Белыя буслы, чырвань сцен і палымяная барва вечаровага неба…
Містыка нейкая, дый годзе.
Як і тое, што на стромых вертыкальных замкавых мурах невядома якім чынам смокчуць жыццядайныя сокі велікаватыя і ўраджайныя сёлета арабінкі, шапатлівыя клёнікі. Дзе зніжэлыя, а дзе вышэйшыя, часам надта высокія сцены ад нізу да самага верху як бы пранізаны маладымі дрэўцамі, нібыта гэта сама гісторыя працягвае да нас свае маладыя рукі, нястрымна мкнецца ўгору, да сонца і прызнання. А ўчэпістая трава забыцця намагаецца схаваць і самі сцены, і тую летапісную рэальнасць, што панавала тут даўным-даўно – не за нашым часам.
Колькі гадзін непрыкметна адышлі ў нябыт, аднак немагчыма саступіць з гэтых утравелых насыпаў, каменных крушняў, што былі калісьці сценамі, зааераных балацявінак, якія засталіся ці не з часу будаўніцтва замка каля сутокаў рэчак Краўлянка і Шляхцянка. Намагаюся ўявіць, што адбывалася тут некалі, як жылі, як паводзілі сябе вялікія князі літоўскія – Альгерд, Кейстут, Вітаўт, Ягайла, чым займаліся іхнія дружыны і чэлядзь, іхняя радзіна, тутэйшы люд папаліты.
Заплюшчыў вочы, і паплыў час, адносячы ў даўніну, у нязводную мінуласць. Водар гісторыі абудзіў уяўленне, узнавіў прачытанае і пачутае. Здаецца, адтуль, з пракаветнай вечнасці даляцелі галасы нашых продкаў. Хто шэптам, хто крыкам, а хто ціхім маленнем за нашу зямлю распавядаў пра падзеі даўно мінулыя, пра наш агульны беларускі радавод, пра пошукі той адзінай і ратавальнай дарогі да храма, на дзвярах якога звабліва для многіх пакаленняў свяціліся словы: “Людзьмі звацца”.
Суцішаная мройнасць ахінула наміткай супакаення. А тут раптам невядома адкуль паважна выплыў з-за муроў конік, па-гаспадарску ступіў на вялізны ўтравелы замкавы пляц, агледзеў яго, а пасля пакаціўся на мурог і давай дурэць, забаўляцца, качацца па траве. Не зважае нават, што качаецца па шматсотгадовай гісторыі.
Чый ён?
Альгердаў? Мо няўтомны конік годна служыў гэтаму дабраслаўнаму сыну сваёй зямлі, адважнаму, мудраму і прызнанаму дзяржаўцу, што ўзвысіў і ўмацаваў Княства, прымножыў ягоныя ўладанні і даказаў ваяўнічую моц?
Ягайлаў? Які з беларускіх зямель з годнасцю вялікага князя трапіў у стольны Кракаў, на каралеўскі польскі пасад, узяўшы за жонку маладзюткую і найпрыгожую ў Еўропе каралеву Ядвігу. Мо гэта яго шматкроць з ахвотай імчаў конік у тутэйшыя дубровы і пушчы на любімыя былым язычнікам ловы?
Вітаўтаў? Які сваёй адвагай, мудрасцю і гаспадарлівасцю ўзвёў Вялікае княства Літоўскае на найвышэйшы ўзровень у Еўропе, надаў яму не адно тэрытарыяльнай разлегласці, але і годнай, нікім не неаспрэчанай магутнасці, за што яшчэ пры жыцці назвалі яго Вітаўтам Вялікім? Мо гэты конік уратаваў яго ад Ягайлавай помсты, завёў у стан крыжакоў, а пасля ўсё адно вярнуў на родныя пожні і нават вынес да бурапеннага Чорнага мора, дзе вялікалітоўскі гаспадар заснаваў знакамітую Адэсу?
Кейстутаў? Мо прывёз конік гэтага сівабародага мудраца ў Крэва і ніяк не дачакаецца, не разумее, куды і за што знік гаспадар, на каго пакінуў?
Эх, конік-конік! Каб жа быў ты чароўны і, як Сіўка-Бурка, перанёс на стагоддзі назад, паказаў тыя шляхі-дарогі, па якіх да нас стукаецца наша гісторыя, просіцца ў нашыя душы, кліча-заклікае не быць Іванамі без роду і племені!
Пачуў сённяшкі конік наша жаданне і сапраўды пімчаў нас да нашах каранёў, да запачаткавання нашай светлазорай славы...
ЗАМКІ ЗАПАЧАТКОЎВАЛІ ГАРАДЫ
Замкі Беларусі.
Нават само спалучэнне гэтых слоў мае нейкі таямнічы, загадкавы і зваблівы сэнс. Ва ўсякім выпадку для мяне. Пачуеш слова “замак”, і адразу ва ўяўленні паўстаюць нязвыкла невядомыя, але і адначасна як быццам недзе бачаныя (мо віна ў гэтым кінафільмаў?) пышныя старасвецкія палацы, дзе жыццё размаітае і нянаскае, не звыкла будзённае, а ўзнёслае, вірлівае, нават небяспечнае – рыцарскае адным словам.
Бо і сапраўды сярэднявечныя замкі вылучаліся сваім непаўторным водарам існавання, заквашаным не адно на перыпетыях кахання з таямнічымі спатканнямі і дуэлямі рыцараў-супернікаў, але і на куродыме ваенных пажараў, звоне клінкоў і мячоў, грукатанні камянёў, што падалі на галовы захопнікаў, булькатанні смалы, што лілася на іхнія галовы. Гэта і таямнічая прахалода глыбокіх падзямелляў, і страхатлівая цемра пакручастых падземных хадоў, і нябачныя цені прывідаў, што абавязкова спадарожнічалі насельнікам ледзь не кожнага беларускага замка.