Выбрать главу

Чамусьці сёння Віруну ва ўсім бачылася больш шэрых фарбаў, чым яркіх. Ягоны мозг, атрымаўшы нязмушаную волю, пераскокваў на розныя сентэнцыі, рэфлексіі. Бо як жа без іх. Яшчэ і комплексы. Без іх, радзімых, таксама няма чалавека. А мара кожнага павінна здзяйсняцца. Добрая і светлая мара. У дзіцяці і дарослага.

«Жылі б мы, як мурашы-вандроўнікі, дзе нямашка ні іерархіі, ні камандзіраў, ні наглядчыкаў. Няма падначаленых, выканаўцаў і паганятых. Усё робіцца агулам, разам. Кожны мураш задзейнічаны ў жыцці калоніі-арганізму. У іх існуе толькі адна маці-каралева. Такі мурашыны арганізм бессмяротны, — Вірун перакінуў пакет з адной рукі ў другую. Вольнай далонню ляснуў па кішэні і зразумеў, што не набыў цыгарэт. А без іх ён, як без паветра. — Ну і параўнанне, — скрывіў грымасу мужчына. Ён хоць і адышоў далекавата ад крамы, але павярнуў назад. — Дык вось пра мурашоў, — узбіўся зноў дзяцюк на перарваную думку. — Усе мурашы роўныя адзін перад адным. Няма лідараў, кожны з іх лідар і выканаўца. Вось каб здарыўся цуд, і мурашыныя прынцыпы прыжыліся ў людскім асяродку. Гэта быў бы пачатак новай эры для чалавецтва. Каб жа ж дзе знайсці краіну міру і справядлівасці. Мы ўвесь час вядзём барацьбу з сабою, суседам, знаёмым і зусім чужымі людзьмі. Нашыя сэрцы моцныя і параненыя адначасова. Але заўсёды мы перакананы, што лепш быць мёртвым, чым рабом. Дык дзеля чаго імкнёмся ўсё жыццё кагосьці падпарадкаваць? Жонка — мужа, бацька — сыноў і дачок, начальнік — падначаленага. Відаць, кожны з нас слабы, а нам хочацца сілы за кошт абяссільвання іншых. Не дзіўна, што ў маім узросце пачынаеш азірацца назад. Шукаць сэнс пражытага.

А дзе ён, той сэнс? Як хоць выглядае? Ці мае ён колер, смак, вышыню і шырыню? Колькі доўжыцца ў прасторы?»

Вірун раптам прыгадаў нечаканую гаворку з сястрой на кухні. Ён тады прыехаў у раённы цэнтр, дзе атабарылася Ніна, пасля даволі доўгага растання. Папіўшы кавы ды з’еўшы самаробнага пірага, яны гаманілі пра родных і знаёмых, дзяліліся навінамі: што набылі і прыдбалі за прамінулы час, куды з’ездзілі, якія дзівосы пабачылі. І вось зусім нечакана сястра спытала ў Віруна.

— Скажы, а дзеля чаго мы ўвогуле жывём? Які сэнс жыцця?

Мужчыну такое пытанне агаломшыла. Поўнасцю. Бо ў яго пра сэнс існавання пыталася Ніна. Ягоная малодшая сястра, якая мела прыстойную сям’ю, добрага мужа і двух выдатных сыноў. Здавалася, што ўсё ў яе мелася для шчасця і радасці. Але ж вось якое пытанне яна задала брату. Чалавеку, які не меў на той час ні жонкі, ні дзяцей... Што ён мог адказаць Нінцы? Звычайную банальшчыну, шматслойную і пустую. Але ён добра запомніў апошнюю сваю фразу: «Нінэль, сэнс жыцця — у ягонай бессэнсоўнасці». На тым і пагадзіліся. Бо кожны з нас сам-насам шукае свой сэнс жыцця. Іншае пытанне: ці знаходзіць, застаецца адкрытым да апошняга выдыху.

Незаўважна Вірун дайшоў да пад’езда свайго дома. На вуліцы ўжо добра сцямнела. Запаліліся прыдарожныя і дваровыя ліхтары. Іхняе слепаватае асвятленне неяк гублялася ў змроку. Не набывала акрэсленасці і яркасці. Магчыма, што так здавалася з-за мройнага дожджыка-імжы, які аднастайна сеяўся з нахілена-нізкага нябеснага прасцягу.

«Трэба распавесці Моніцы-Моні пра мае сённяшнія прыгоды. Не забыцца расказаць сон і пісаніну на ўчарнелай сцяне. Мо яна мне нешта разгадае ці падкажа. Сцвярджаюць жа, што жаночы розум больш гнуткі і падатлівы ў разгадцы галаваломак, — Вірун націснуў на клыпажок ліфта, які, цяжка заскрыгатаўшы, пасунуўся з верхніх паверхаў на першы. — Ды праз пару дзён трэба выкраіць якую гадзінку і наведацца зноў у той барак. Мо з’явіцца нешта новае на сцяне? Цікава было б упільнаваць невядомага пісацеля, спытацца, дзеля чаго ён практыкуецца ў езуіцкай прозе? Навошта, з якой мэтай вылівае на закапцелай сцяне пакутлівасць сваёй душы? У наш час для гэтага існуе не толькі папера, але і камп’ютары, інтэрнэт. Выкладвай у сусветнай павуце ўсё, што набалела, што турбуе і непакоіць сэрца. Але ж наколькі сугучны роздум невядомага стваральніка тэкстаў майму цяпершняму стану».

Ліфт паралітычна таргануўся, шчоўкнуў некалькі разоў і разлапіў уваходныя дзверы. Дзяцюк увайшоў у глухі пенал пад’ёмніка і націснуў патрэбны паверх. Яго вочы спатыкнуліся, пераскочылі з аднаго надпісу на другі, трэці. Ды іх не злічыць на ўсіх чатырох паверхнях ліфта. Чаго толькі не накрэмзана на гладкіх бакавінах! Пачыналася самаробная рэклама нумарамі тэлефонаў і заканчвалася пэўнымі органамі мужчын ды жанчын. Маладое пакаленне хвалілася сваёй дасведчанасцю і распустай. Раней Вірун неяк не звяртаў увагі на фламастэрнае пісьмо ў ліфце. Вочы глядзелі і не бачылі напісанае, бо мозг пераварваў дзённыя ўражанні, быў заняты больш істотнай працай, чым чытвом таго, што накрэмзала галапузая моладзь. А вось сённяшнім вечарам позірк зачапіўся за разнамастыя надпісы і нязграбныя малюнкі нумары тэлефонаў даступна-пажадлівых дзяўчынак ды хлопчыкаў.