчуння сярод багацця, — Вірун стаяў з угнутымі плячамі і нагадваў цяпер старога каршуна, які патрапіў пад праліўную навальніцу. Куточкі губ на ягоным твары асунуліся, падковай звісалі над прамакутна-масіўным, як любяць маляваць амерыканцы на сваіх вайсковых плакатах падбародкам. У вачах жа застылі глыбокая тужлівасць і непрыхаванае недаўменне, ці, нават, разгубленасць. Па ўсім бачылася, што чалавек заблытаўся ў сваіх думках і перажываннях. Ён цяпер суцішыўся, нібы муха, што патрапіла ў павуту. Але праз хвіліну, сабраўшыся з сіламі, істота пачне змагацца за волю, жыццё і палёт па замкнёным коле. Па коле, якое называецца так проста, але як важка — жыццё. Толькі пакуль невядома: ці хопіць спрыту, навыкаў ды здольнасцей выблытацца з ліпуча-пругкіх цянётаў? Выбрацца з аднаго палону, каб патрапіць у новую пастку. Мо і больш небяспечную ды пагрозлівую за папярэднюю.
Эх ты, чалавек-муха, ці муха-чалавек, усё бяжыш, ляціш, няма часу супыніцца і агледзецца, перавесці дух і ўважліва зірнуць пад ногі, направа, налева, угору, урэшце — перад сабою. Зірнуць і зразумець, што не варта такіх высілкаў твая гонка. Гонка за прывіднасцю смачнейшага кавалка і прывабнасцю новай апраткі. Бо калі ты ўрэшце спынішся і агледзішся, то зразумееш, што твой страўнік-коўбік поўны, а ад адзення ды іншых даброт няма ўжо сілы вольна пачувацца.
Ну што, перавёў дух? Бяжы далей, бо інакш скалееш. У падсвядомасці кожнага антонавым агнём пульсуе думка: рух — гэта жыццё. Толькі так і не інакш. Вось і бяжы, за гарызонтам жа зданістай мараю пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі недасяжная вежа абсалютнага шчасця. Твайго шчасця, задавальнення і роспачы.
Вірун усёй істотай адчуваў ірэальнасць сітуацыі. У ягонай душы нібы ўтварылася трэшчынка-разлом, праз якую і хлешчуць цяпер раздрайныя думкі і пачуцці. Ну, па-першае, чаго пацягнула яго ў гэты закінуты і хісткі барак? Разумны чалавек пабаяўся б і парог пераступіць у такую халупу, а ён, як ачмурэлы, убіўся ў самую сярэдзіну, да таго ж прыснуў тут, як шчаслівы яўрэй пасля кірмашу. Па-другое, угледзеў тэкст на сцяне, напісаны быццам для яго і пра яго. Па-трэцяе, пасля сну, побач з першым нехта напісаў другі тэкст, а ён, Вірун, не змог упільнаваць пісаку. Калі сур’ёзна задумацца над паслядоўнасцю такіх здарэнняў, то прыходзіць думка: выпадкова ўсё гэта, альбо наўмысна, спецыяльна некім задумана? Тады ўзнікае наступнае пытанне, нават два: кім і дзеля чаго?
Вірун уздыхнуў на поўныя грудзі і, правёўшы ўказальным пальцам правай рукі па чорнай сцяне побач з тэкстамі, зрабіў, не азіраючыся, пару крокаў назад. На тым месцы, дзе датыкнуўся палец да закапцеласці, застаўся белаваты след. Звіліста-няроўны, нярвовы, як і жыццёвы лёс самога Віруна. Яшчэ раз зірнуўшы на тэкст, мужчына загадкава пасміхнуўся сам сабе і, усутыч падышоўшы да сцяны, хукнуўшы на далонь, як на пячатку, прыклаў яе да сцяны.
— А гэта мой роспіс, — голасна прамовіў дзяцюк. — Я згодны з усім, што тут напісана. Адназначна завяраю і пагаджаюся з выкладзеным. Але ж, хутка пачне цямнець. Трэба клыпаць дадому. Ніколі не паверыць Моніка-Моня, калі распавяду ёй пра свае сённяшнія прыгоды. Не, не паверыць, як піць даць. Яна яшчэ тая жанчына, якім трэба ўсё не толькі пачуць, але і пакаштаваць, памацаць, нюхнуць і адшчыкнуць крошку ці каліва. А прыйсці ды самой зірнуць ды ўпэўніцца, яна не захоча. Шмат гонару мае, каб швэндацца па струхнелых, прапахлых цвіллю і дажываючых апошнія часіны, бараках. Выпешчаная яна горадам. Ёй цішыні не трэба. Падавайце Моніцы-Моні шум гарадскіх вуліц, клацанне трамвайных колаў аб рэйкі, гул бясконцых аўто і штурханіну людской плыні. — Пакуль гаманіў, мужчына паспеў ужо выйсці на вольнае паветра. Ён прыпыніўся на хвіліну каля ўваходнага праёма, праз які ўварваўся ў будыніну стомлены за дзень вецер. Свавольнік, забраўшыся ў барак, раз-другі садануўся аб перашкоды сцен ды аціх. Відаць, ён урэшце знайшоў тое месца, якое шукаў. Тут яму ніхто замінаць не будзе да самай раніцы. Бо і Вірун вызваліў барак, сабраўся ў сваю ўтульную, хоць і невялічкую кватэру. Да маўклівай, хоць і наравістай ды раўніва-недаверлівай Монікі-Моні. Канешне, яна не беспрытульны вецер, якому патрэбны раздолле і шырыня, нябесная прастора і пошум дрэў ды бязважкасць аблокаў. Моніцы-Моні дастаткова і голасу Віруна, ягонага ненавязлівага клопату і прыцішаных дыванком у зале крокаў, каб адчуць сваю абароненасць і неабходнасць гаспадару кватэры. Моніка-Моня не любіць доўгіх адлучак Віруна. Дзяцюк гэта засвоіў ужо даўно. Яна хвалюецца і нервуецца за яго. Чуйна ўслухоўваецца ў скавытанне ліфта ў пад’ездзе, шчоўканне ключа ў замочнай шчыліне. Часта гэта чужыя людзі падымаюцца да сябе ў жытло, адмыкаюцца суседскія кватэры. А Вірун усё недзе затрымліваецца, штосьці шукае па ўзмежках горада, па пустках ды лагчынах. Ганяецца за прывідным заспакаеннем для душы, а мо і цела. Толькі ж цела змэнчваецца за такія падарожжы-пошукі: пачынае ныць спіна, баляць ногі. Дзяцюк пасля такіх падарожжаў заўсёды жаліцца Моніцы-Моні, а яна абыякава маўчыць. Помсціць яму за вымушаную адзіноту.