Незвычайная вандроўка па Крэўскіх мурах
Частка І
ЗА ЗАМКАВЫМІ МУРАМІ
БУСЛЫ НАД КРЭВАМ
Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,
Што швейцарскія горы, старыя Афіны.
Што мне Вена, што мне Лондан туманны…
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы.
Маё першае вочнае знаёмства з гэтым гняздом крывіцкай славы, як ні дзіўна, адбылося толькі на пачатку новага стагоддзя і нават новага тысячагоддзя. Пазнавата, вядома. Але ад гэтага не стала менш значнай мая захопленсць ім, як не паменела ягоных загадак, не прыцьмілася ягоная слава (хіба толькі няўмольны час не пашкадаваў велічы ягоных сцен і вежаў), наадварот, яшчэ больш дайшла да свядомасці людзей ягоная значнасць і каштоўнасць – самога замка, тых падзей, што некалі тут адбываліся, бліжэйшвм стаў лёс тых людзей, што жыццё сваё знітавалі з гэтым магутным і гордым тварэннем рук чалавечых.
Крэўскі замак...
Прамовіш гэтыя словы, і адразу адчуваеш подых гісторыі, нібыта на ўласныя вочы бачыш шыкоўныя балі вялікалітоўскай знаці, як бы на свае вушы чуеш гучныя размовы вялікіх князёў літоўскіх і іхніх замежных гасцей, а з сырых і цёмных падзямелляў ледзь чутна праз тоўшчу сцен і гадоў даносяцца енкі і стогны тых, хто кінуты ў замкавыя лёхі, каб жыццём сваім заплаціць за непаслушэнства гаспадару тутэйшаму.
Так, гэта – Крэўскі замак, велічныя і ўпартыя руіны якога і дагэтуль не паддаюцца ні часу, ні людзям...
Гарачае, проста спякотнае лета не перабіла нашага жадання дабрацца да Крэва, пабачыць рэшткі старажытнага Крэўскага замка, з якога стала на крыло, пайшла-паляцела ў вялікі свет наша сумесная з Польшчай гісторыя, запачаткаваная ў 1385 годзе знакамітай Крэўскай уніяй, заключанай з палякамі вялікім князем літоўскім Ягайлам. Мо цеплілася ў нас, падарожнікаў, надзея, што прысак распаленай сонцам дарогі прыгасіцца прысакам даўнішняй беларускай гісторыі. Хацелася крышку астудзіцца ля халаднаватых і ў спёку – а мо схаладнелых ад жудасцяў, што тварыліся калісьці тут? – рэшткаў сцен і лёхаў старадаўняй памяткі часоў Вялікага княства Літоўскага.
Так ці інакш, а ліпеньскі санцапёк і сапраўды аказаўся не такім ядавітым ля Крэўскіх муроў. Высветлілася, што мы не адны такія. Некалькі таксама “неарганізаваных” турыстаў-наведнікаў не спалохаліся расплаўленага ліпеньскага неба і зачаравана блукалі па руінах былой велічы і славы. Адны. Без нічыіх кваліфікаваных тлумачэнняў, без спрактыкаваных гідаў-экскурсаводаў.
Але самі яны аказаліся людзьмі дасведчанымі і адзін перад адным стараліся як мага паўней выявіць прыхільнасць да даўніны і веданне падзей, звязаных з Крэвам. Гэта ўсцешыла і абнадзеіла: не, не знікнем мы ў паняверцы, калі моцна трымаюць карані нашы, калі намагаемся нечаму вучыцца ў гісторыі, якая лічыцца суровым і непадкупным настаўнікам.
Калі ехалі па старадаўняй зямлі калісьці магутнага і слаўнага на ўсе ваколіцы Крэўскага княства, калі пад’язджалі да Крэва, вядомай ў ХІІІ стагоддзі сталіцы Нальшчан, не пераставалі дзівіцца, як шмат, неверагодна шмат наўзбоч дарог, у паселішчах буслянак. На дрэвах, на слупах, на стрэхах хат.
Аказалася, і ў самім Крэве, і нават каля замка іх не менш. І ўсе ўганараваны даўганогімі гаспадарамі, якія, як філігранна вытачаныя з бялюткага мармуру, на фоне замглёнага спякотай нябеснага блакіту ўяўляліся даўнімі рыцарамі ў белых плашчах-накідках, што вартуюць не толькі свае гнёзды, а і недаравальна забытую і, здараецца, прысвоеную іншымі тутэйшую гісторыю.
А чырвананогія абярэжнікі беларускай зямлі клапатліва схілялі свае галовы да неакрэплых пакуль буслянятак і нешта нячутнае нам клекаталі сваім дзеткам. Ці не баялі легенды і показкі, якімі шчодра атулены гэты край, каб з маленства запомніла малеча сваё знакамітае радавае гняздо? Каб ведалі, куды вяртацца з далёкага і цёплага, але не зродненага духоўна выраю – на беларускія палеткі, да хат шчырых рупліўцаў-гаспадароў тутэйшай зямлі, да нязводнай крыніцы непаўторнай крывіцкай гісторыі, што бусловым клекатаннем чуецца з-над муроў Крэўскага замка, гэтага раскіданага ўжо гнязда крывіцкай славы.
І як бы знарок, нібыта сцвярджаючы сваю знітаванасць з г э т а й гісторыяй некалькі белакрылых птахаў паважна пакружылі ў трымцівым ад спёкі паветры і апусціліся на счырванелыя ад промняў паніжэлага ўжо сонца, васпаватыя ад часу і пакрышаныя, пашчапаныя дажджом і ветрам, цагляна-чырвоныя і шэра-каменныя замкавыя сцены, на дагэтуль высакародную і непадатную ветравеям Княскую вежу, у якой некалі трагічна абарваўся лёс легендарнага і назаўсёды захаванага ў людской памяці славутага вялікага князя літоўскага Кейстута.