А яшчэ легенды сведчаць, што новы мураваны замак меў падземныя хады-лёхі, якія звязвалі яго са старым гарадзішчам, дзе некалі знаходзіўся драўляны замак, меліся тунэлі і з іншымі мясцінамі.
Волатаўская сіла будаўнікоў добра пасавала з магутным знешнім воблікам Крэўскага замка. Па сваёй форме ён нагадваў Лідскі замак, у аснове меў няправільны чатырохвугольнік са сценамі рознай даўжыні – ад 71 да 108 метраў. Вышыня іх дасягала 13 метраў, таўшчыня – 2,75 метра. Ягоную магутнасць падкрэслівалі вежы ў двух кутах, размешчаныя па дыяганалі. Адна з іх называлася Княскай. Архітэктурнай выразнасцю і велічнасцю яна спраўна адпавядала сваёй назве. Вежа была трохпавярховая, амаль квадратная. Памерам 18 на 17 метраў, а ўвышкі больш за 25 метраў. Была накрыта спачатку гонтай, а пазней чарапіцай-дахоўкай. У ёй знаходзіліся княскія пакоі, памяшканні для абслугі. Унізе размяшчалася страшная сваёй суровасцю, цемрай і холадам вязніца, рэшткі якой захаваліся і дагэтуль. Як сведчыць гісторыя, не пуставалі ні пакоі, ні турма.
Хоць Крэўскі замак адрозніваўся сваімі мясцовымі асаблівасцямі, якіх надавала яму майстэрства беларускіх дойлідаў, аднак меў і выразныя прыкметы еўрапейскай архітэктуры. Ён нагадваў шырока распаўсюджаныя ў тагачаснай Еўропе замкі-кастэлі. Іх галоўная абарончая вежа, круглая або квадратная, называлася, як мы ўжо згадвалі, данжонам. Яна служыла адначасова і жылым памяшканнем, выконвала прадстаўнічыя функцыі, з’яўлялася апошнім прыстанішчам для абаронцаў. Як, напрыклад, Княская вежа Крэўскага замка. Беларускімі данжонамі можна лічыць таксама вежы ў Камянцы, Бярэсці, Гародні, Новагародку, Тураве. Усе яны былі не асобнымі збудаваннямі, а з’яўляліся часткай замкаў. Але да нашага часу гэтыя данжоны практычна не захаваліся.
Не толькі сваёй архітэктурай, а і сістэмай абароны Крэўскі замак нагадваў Лідскі. На вышыні 10 метраў сцены мелі баявыя галерэі-памосты, якія трымаліся на драўляных бэльках. А праз кожныя 2,4 метра пазіралі на свет сваімі пільнымі вачамі байніцы. Меліся і тайныя запасныя выхады. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў Крэўскім замку існаваў таемны ход для вады, якой можна было напоўніць сажалку на ўнутраным двары. Што такая сажалка сапраўды існавала, і сёння нагадвае своеасаблівая канфігурацыя і рэльеф ўнутранага двара.
Крэўскі замак складаў адну абарончую лінію магутных крапасных умацаванняў разам з Лідскім, Новагародскім, Медніцкім і Трокскім замкамі. Усе яны мелі агульнадзяржаўнае значэнне і з’яўляліся надзейнымі замкамі на шляху агрэсіўных крыжакоў. Паданні сведчаць, што ўсе гэтыя замкі былі злучаны між сабой падземнымі хадамі. Гэта зніжала небяспеку іхняга захопу і павялічвала абарончыя здольнасці. Калі б, напрыклад, прышэльцы здолелі трапіць у адзін з замкаў, яго абаронцы па глыбокіх лёхах незаўважна перайшлі б у іншы. А тады, сабраўшыся з сілай, па гэтых жа падземных хадах маглі вярнуцца ў замак і знутры расправіцца з ворагам.
Гэткі ўмацаваны рубеж сапраўды адпавядаў вядомаму выслоўю, якое належыць мужнаму рускаму князю Аляксандру Неўскаму. Гэта ён у 1240 годзе перамог шведаў (Неўская бітва), за што атрымаў прозвішча Неўскі. У 1242 годзе адолеў нямецкіх рыцараў Лівонскага ордэна (Лядовае пабоішча). Пазней царква залічыла яго да ліку святых. Дык вось, Аляксандр Неўскі гаварыў: “Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне”. Так шматразова было і ля сцен беларускіх замкаў. Крэўскі – не выключэнне.
Абарончай сілы яму дадавалі натуральныя прыродныя ўмовы. Яго ахоўвалі дзве ракі. Паблізу размяшчалася высокая Юрава гара (дарэчы, гэта пэўным чынам нагадвае размяшчэнне першага Менскага замка). Яна выконвала ролю своеасаблівага назіральнага пункта. Гісторыя шматкроць засведчыла, што гаспадары Вялікага княства Літоўскага абароне не толькі дзяржавы, а і саміх замкаў надавалі асаблівую ўвагу.
МАГУТНАСЦТЬ ЗАМКАЎ – КЛОПАТ ДЗЯРЖАЎНЫ