21 сакавіка 1416 – смерць другой жонкі Ягайлы Ганны Цылейскай.
Пачатак мая 1417 – шлюб Ягайлы з трэцяй жонкай – Эльжбетай Пілецкай (з Пільчы) альбо Граноўскай.
12 мая 1420 – смерць трэцяй Ягайлавай жонкі Эльжбеты Пілецкай, якая не пакінула пасля сябе сумесных з каралём дзяцей.
24 лютага 1422 – у Новагародку ў касцёле адбылося ўрачыстае вянчанне караля польскага і найвышэйшага князя літоўскага Ягайлы, якому было 70 гадоў, з 17-гадовай князёўнай Соф’яй Гальшанскай і яе хрышчэнне па лацінскаму абраду. Імя свайго не змяніла. Пасля гэтага Ягайла з жонкай паехаў у Ліду, дзе адбылося спатканне з папскім легатам Зянонам, які павінен быў дапамагчы развязаць справу з крыжакамі.
5 сакавіка 1424 – каранацыя Соф’і Гальшанскай на каралеву польскую ў Вавельскай катэдры.
31 кастрычніка 1424 – у Соф’і і Ягайлы нарадзіўся першынец – сын Уладзіслаў, які стаў пасля каралём польскім і венгерскім.
16 мая 1426 – у Соф’і і Ягайлы нарадзіўся другі сын, якога 2 чэрвеня ахрысцілі на Казіміра.
2 сакавіка 1427 – памёр другі Ягайлаў сын Казімір, які не пражыў і года.
1427 – у каралеўскім замку на Вавелі разгарэўся шумны скандал. Каралеву Соф’ю абвінавацілі ў здрадзе мужу і паставілі пад сумненне праўдзівасць яе сына Уладзіслава і маючага быць трэцяга сына. Некаторыя сведчаць, што зрабіў гэта на з’ездзе ў Гародлі Вітаўт. Іншыя кажуць пра іншых асобаў, пра ўдзел у гэтым Люксембургаў і Габсбургаў. Так ці інакш, а пагалоска выйшла далёка за межы Кароны і Княства. Ягайла паверыў і пачаў пошукі вінаватых. Дзве дваровыя служанкі каралевы Кацярына і Эльжбета Шчукоўскія назвалі сямёра рыцараў, якія нібыта мелі інтымныя адносіны з Соф’яй. Сярод іх былі Пётр з Курава, Генрык (Гінча) з Рогава, Ваўжынец Зарэмба і Ян Краска. Кароль загадаў арыштаваць вінаватых. Некаторыя ўцяклі – Ян з Канецполя, браты Пётр і Дабяслаў са Шчакаціна. Гінча ўсім паўтараў адну фразу: “Каралева не здраджвала каралю...” На судзе, які напрыканцы лістапада загадаў правесці Ягайла, Соф’я разам з сямю матронамі і адной паннай з двара мусіла прынесці ачышчальную прысягу вернасці каралю. Рыцараў апраўдалі.
30 лістапада 1427 – нарадзіўся трэці сын Соф’і і Ягайлы, ахрышчаны на Казіміра Андрэя – у гонар ягонага дзеда Андрэя Гальшанскага. Пазней стаў вялікім князем літоўскім і каралём польскім.
27 кастрычніка 1430 – смерць вялікага князя літоўскага 80-гадовага Вітаўта Вялікага. Цела яго ўрачыста перанесена з Трокаў і 7 лістапада пахавана ў віленскай катэдры святога Станіслава поруч з жонкай Ганнай. Скончыў свой зямны шлях трэці пасля Гедыміна і Альгерда магутны аб'яднаўца і ўзвышэнец вялікакняскіх зямель. Летапісцы засведчылі розныя прыродныя прадвызначэнні, выкліканыя смерцю Вітаўта. У Смаленску, напрыклад, тым годам аб'явіўся голы, зусім без поўсці, воўк і паеў шмат люду. Трокскае возера на сем дзён пакрылася барвовай крывёю.
1431–1433 – каралева Соф’я з падтрымкі Ягайлы збудавала ля кафедральнага касцёла ў Вавелі капліцу Святой Тройцы, якая стала пазней месцам яе вечнага спачыну. Капліца была аздоблена рускімі (візантыйскімі) фрэскамі і абразамі. Гэткія ж аздобы ўжо меліся ў катэдры ў Гнезне, у касцёлах на Лысай Гары і ў Любліне, у каралеўскай спальні ў Вавелі, у касцёлах сандамірскім і вісліцкім. Для капліцы Соф’я спецыяльна заказала алебастравыя пліты з рэлігійнымі сюжэтамі ў візантыйскім стылі. Капліца захавана і да гэтага часу, толькі вось цела самой Соф’і ў гэтай капліцы няма.
1433 – Свідрыгайла захапіў і спаліў Крэва. У гэты час ён вёў барацьбу за вялікакняскі пасад.
1 чэрвеня 1434 – у Гарадку ля Львова на 82-м годзе жыцця памёр кароль польскі і найвышэйшы (вярхоўны) князь літоўскі Ягайла. Перад смерцю прасіў, каб на караля абралі старэйшага сына Уладзіслава, а апеку над абодвума сынамі даручаў Збігневу Алясьніцкаму. 48 гадоў знаходзіўся Ягайла на ўладных пасадах у Княстве і Кароне.
Цела яго, змешчанае ў драўляную труну, аблітую смалой і пазначаную каралеўскімі гербамі, павезлі ў Кракаў. Па дарозе адбываліся жалобныя набажэнствы, паніхіды, на якія сцякаўся люд просты і панскі. Чуўся плач, гучалі словы жалю, павагі і шанавання. Пахавалі караля ў вавельскім кафедральным касцёле святога Станіслава ў Кракаве, а сэрца паклалі ў францысканскім касцёле Гарадка, які назвалі Ягелонскім.
21 верасня 1461 – ва ўзросце 56 гадоў памерла Соф’я Гальшанская, жонка караля польскага Ягайлы і маці каралёў Уладзіслава і Казіміра. Яе пахавалі ў ёй жа збудаванай на праваслаўны манер капліцы кафедральнага касцёла ў Кракаве, ля заходняй сцяны, што было характэрна для праваслаўных.