Вірун любіў восень. І раннюю, і познюю, нават з першымі прызімкамі, калі танютка-гладкі лядок прыхопліве ваду ў лужынах, а шаравата-чорную зямлю прысыпаюць снежныя крупінкі. Уведзеныя прыродай у зман галубы спрабуюць кляваць гэты прасяны падарунак набёсаў. Шкада, што ім нельга насыціць валякі птушкам, а толькі ахаладзіць галодныя дзюбы ды расчаравана шукаць спажывы на прыпынках грамадскага транспарту ці ў сметніцах каля пад’ездаў дамоў. Дзецюку кожная восень была непаўторнай. Ён менавіта восенню падлічваў свае пражытыя гады, хоць і нарадзіўся Вірун напачатку лета. Але ж лета, яно легкадумнае, паспешлівае і вірлівае: ніякай роздумнасці і глыбіні ў ім. Таму мужчына адзначаў свой дзень нараджэння на другі дзень Уздзвіжання. Калі, па народным павер’і, усё лясное гадаўё залягала на зімовую спячку. Вірун напярэдадні набываў пляшку добрага віна, абавязкова чырвонага, і, седзячы апошнімі гадамі з Монікай-Моняй на кухні, няспешна выпівалі. Піў, канешне, сам віноўнік урачыстасці, а сяброўка маўкліва пазірала на пасталелага імянінніка і загадкава-адасоблена ўсміхалася. Усмешка Монікі-Моні заўсёды зачароўвала Віруна. Мужчыну здавалася, што ў ёй схавана ўся мудрасць чалавецтва. Ён быў перакананы, што менавіта такія ўсмешкі ён бачыў у далёкім дзяцінстве на тварах старэнькіх вясковых бабуль, у вачах якіх застыла вечнасць а самі яны, іх твары, нібы свяціліся ледзь улоўным, але такім яўным і фантастычным святлом, якое можна было зачарпнуць ад іх прыгаршчамі і выліць на сябе. Дзяцюк па сёння памятае тыя светлыя і мудрыя ўсмешкі, ад якіх разбягаліся ва ўсе бакі яго дзіцячыя непрыемнасці ды крыўды. У тых бабулек былі лёгкія, як пёры далоні, нібыта пушынкі — пальцы. Але ж ад дотыкаў іх бязважкіх рук загойваліся вокамгненна Віруновы збітыя калені і локці, зацягваліся драпіны. Ападалі пухіры ад крапівы-пякучкі. І галасы бабулек з дзяцінства заўсёды былі лагодныя, сардэчна-шчырыя і даверлівыя. Да іх не страшыўся прыходзіць з любой крыўдай і дзіцячай бядою. Бабулькі ўмелі, нібы вецер на небе, разагнаць-развесці ў бакі непрыемныя і пагрозлівыя хмары. Старыя жанчыны вучылі дзяцей усміхацца і радавацца кожнаму дню, дапамагалі спасцігаць простую мудрасць існавання. Яны вучылі дабрыні і спагадлівасці яшчэ кволыя дзіцячыя душы. Дапамагалі бачыць навакольную прыгажосць і непаўторнасць. Кожная кветка, любая казюрка мела для іх выключнае значэнне.
Толькі, калі вырас, пасталеў і паспытаў дарослага жыцця напоўніцу, Вірун задумаўся над тым, як маглі неадукаваныя бабулькі з вёскі быць настолькі мудрымі, дальнабачнымі і святымі? Святымі той святасцю, якой сёння не знойдзеш ні ва ўніверсітэце, ні ў акадэмічным інстытуце, ні нават у царкве, сярод служак Усявышняму. Парадокс!
Мужчына мінуў тралейбусны прыпынак, перайшоў перакрыжаванне дарог і спыніўся непадалёк ад універсама. Ён успомніў, што ў лядоўні няма ні кроплі малака да ранішняй кавы, ды і цукар канчаецца. Добра б было прыкупіць і нешта мясное для бутэрбродаў. На ганку крамы мужчына заўважыў прывязанага сабаку, які аддана чакаў гаспадара. Вірун міжволі ўзгадаў, як яшчэ да сустрэчы з Монікай-Моняй ён збіраўся набыць сабе шчанюка і выгадаваць чатырохлапага сябра, які ніколі і ні пры якой сітуацыі не здрадзіць. У ягонай падсвядомасці і свядомасці цвіком-соткай засеў выраз, які аднойчы агучыла маці. Яна ў той вечар, калі Вірун паскардзіўся на школьнага сябра Тодзіка, сказала, што, калі не хочаш мець ворагаў, то ніколі не заводзь блізкіх сяброў. Бо хто яшчэ, акрамя сябра, ведае твае самыя балючыя мясціны... Усміхнуўшыся і падміргнуўшы засмучонаму лабрадору, дзяцюк заскочыў у краму. Куртка прамокла, і Вірун адчуваў целам вільготнасць адзення. Вялікіх чэрг не назіралася, ён хуценька зрабіў пакупкі, склаў іх у пакет, што насіў у кішэні, выйшаў на ганак. Сабакі ўжо не было на месцы. Дачакаўся аблавухі свайго гаспадара, пабег ва ўтульную кватэру. Будзем так думаць, што ва ўтульную і гасцінную. Павінна ж у жыцці шанцаваць і рэдкім сабакам, якіх заводзяць не толькі дзеля незразумелых амбіцый, але і па поклічы душы.