Вірун ужо далекавата адышоў ад закінутага барака. Пясчаная сцяжынка вілася між невысокіх пагоркаў, хавалася ў пераросла-высахлым разнатраўі і гублялася за худаватымі лапікамі бярэзнічка, да якога не паспелі яшчэ дапяць і знішчыць гарадчукі. Праз пару кіламетраў сцежка выскачыць да мастка, што перакінуты над тлумнай кальцавой дарогай. Перайшоўшы яго, кожны ўліваецца ў нястомны вір гарадскога жыцця. Таго жыцця, дзе ад шматлюддзя цесна нават думкам у галовах, не тое што целам. Віруну часта здавалася дзікім і ненатуральным жыццё гарадскога люду. Ён пачаў сумнявацца, што ў такой людской таўханіне і гармідары анёлы-ахоўнікі мільёнаў гарадчукоў упільнуюць сваіх абранцаў. Што яны не зблудзяцца і не пераблытаюцца, а змогуць спыніць свайго канкрэтнага чалавека ад непрыгляднага альбо ракавога ўчынку. Няшчасным анёлам-ахоўнікам увесь час трэба пільнавацца абаронца, каб незнарок, на хвілінку адбіўшыся, не згубіцца ў людскім гушчары чужых цел. Мо ад гэтага столькі няшчасцяў здараецца апошнім часам? Бо анёлы-ахоўнікі, нібы малыя дзеці, губляюцца, а людзі, без абярэжлівасці сваіх крылатых абаронцаў, непрадбачліва трапляюць у не тыя месцы, дзе павінны знаходзіцца.
— Цікава, а куды падзяюцца анёлы-ахоўнікі, калі чалавек памірае? — Вірун ад нечаканай думкі замарудзіў крок. — Яны ж не могуць памерці разам з людзьмі. Відаць, эфірныя стварэнні робяцца вольнымі, свабоднымі, як нябесныя птахі. Тады, які сэнс анёлу-ахоўніку абараняць ды аберагаць свайго абранніка? Атрымліваецца, што чалавек для анёла-ахоўніка прыгнятальнік, сатрап... Ух ты. — Дзяцюк дастаў з кішэні курткі цыгарэты. Шчоўкнуў запальнічкай, прыкурыў. — І трэба ж дадумацца да такой дурноты. Але, чаму дурноты? Цалкам лагічнае пытанне, хоць і падаецца непрыгожым і нават гнюсным. Можна пайсці яшчэ далей: як Усявышняму прыгледзець за цяперашняй колькасцю людзей у свеце? За сямю мільярдамі! Даруй мне, Божа, за такія думкі але незайздроснае ў цябе існаванне. — Цыгарэтны дым казытаў у ноздрах, выдыхаўся мужчынам у вечаровую шэрань. Пад падэшвамі абутку лёгка шаргацеў вільготны пясок. Дзе-нідзе прыходзілася дзецюку абыходзіць невялікія лужынкі, якія пакінуў нядаўні дожджык. Калашыны нагавіц у Віруна вымаклі да самых каленяў. Гэта ад травы, якая пры хадзьбе чалавека атрасала з сябе вільгаць на ягонае адзенне.
— Сапраўды, існуюць пытанні, на якія ніколі не зможаш адказаць. Пераканаўча і даходліва. Аргументавана і доказна. Часта прыходзіцца чыесьці довады і пастулаты проста прымаць на веру. Відаць, што так атрымліваецца і з нашымі анёламі-ахоўнікамі. Яны заўсёды і паўсюль з намі таму, што так ёсць і так павінна быць. Усё вельмі проста і зразумела, — Вірун шчыра ўсміхнуўся наваколлю. На душы зрабілася лёгка і ўтульна, зразумела і ясна. Быццам пасля цяжкай працы, калі завершана манатонная справа.
Віруну падабалася заставацца сам-насам. Ён гадзінамі мог блукаць па пустках і лугавінах прыгарада. Зазіраць у недалёкія лясныя масіўчыкі. Шукаць у летнюю пару першыя чырвоныя кропелькі сунічак, знаходзіць цёмна-фіялетавыя россыпы чарніц, узбівацца на сямейкі лісічак ці спаткацца з важна-засяроджанымі, а таму замаскіраванымі, ганарліўцамі баравікамі альбо падасінавікамі. Мужчына рабіў такія паходы не для наедку, а дзеля ўнутранага суладдзя. Такія паходы ён здзяйсняў летам. Позняй восенню ж шлындаўся не так далёка ад горада, як хацелася б. Прычына адна: рана цямнела. Пакуль дабярэцца на метро да свайго новага спальнага раёна, перакінецца парай слоў з Монікай-Моняй, перакусіць, а на прагулянку застаецца не больш гадзіны-паўтары.