Выбрать главу

Зоська. То і я мушу ісці на гэны сход?

Незнаёмы. Але, сястра. Толькі старцы і дзеці ад яго звольнены.

Зоська. А куды ісці?

Незнаёмы. Сумленне і жаданне сабе і другім шчасця дарогу табе пакажа. У гэтым вяночку ідзі! Толькі трэба ісці, не азірацца, бо хто азірнецца — у слуп спячы заменіцца, якога і перуны пасля з месца не зрушаць.

Зоська. Та-а-ак! Я пайду, я мушу куды-небудзь ісці адгэтуль; тут так страшна, так страшна!

Незнаёмы. Ідзі, сястра! І брата за сабою вядзі, а я тым часам да іншых пайду кліч клікаць.

Зоська. Я скажу Сымону. Толькі, мусіць, суд наш пакуль не адбудзецца, ён не пойдзе на ніякі сход, пэўна што не пойдзе.

Незнаёмы. Але пасля суду хай прыходзіць. Дый яшчэ буду я ў вас.

З'ява VII

Зоська адна.

Зоська(садзіцца на зямлі). Які незвычайны чалавек! Казаў — яшчэ будзе ў нас. Але хаця б толькі не ўночы? А то так яго слухаць страшна, хоць заадно і хочацца слухаць. Штосьці нявысказанае цягне і к яму, і на гэны сход небывалы... Незвычайны чалавек! Не знай, не ведай — сястрой мяне называў! Чаму ён мяне так называў? Ха! Трэба ўцякаць адгэтуль, а то яшчэ хто другі такі прыйдзе і жудасці ўсялякае з сабою нанясе. Пайду! Пайду к яму, к свайму месяцу святлянаму, абаўюся каля яго, як хмель каля дубочка, і забудуся хоць на час на свае думкі трывожныя, на самую сябе беспрыпынную. Як ручэйку кужалю — распушчу касу сваю дзявоцкую па плячах сваіх белых... ён любіць мяне такую! (Распускав касу.) А цяпер палажу на галаву вяночак з васількоў, бо ён казаў, што мае вочы, як васількі, дык няхай жа васількі і на валасах маіх кра-суюцца! (Кладзе на галаву вянок.) Цяпер якраз буду русалка. Бо так! ж русалкай ён мяне сваей заве, ды, пэўна, я калісь і буду ею. Бо люблю гэта царства русалчына! Там яны сабе то, як рыбкі, у вадзіцы плюскаюцца, то ў лес выходзяць і на галінах калышуцца, як тыя кветкі-званочкі ўлетку на сенажаці. Шчаслівыя яны, гэтыя русалачкі, шчасця нашага дзявочага наследнічкі. Шчаслівыя і спакойныя! А тут мучся, дзяўчына, не ведаючы, як i што з сабой чыніць! Але пара ісці ўжо! Ён, залаценькі, даўно, пэўна, чакае мяне. Так! Даўно месячык свае зоркі чакае, а яна ўсё толькі здалёк яму ўсміхаецца. (Устав i памалу, з распушчанымі валасамі, ідэе, пасля здзіулена адступае назад.) Ён сам ідзе ка мне, ён сам! Ах, якое шчасце!

Уваходзіць Паніч; Зоська часіну любуецца ім, а пасля вісне ў яго на шыі.

Заслона.

Акт чацвёрты

Час — позняя восень. 3 саду апала лісце. Сцюдзёна.

З'ява І

Марыля, Аленка, Юрка.

Марыля(уваходзіць з Аленкай і Юркам, сама нясе галлё, а Аленка з Юркам — бульбу ў прыполіках). Ціха, дзеткі, ціха! Зараз абагрэемся і павячэраем. (Кідае галлё.) А бульбачку сюды сыпце! (Дзеці высыпаюць.) Кажаце — халодна? Ну, дык зараз агоньчык вам распалю. (Распальвае.) Цяпер садзіцеся, дзеткі, і грэйцеся, а бульбінкі на агоньчык, на жарок кідайце, каб скарэй пякліся. Не бойцеся, яшчэ не замерзнеце і з голаду не памрацё, пакуль я тут жыву! Але пакуль што не так вельмі халодна. Во як прыйдзе канец восені ды зіма з снегам загуляе, тады — рэч іншая! Ну і тады нічога, дзеткі, нічога! Мінае лета, міне восень, зіма, а там і вясна прыйдзе. Цёпленька будзе, сонейка будзе грэць, траўка зелянець, птушачкі пяяць, садочкі цвісці... А цяпер грэйцеся, дзеткі, грэйцеся! Каб толькі Сымонка наш скарэй з суду вярнуўся.

З'ява ІІ

Тыя ж і Данілка.

Данілка(падыходзячы к агню). А! як добра, што мамка разлажылі агоньчык і бульбачку печыцё, бо мне, праўду кажучы, дрыжыкі па целе так і скачуць, не раўнуючы, як смык па скрыпцы, а тут (паказвае на жывот) кішка з кішкой у такія між сабой кулачкі ідуць, што хоць ты ўрадніка кліч разбараняць іх! (Садзіцца і грэецца.) А-та-та! Як цёпленька! Страшэнна не люблю сцюжы! Так, здаецца, на тэты час закапаўся б дзе ў бярлог, як мядзведзь, i праспаў бы да самае вясны, бяда толькі, што на скуры мядзведжая шэрсць не вырасла!.. Мамка, чаму я не мядзведзь?

Марыля. Бо ты дурненькая варона! Сам не ведаеш, што чаўпеш.

Данілка. Э-э! Каб я быу хоць варонай!.. Ужо б даўно са сваёй скрыпачкай паляцеў адгэтуль куды-колечы ў цяплейшую хату. Але што з пустога ў паро-жняе пераліваць! Mo я трохі i мядзведзь, i варона, але ўсё роўна толькі — Данілка: на льва ці на сакала трудна пры цяперашніх варунках выкіравацца. Окончу скрыпачку — ужо нямнога засталося каля яе работы — i пачну сабе іграць. Каму — вяселле, каму — хрэсьбіны, а каму... Бяда толькі, што няможна іграць на хаўтурах, а то такога «Лазара» завёў бы, што хоць упрысядкі ідзі!

Марыля. Ну, і дагаварыўся! Ці ж пад «Лазара» ідуць упрысядкі?

Данілка. А чаму ж не пайсці? Я сам першы пусціўся б. Мне, калі музыка зайграе, дык і ўсярэдзіне ўсё іграе, а ногі так і чэшуцца да падскаквання.

Марыля. У цябе ўсё нялюдскае. Толькі б і скакаў там, дзе іншыя плачуць.

Данілка. Э! Бо скакаць не ўмеюць, дык i плачуць; як мокрыя вароны, сноўдаюцца, або як блёкату аб'еў-шыся... Ну, хоць бы так, як наша Зоська.

Марыля. А што — Зоська? Дзе ты яе бачыў?

Данілка. Дзе бачыў? Я з двара ішоў, а яна ў той бок цягнулася, распусціўшы валасы, як русалка якая.

Марыля. Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Не кажы хаця аб гэтым Сымону.

Данілка. Камедыя — хто не ведае, а хто i ведае, дык усё роўна — камедыя. Чаго тэты Сымон хоча ад ix? Там зусім добрыя людзі жывуць. Вось, хоць бы я... Пайшоў сягоння да ix у пазыкі: прашу, каб далі жылаў ці кішак на струны i хваста на смык. Ну, яны мне так усё гэта і пазычылі, але толькі на струны дроту далі, бо кажуць, што ў іх кішкі і жылы ўсе выйшлі і няма ў запасе. Не кажыце толькі, мамка, Сымону, што я ў гэтыя пазыкі хадзіў туды, а то яшчэ з хаты вон выганіць.

З'ява ІІІ

Тыя ж і Сымон.

Сымон(уваходзіць і садзіцца. Панура). Ці няма чаго з'есці?

Марыля. Зараз бульба спячэцца. Ну, што? Як?

Сымон. Усё прапала: мы прайгралі! Не даказалі сведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасці на тэту зямлю. Усе сведкі праз некага былі падкуплены і споены. Дванаццаць чалавек прысягнула крыва, і суд не мог уважыць нашага прашэння: пацвярдзілі першы прыгавор і прысудзілі выносіцца адгэтуль. Аканчальную па-станову выдалі... далей няма куды падаваць.

Марыля. Ну, і што ж мы цяпер будзем рабіць? Якую ты цяпер увосень раду знойдзеш?

Сымон. Якую раду? Якую раду? Ужо ж, як і не раз гэта казаў: не злажу сваіх рук, як да малітвы, і не пайду к ім прасіцца ў закутнікі! Будку якую да часу скідаю, і будзем сядзець тут да вясны, а да вясны шмат чаго можа перамяніцца на свеце.

Марыля. Проці закону хочаш ісці — большай бяды сабе наклікаць?

Сымон. Не проці закону, а проці нашых згубіце-ляў — крывапрысяжных сведак і проці тых, што гэтых сведак падкупілі іх жа крывавымі медзякамі. Вось такім проці хачу ісці!