Выбрать главу

У канторы, дзе працаваў Вірун, не вельмі яму назалялі з размовамі ды роспытамі калегі. Яны ведалі, што мужчына не гаваркі, а таму пасля прывітання і пары банальных фраз прымаўкалі, займаліся сваімі справамі ды клопатамі. Надараліся дні, калі Вірун мог моўчкі адпрацаваць цалюткую змену і напрыканцы дня, не развітваючыся, сысці дамоў. Да такіх паводзін дзецюка супрацоўнікі звыкліся, нават не лічылі яго дзіваком. Маўляў, маўклівы чалавек, ну і няхай сабе маўчыць. Хто ведае, што ў яго на душы? Бо балбатаць языком сёння ўсе майстры. У кожным кутку абмяркоўваюць тэлешоу, якія напарэдадні паглядзелі па каляровых скрынках, лежучы на канапах. Маўклівасць у наш час можна ўспрымаць як знак якасці чалавека. Нават ягонай абранасці.

Вірун даўно заўважыў, што вакольны свет пакрыху шызее, тупее, зарастае танным тлушчам, апускаецца ніжэй ватэрлініі. Што пэўныя, абавязковыя чалавечыя якасці, якія цаніліся раней, беззваротна дэградуюць, прыніжаюцца і выраджаюцца. Робяцца непатрэбнымі ў стасунках. Іх замяняюць новыя, невядома адкуль узятыя, выродлівыя каштоўнасці. Хаця, якія ж яны каштоўнасці? Як гаворыцца, свята месца пустым не бывае. І вось на змену дабрыні і спачуванню аднекуль выплывае і трывала замацоўваецца злая зайздрасць. А дзеля таго, каб адчуць сябе чалавекам, менавіта Чалавекам, трэба прынізіць бліжняга свайго, альбо ж зусім незнаёмага, выпадковага прахожага на вуліцы, пасажыра ў транспарце. Бо кожны хоча мець больш вольнага месца. Пашырыць свой асяродак, адабраўшы некалькі ўздыхаў вольнага паветра ў паплечніка.

Можа, таму Вірун з гадамі і ператварыўся ў маўчуна, які больш слухае і назірае, чым гаворыць ці прамаўляе. Шосты год яму добра, нават выдатна пачуваецца з Монікай-Моняй. Не назаляючы адно аднаму, яны шчасліва суіснуюць, часам дзеляць адзін ложак. Гэта ў тыя ночы, калі Вірун заўважае, як ягоная жанчына замаркоцілася, альбо ў зімовы час, калі ў пакоі бывае не дужа цёпла. Маразы ж у лютым калі-нікалі дасягаюць і мінус трыццаці. Вось тады мужчына забірае Моніку-Моню з улюбёнага ёю фатэля да сябе ў ложак. Грэе азяблыя рукі, ногі, твар. Супакойвае яе і абяцае не пакідаць вечарамі ў самоце, прыходзіць дамоў раней, разам гатаваць вячэру і шастаць па інтэрнэце. Моніка-Моня шчасліва засынае побач з дзецюком. Яны абодва шчаслівыя.

У мільённы раз Вірун гатовы паўтарыць: як жа мала чалавеку трэба для шчасця! Усяго-та адчуваць сябе здаровым, быць хоць некаму патрэбным, мець унутранае суладдзе, нейкі дах над галавою, працу для кавалка хлеба — і ўсё!

«А ці так гэта ўжо і мала? — задумаўся мужчына, выходзячы на тратуар і ўліваючыся ў гарадскую плынь. — Па вялікім рахунку, не многа і не мала. Якраз, каб панесці, не ўгінаючыся і не ламаючы хрыбет».

Як ні дзіўна, але апошнім часам Вірун зрэдку, але прыгадвае сваіх жонак. Былых каханак. Вяртаецца ў мінулае і разумее, што на сённяшні дзень, з цяперашнім жыццёвым вопытам, ён шмат што б змяніў, зрабіў па-іншаму. Не быў бы такім просталінейным і безапеляцыйным. На некаторыя рэчы і ўчынкі жонак ён прыплюшчваў бы вочы, не заўважаў, ці, больш правільна сказаць, не надаваў бы такое значэнне. Ну ніяк не катастрофа гэта, што Віялета, дзе б ні павярнулася, паўсюль разводзіла бруд і неахайнасць. Ды і здрада Таццяны ў турыстычнай паездцы — не такая ўжо і трагедыя для сямейнага жыцця. Канешне, навучыцца дараваць іншым іх правіны — складаная задача. Дужа складаная. Яна вымагае вялікага жыццёвага досведу і вопыту, разважлівасці ды аналізу прычыны і выніку. Гарачнасць маладосці зразумелая, асабліва тады, калі кахаеш, калі верыш у вечнае каханне, у нязменнасць сямейных каштоўнасцей, калі верыш у святасць адносін. Эх, маладосць-маладосць. Толькі ж Вірун ніколі не шкадаваў пра зробленае. Ён даўно ўжо дараваў сваім жанчынам і не адзін раз сам у думках папрасіў у іх прабачэння.

У некаторых вокнах шматпавярховікаў ужо запальвалася святло. Зноў пайшоў дождж, але не такі моцны, як папярэдні, а прыцішаны і няспешны, нудотна-доўгі. Па густа абкладзенаму аблокамі небу можна меркаваць, што ён будзе доўжыцца ўсю ноч, прыхопіць яшчэ і раніцу наступнага дня. Чаго здзіўляцца? Восень жа, глыбокая восень. Яна нібы няспешная сталасць-старасць чалавека. Удумліва-разважлівая і ў той жа самы час — непрадказальная: то нечакана сонца вызірне, а то без дай прычыны і невядома адкуль нагоніць занудлівай і непрагляднай імжы. Цягучай і казытліва-роспачнай, падобнай да паталагічнай самоты, якая ўзнікае ніадкуль і бясследна знікае пасля навалы-дрымоты, што агортвае чалавека падчас роздумных, тысячы разоў перадуманых і перабраных у памяці мінулых дзён, гадоў, дзесяцігоддзяў. Восень, матухна восень і даецца дзеля таго, каб прыпыніцца, падумаць, узважыць ды прыняць у свой набытак пройдзена-пражытыя зіму, вясну і лета.