Выбрать главу

А мо ва ўсім гэтым вінаваты “мой” Нясвіжскі замак, які з маленства ўвайшоў і ў маю свядомасць не толькі сваімі велічнымі ў параўнанні з саламянастрэхімі хутарскімі і вясковымі хацінамі сценамі і спічастымі вежамі, але і нечуванымі показкамі пра тамашняе – замкавае, палацавае – жыццё, у якім небыліцы (чаго варты адны радзівілаўскія прагулкі-катанні на мядзведзях, запрэжаных у сані, па тых пасыпаных соллю – каб слізка было – падземных хадах, што, кажуць, цягнуліся ажно да Мірскага замка, дзе віравала несціхана вясёлае цыганскае жыццё, бо Мір, аказваецца, быў цыганскай сталіцай “на ўсё Вялікае княства Літоўскае”, дзе жыў сам цыганскі барон, прызначаны, дарэчы, на гэтую пасаду тым жа Пане Каханку Радзівілам) спалучаліся з рэальнымі расповядамі пра добрыя дзеі і пра незвычайную жорсткасць магутных гаспадароў не адно нясвіжскай зямлі – Радзівілаў?

Так ці інакш, а палацы і замкі дагэтуль вабяць мяне, дарослага, сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. Я перакананы, што беларускія замкі – гэта сапраўды бясцэнны культурны і гістарычны нацыянальны скарб. Сёння. Заўтра. І назаўсёды.

Толькі – калі ўсе мы гэта зразумеем і зробім усё магчымае і нават немагчымае, каб і самі замкі з палацамі, і іхняя аўра захаваліся як мага больш поўна і аўтэнтычна. Каб напаўразбураныя – аднавіліся, каб зніклыя – былі пазначаны хоць бы адметнымі знакамі-памяткамі. Бо яны – сведкі былой велічы і магутнасці, што і сёння прарастае на нашай зямлі добрымі справамі і спеліць, мацуе і загартоўвае яе будучыню.

Шмат слаўных і трагічных старонак нашай гісторыі звязана з замкамі. Калі б не яны, не майстэрства іхніх будаўнікоў, не мужнасць, адвага і самаахвярнасць іхніх абаронцаў, то мо не было б сёння і беларускай зямлі. Яшчэ і дагэтуль старадаўнія абарончыя комплексы здзіўляюць сваёй архітэктурнай выразнасцю, канструктыўнай зручнасцю, абарончай магутнасцю, ды і проста паважнасцю, велічнасцю, а часта і непаўторнай прыгажосцю. Нават іхнія руіны сведчаць пра былую моц, нават замчышчы ўражваюць сваёй непрыступнасцю.

І ўсе гэтыя гняздоўі беларускай славы ахінуты наміткай таямнічасці, атулены шматлікімі легендамі і паданнямі. Без іх і сама наша гісторыя многае страціла б, была б сухой і невыразнай, а яе ўспрыняцце – без належнага даўніне рамантычнага арэола. Вось каб удалося расхінуць заслону часу і даведацца пра ўсе таямніцы, выслухаць споведзі ўсіх замкавых прывідаў – наколькі ажыла б і зарунела беларуская гісторыя, якой захапляльнай і непаўторна-зваблівай стала б яна. Не горай, чым у даўно і звыкла прызнаных еўрапейскіх майстроў гістарычна-дэтэктыўнага жанру.

Кажуць, што Беларусь зверху нагадвае карункавы кляновы лісток. Калі б выпала шчаслівая магчымасць узняцца над гэтым лістком і зірнуць на зямлю праз чароўныя акуляры, шмат цікавага маглі б мы ўбачыць. Заўважылі б, што нібыта пульсуючымі жылкамі пранізаны гэты лісток рэчкамі, рэкамі, рачулкамі, ручаямі. А калі б нейкі чараўнік здолеў у адначассе аднавіць усе беларускія замкі, што некалі “грозна, думна” азіралі наваколле, нашаму здзіўленню не было б межаў. Як пагодлівым жніўнем бары і лясы густа засяляюцца каралямі-баравікамі, так і нашая зямелька спрэс прарасла б цудоўнымі архітэктурнымі ансамблямі.

Замак і замок.

На першы погляд паміж гэтымі словамі няма ні прамой сувязі, ні ўзаемазалежнасці. Аднак, калі супаставіць глыбінны сэнс абодвух слоў у гістарычнай праекцыі, можна зразумець іхнюю роднаснасць і паяднанасць. Па самай першаснай сваёй сутнасці замкі выступалі сапраўднымі замкамі-ахоўнікамі беларускай зямлі. Кожны з іх уяўляў надзейны, з індывідуальным сакрэтам замок, які перакрываў шлях ахвотнікам заваяваць і зваяваць нашыя палеткі, лясы, бары, балоты і рэкі, зняволіць і абяздоліць нашых людзей. Адабраць чужое – ці не гэта было галоўным правілам і наймоцным памкненнем многіх прыхадняў-заваёўнікаў?

Нездарма некалі існавала завядзёнка, згодна з якой зямля, няхай сабе па ёй топчуцца заваёўнікі, не лічылася захопленай, пакуль не зломлена апошняе супраціўленне ў замку, пакуль там жывуць і абараняюцца тутэйшыя гаспадары. Таму і доўжыліся аблогі замкаў тыднямі, месяцамі, а то і яшчэ больш.

А беларуская ж зямля знаходзілася на самым ажыўленым еўрапейскім скрыжаванні. Як ні заманецца нейкаму заваёўніку выпрабаваць сілу свайго суперніка, ніяк не можа абмінуць нашы землі. Таму не бракавала ні іншаземных прыхадняў, ні суседніх князёў і валадароў, што ласа пазіралі на суседскія пажыткі. Практычна ніколі не прыпыняліся тут ні баявыя дзеянні, ні спробы завалодаць гэтым краем подкупам, падманам, інтрыгамі і хітрыкамі. Рознае бывала на шматвяковым пакручастым шляху беларускай гісторыі. Але чым больш нашы продкі супраціўляліся захопніцкім памкненням дужых, моцных і проста авантурных заваёўнікаў, тым больш, здаецца, ліплі яны, тым больш жорсткай была расправа з няскоранымі, працавітымі, вольналюбівымі і прыветнымі тутэйшымі людзьмі.