Данілка. Каб ты мяне і гвалтам гнаў, то я не пайду ўночы ды яшчэ з крыжам. Каб яшчэ ваўкі дзе з'елі або нябожчыкі напужалі.
Зоська(падыходзячы да Сымона). А ты пазволь мне, братка, ісці туды разам з вамі! Як ты і мамка пойдзеце, мне будзе страшна адной тут сядзець. Мне здаецца, што нейкае няшчасце мяне тут спаткае, як без вас астануся.
Сымон. Не адна будзеш! Малыя, Данілка разам будуць.
Зоська. Яны спаць лягуць, а я, як цень, буду снаваць тут сама адна. Баюся я гэтага папялішча раскапанага. Мне тут зданні усялякія здаюцца. Вазьмі мяне, братка, з сабою! (Да Марылі.) Мамачка, вазьміце мяне — я несці памагу крыж вам!
Сымон. Перастань лезці у вочы! Не твая работа крыжы насіць або за імі хадзіць.
Чуваць здалёк дажынкавую песню. Сымон падымае крыж і стойма дзержыць яго пры сабе. Усе нейкую мінуту слухаюць песню.
Зоська. Ха! Дажынкавую песню пяюць! Сымон. Але! Дажынкі у дварэ! Марыля. Відаць, к сабе дамоу ідуць. Сымон. Але! Але час і нам ужо ісці! Марыля (закручваючы хустку). Час, дзеткі!
Сымон узвальвае на плячо крыж і выходзіць, за ім Марыля; Зоська памыкаецца таксама ісці, але варочаецца і канчае плясці вянок.
З'ява IV
Зоська, Данілка, дзеці.
Зоська. Пайшлі! Не узялі мяне з сабой. Нават слауца добрага не сказалі. А так хацела з імі ісці, так хацела! Самі крыж паняслі.
Данілка. Э-э! нацешышся яшчэ, Зоська, з крыжа! Пачакай трохі. Мне ўжо крыж пачынае балець,— мусіць, з працы каля гэтае скрыпкі — будзе і табе тое самае!
Зоська. Маўчы ты ўжо лепей, Данілка, аб гэтым! Лепей скажы весь, калі ты, урэшце, скончыш тэту скрыпку сваю?
Данілка. Тады, як ты зносіш вяночак, што цяпер пляцеш.
Зоська. А скуль ты ведаеш, што я буду насіць?
Данілка. Фі! Каб я ды не ведаў? Я нават ведаю, калі ты яго зносіш, а значыцца, тады і скрыпачка гэта мая будзе ўжо гатова.
Зоська. Калі ж гэта па-твойму будзе?
Данілка. Тады, як ты сцежкі ў двор не ўбачыш!
Зоська. Што ж гэта я, значыцца, аслепну!
Данілка. Можа, і аслепнеш. Але ты і ўжо не усе бачыш. Эх, Зоська! Шкода мне цябе. У мамкі і Сымонкі ласкі не маеш, а І там, дзе ты думаеш ласку знайсці, дабро цябе не чакае.
Зоська. Чаму ты так гаворыш, Данілка?
Данілка(не слухаючы). Няхай сабе кажуць, што я дурнаваты, што я такі, што я гэтакі, але я ўсё бачу і усе разумею. Не хачу толькі наверх вылазіць з сваім розумам, бо з ім цяперашнім светам далека не зой-дзеш. Дурнаваты Данілка ці зусім дурны — малы клопат! А толькі што менш яго чапаюць і дрэнчаць, як якога разумнага, то гэта напэўна магу сказаць, бо не ведаюць, чым дасаліць яму, бо Данілка з усяго смяецца. А што ж вы, разумныя? Хоць бы ты, Сымон? Таўпе-хаецеся, як Марка па пекле ці як мухі ў смале, і больш нічога. Кожны вас шчыпе, кожны вас ашуквае, кожны вас, як-то кажуць, б'е і плакаць не дае. А каб вы был! дурныя, то хоць бы вас і дрэнчылі, але затое не так моцна, бо не так бы вас, дурных, баяліся, як баяцца цяпер вас, разумных.
Зоська. Да чаго ты ўсё гэта чаўпеш?
Данілка. А хоць бы да таго, што твой паніч, як адбудзецца з намі суд, едзе кудысь за мора жаніцца.
Зоська(выпусціўшы вянок з рук). Як гэта?.. Што ты кажаш?.. Паніч будзе жаніцца!.. Як гэта — жаніцца?..
Данілка. Як будзе жаніцца?.. Так, як і усе добрыя ці нядобрыя людзі жэняцца. Ужо ж не так, як...
Зоська. (перабіваючы). А што ж мне з таго? Няхай жэніцца! Вялікая мне бяда? Ці ж ён мой жаніх ці каха-нак?..
Данілка. Дзеля каго ж ты гэта ў вяночак убірацца сягоння манішся? Ну, але мне спаць хочацца! (Да дзяцей.) Пойдзем, малыя! Хто спіць, той не грашыць. Я сягоння абраў новае лежа для спання: на мае шчасце, забыліся будку сабачую раскідаць, дык на месца Лыскі нашага я з вамі, малыя, пасялюся. (Хоча выходзіць.)
Зоська(змагаючыся з сабой). Данілка! Ці гэта праўда, што ты казаў? Ці гэта праўда?
Данілка(адвярнуўшыся). Вось, на табе груцы з бобам! Дурны сказаў, а разумны і паверыў.
Зоська. Дык гэта ты мне наманіў?
Данілка. Ведама — наманіў! Ці ж я ўжо такі, без усіх клёпак у галаве, каб разумным праўду гаварыць? Спі, сястрыца, спакойна. (Выходзіць.)
З'ява V
Зоська адна.
Зоська. Та-а-к! Пэўна, што гэта няпраўда. Але што са мной робіцца? Аб чым гэта я думаю? Так ці сяк, сон мой залаты павінен развеяцца; чары туманныя скончац-ца, і я, такая як цяпер, скончуся. Заместа мяне будзе другая нейкая мара цягнуць далей лямку свае новае долі. Гарыстым і пясчаным шляхам будзе яе цягнуцъ, як сібірнік тачку, пакуль аж сама сябе не дацягне туды, адкуль не варочаюцца... дзе тата... да магілак! Бр! Што я думаю? Як жа гэта ночка заўсёды нейкай чорнай і страшнай птушкай кладзецца на мае думкі! Звядуць гэтыя ночы, гэтыя чорныя птушкі няшчаснае жыццё мае ў цьму непрагляднуюі 3 сілы выбіваюся ў змаганні з гэтым безгранічным сумам, што вакруг мяне сцелецца і жудкімі вачамі глядзіць у мае маркотныя вочы. Ха! Уцяку ізноў адгэтуль і буду блукацда да самага белага дня там — дзе ён, дзе яго, свайго ненагляднага каралевіча, спаткаю. Буду далей сніць пры ім дзіўную повесць свае моладасці, чараўнічую казку свайго шчасця; песню буду пяяць набалелага сэрца і расплаканай душы! Пайду к яму ў вяночку гэтым. (Прымярае.) Але! Як у кароне, з'яўлюся к яму і звешу галаву сваю гаротную на грудзі яго лебядзіныя. (Чуваць шорах.) Што гэта? Нехта ідзе! Данілка, гэта ты? Божа! Як страшна! Такі ж нехта прыбліжаецца! (Прытуляецца к дзераву.)
З'ява VI
Зоська, Незнаёмы.
Незнаёмы(з вехай у руках). Не пужайся, сястра мая! Я свой чалавек, хоць і прыходжу не званы, не сланы.
Зоська(перапужаная). Хто ты?.. Хто вы?..
Незнаёмы. Хто я? А ужо ж чалавек! А што болей трэба ведаць, калі толькі не гэта?
Зоська. Я тут адна!.. нікога нямашака дома. Дык чаго ж вам трэба?.. Можа, начаваць? Але, як бачыце, у нас няма як...
Незнаёмы. Мне нічога не трэба, сястра мая. Я не з тых, што толькі прыходзяць, каб што ўзяць, а з тых, што з сабою нешта добрае прыносяць.
Зоська. Але калі я вас баюся, чалавеча! Вы нейкі такі дзіўны!
Незнаёмы. Не бойся, сястра! Я ліст, адарваны з таго самага дзерава, што і вы, што і многія мільёны падобных. Вецер свабодны прынёс мяне сюды, на вашую руіну. Хацеў бы з табой і з братам тваім аб важных справах пагаманіць.
Зоська. Я ж вам казала, што нікога няма дома, а я сама нічога не ведаю.
Незнаёмы. I нічога, сястра, ведаць не трэба, а што трэба — я скажу, а ты гэта брату перадай... Слухай, сястра! Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сестры павінны на гэны сход з'явіцца.
Зоська. Хто склікае?
Незнаёмы. Сам па сабе склікаецца. Ніхто не ведае, ад каго наказ такі выйшаў, а усе, дзе толькі кліч дабег, уздымаюцца і ідуць, як мурашкі, ідуць!
Зоська. А калі хто не пойдзе?
Незнаёмы. Хто самахоць не пойдзе, над тым пра-кляцце завісне, бо на сходзе жыццё мільёнаў будзе важыцца, а ў такіх вялікіх справах і адзін чалавек можа сабой сюды ці туды перацягнуць.