Выбрать главу

18 студзеня 1385 – у Кракаў прыбывае пасольства вялікага князя літоўскага Ягайлы з просьбай рукі Ядвігі, што здзівіла ўвесь свет і напалохала крыжакоў. Здзівілася і сама Ядвіга. Узначальваў пасольства брат Ягайлы Скіргайла, у яго складзе былі швагер вялікага князя Барыс Суздальскі і віленскі стараста Ганул. Іншыя крыніцы называюць яшчэ Івана Гальшанскага. Згодна з цырыманіялам двара адказ замежным пасольствам даваў не сам манарх. Ад імя трона Ягайлу адказалі, што ён мусіць накіраваць пасольства да маці Ядвігі венгерскай каралевы-ўдавы Эльжбеты. Барыс і Ганул разам з польскімі пасламі паехалі ў Венгрыю. Ядвіга спадзявалася, што справа задоўжыцца, а яна паспее выйсці замуж за Вільгельма. Аднак кардынал і легат папскі ў Венгрыі і Польшчы быў зацікаўлены ў каранацыі Ягайлы і таму давёў справу да таго, што Эльжбета дадала да польскага пасольства сваіх прадстаўнікоў і яны са згодай вярнуліся ў Кракаў.

Чэрвень 1385 – генеральны з’езд у Кракаве вяльможаў з розных мясцін, большасць яго ўдзельнікаў дала згоду на шлюб Ягайлы з Ядвігай і вырашыла звярнуцца да яго з прапановай стаць на чале Каралеўства Польскага. Пасля гэтага польскія паслы Уладак з Аградзеньца, падчашы кракаўскі, Мікалай з Асаліна, кашталян завіхойскі, Крыстын з Астрова і два паны венгерскія павезлі гэтае рашэнне да Ягайлы ў Крэва. А ў гэты час венгерская каралева-ўдава Эльжбета Басьнячка змяніла сваю думку і ў адказ на дамаганні аўстрыйскага князя Леапольда ІІІ згадзілася на шлюб Ядвігі з сынам Леапольда Вільгельмам.

Панядзелак 14 жніўня 1385 – напярэдадні Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Крэўскі замак да вялікага князя літоўскага Ягайлы прыбывае польскае і венгерскае пасольства ў вышэй названым складзе са згодай на шлюб з Ядвігай і запросінамі на караля польскага. Заключана дэкларацыя, якую назвалі персанальнай Крэўскай уніяй – дзяржаўны саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Акт падпісалі з літоўскага боку князі Скіргайла, Лінгвен, Карыбут, Вітаўт, з польскага – члены пасольства. У выніку аб’яднаныя гаспадарствы займалі каля 800 тысяч квадратных кіламетраў, распасціраліся ад Шлёнска да Акі, ад Балтыкі да чарнаморскіх стэпаў. Крыжакі, каб перашкодзіць Ягайлу, праз два дні пасля падпісання Крэўскай уніі распачалі вайну супраць Княства. Яны ж абвінавачвалі атачэнне Ядвігі ў тым, што змусілі яе да бігаміі (жыць з двума мужамі), а таму не прызнавалі шлюбу з Ягайлам. Іхнія намаганні прывялі да таго, што папа Урбан VІ нават не прыслаў свайго віншавання ні з аказіі хрышчэння, ні з нагоды каранацыі Ягайлы. Аднак пазней папа змяніў свой погляд і пасля хрышчэння Літвы 17 красавіка 1388 года накіраваў Ягайлу пахвальную булу, у якой назваў яго “найдарожшым у Хрысце сваім сынам”.

11 студзеня, нядзеля, 1386 – у Ваўкавыску адбылася сустрэча польскіх паслоў з Ягайлам, які з братамі і баярамі накіроўваўся ў Кракаў. Пасольства перадало яму дэкларацыю, падтрыманую ўсімі панамі польскімі і шляхтай, і ад імя ўсяго польскага грамадства аб выбранні Ягайлы каралём польскім, а таксама аб згодзе аддаць яму за жонку Ядвігу і з запросінамі на з’езд шляхты ў Люблін, які меў адбыцца 2 лютага. Тут жа абмяркоўваліся варункі Княства і Кароны ў будучым саюзе. Пасля гэтага абоз Ягайлы на чале з Вітаўтам вырушыў у Кракаў. Па дарозе Ягайла выслаў у Мальбарк Дымітра з Гарая да вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Цолнера, каб паведаміў пра намер Ягайлы змяніць веру і папрасіў магістра ад Ягайлавага імя быць хросным бацькам.

2 лютага 1386 – Ягайла прыбывае ў Люблін. Тут агульны элекцыйны з’езд польскай шляхты ўсімі галасамі прысутных выбірае Ягайлу каралём. Польска-літоўская унія стала фактам. Дарэчы, пазней каралеўская дарога з Ваўкавыска праз Бярэсце ў Люблін стала важным купецкім шляхам у гандлі палякаў з вялікалітоўскімі землямі.

3 лютага 1386 – Ягайла публічна прысягнуў на вернасць Крэўскаму акту.

12 лютага, панядзелак, 1386 – Ягайла з братамі і дружынай прыбыў у Кракаў.

15 лютага 1386 – адбылася ўрачыстая цырымонія хрышчэння Ягайлы з братамі ў каталіцкую веру. Ягайла атрымаў новае імя – Уладзіслаў, Вітаўт стаў Аляксандрам, гэтае імя ён атрымаў падчас другога хрышчэння ў праваслаўе пасля вяртання з Тэўтонскага ордэна. Карыгайла стаў Казімірам, Свідрыгайла – Баляславам. Вялікі магістр Ордэна Конрад Цолнер, запрошаны быць хросным бацькам Ягайлы, не з’явіўся. Гэта было палітычнае рашэнне. Бо акурат у той самы час, калі ішла каранцыя, крыжацкія войскі ўступілі на тэрыторыю Княства. Ордэн, падахвочаны Вільгельмам да супраціўлення, не мог адмовіцца ад намаганняў ахрысціць паганаў. Ролю хроснага ў Ягайлы выканаў Уладзіслаў Апольчык, у гонар якога, як сведчаць некаторыя гісторыкі, і было дадзена імя Ягайлу, адначасова яно злучала новаахрышчанага караля з пястаўскай традыцыяй, з Уладзіславам Лакеткам. Хроснай маці Ягайлы была Ядвіга з Пільчы – удава пасля ваяводы сандамірскага, маці будучай трэцяй Ягайлавай жонкі Эльжбеты з Пільчы, сястра Спытка з Мельштына. Некаторыя крэўныя Ягайлы не захацелі мяняць веру і засталіся праваслаўнымі.