Выбрать главу

Данілка. І-і! Адзін дурань грошы бярэ, а другі дурань дае — на тое гандаль.

Сымон. А ты — трэці дурань — ідзі гутарку вясці са сваёй скрыпачкай, а не тут!

Данілка адыходзіць у старану.

Марыля. Што адзін зробіш проці ўсіх? Не ідуць, мой сынок, рэчкі ўгару і не круціцца крылле ў ветраку проці ветру. Не такой дарогай ішоў ты і хочаш далей ісці, ох, не такой. 3 самага пачатку я прадчувала, што нічога з гэтага твайго упорства не выйдзе, і што ж, ці не мая праўда? А трэ было пакарыцца! Давалі хату, службу давалі, і добра можна было прыстроіцца, хоць бы гэтыя малыя мелі які-такі прыпынак — цёплы нач-лег і лыжку гарачае стравы. Ты гэтага не захацеў — усе суду нейкага чакаў. Вось табе і суд!.. Хочаш будку нейкую паставіць?.. Ну, паставіш, і што з таго? Таксама прыйдуць, раскідаюць і выведуць сцюжаю ў чыстае поле на пацеху ваўкам галодным.

Сымон. Хай раскідаюць, хай выводзяць! Ізноў вярнуся, ізноў тут сяду і буду вясны чакаць.

Марыля. Пакуль так дачакаеш вясны,— мароз табе і нам усім зубы выесць, у ледзякі аберне.

Сымон. Дык і што ж там такое? Абернемся ў слупы замарожаныя, у камяні няскратныя абернемся, а сэрцы тады нашы з сэрцам зямлі зрастуцца, і ніхто не паважыцца крануць нас, бо той, хто кране, сам у крыгу лёду абернецца, і ніякае сонца не растопіць ужо гэтае крыгі!

Марыля. Ты сягоння як не пры сваім розуме, Сымоне! Як у гарачцы брэдню нейкую страшную вядзеш. Паслухай лепей, дзеткі, мяне, я ж цябе гадавала,— пакарыся ты ім,— яшчэ не позна!

Сымон. Ха-ха-ха! Пакарыся! А ці ведаеш, мамка, што гэта значыць ім пакарыцца? ці хоць дагадваешся? Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя — запрапасціцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас гэта рабства ў спадчыну атрымаюць. Ці ведаеш, мамка, гэта?

Марыля. Нічога я, дзеткі, не ведаю, але, як праз сон, дагадваюся, чаго ты хочаш. На сваю і нашу нядо-лечку такі ты ўдаўся. Нездарма з гэтага людзі старыя нічога добрага не варажылі ні табе, ні бацькам тваім, ох, нездарма! (Паўза.) Апомніся, сынок! Надумай, адпусціся, выкінь гордасць з сэрца і паслухай маткі! Ведай, што матка родная да здрады дзяцей сваіх не давядзе. Не хочаш сам к ім ісці — я пайду, мне, старой, усе ўвойдзе. Яны не адмовяць нашай просьбе, ды на Зоську ласку маюць.

Сымон. О, каб іх зямля не насіла з гэтакай іхняй ласкай!

Уваходзіць Незнаёмы з вехай.

З'ява IV

Тыя ж і Незнаёмы.

Данілка(утаропіўшыся, убок). А гэта хто яшчэ так! за прарок з вехай?

Незнаёмы. (гаворыць, найболей зварочваючыся да Сымона). Тыдні тры таму назад я ў вас быў, добрыя людзі, толькі дома ўсіх не застаў — адна сястра была... Цяпер ізноў прыходжу з тым самым.

Сымон. А! гэта вы, мусіць, той самы, аб якім Зоська гаварыла? На нейкі сход людзей склікаеце?

Незнаёмы. Але, але! На вялікі сход! Пара ўжо і табе, браце мой, з свайго гнязда знімацца!

Марыля. Наша гняздо раскідана.

Незнаёмы. Суд твой, мне казалі, сягоння кончыў-ся, цяпер ты вольны, як птушка,— нішто цябе не вяжа.

Марыля. Як-то — нішто не вяжа? А я — маці яго, а малыя гэтыя, якіх павінен памагчы мне гадаваць і ў людзі вывесці?..

Незнаёмы. (не слухаючы). Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна, і ты мусіш, як арол магучы, распусціць сваё крылле і ляцець туды, куды ўсе цяпер злятаюцца. Кончылася чалавечае вечнае начаванне, і світанне агністае па-чынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора!

Данілка(убок). Што ён чаўпе? Па-мойму, веча-рэе, а па-ягонаму — світае. Ці я сляпы, ці ён не бачыць?

Незнаёмы. На крыжах магільных гараць свечкі грамнічныя, а на курганах адзірванелых вехі смалістыя палаюць і шляхі асвечваюць для ўсіх тых, што ідуць на гэна зборышча вялікае. Гора таму, хто будзе спаць у гэты час трывожны!

Сымон. Трудна зразумець вас, чалавеча! Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца?

Марыля. Але, нашто? Можа, зямлю будуць да-ваць?

Незнаёмы. Смока выганяць!

Усе. Смока? Якога? (Дзеці са страхам, туляцца да Марылі.)

Незнаёмы. Не чулі?.. Ды дзе вам пачуць? Вы усе ў гэтых ламах капашыцёся, як чэрві, прыдаўленыя каменей, і свету белага не бачыце і нічога слухаць не ўмееце.

Данілка(убок). Ну, я-то пэўна б аб гэтым ведаў, але, мусіць, гэта брахня?

Незнаёмы. Ад даўняга часу пасяліўся на нашай зямлі ў заварожаным балоце страшны смок-упыр...

Усе. Аж нават упыр!

Незнаёмы. Але, але, добрыя людзі! I вось праз гэтага смока-ўпыра пайшлі на цэлы свет усялякія беды і няшчасці.

Марыля. Няўжо ж гэта і нас праз яго гэтакае гора спаткала?

Сымон. Мамка, не перапыняйце гутаркі!

Незнаёмы. Пошасці ўсялякія сее жменяй сваей каршуновай — гэта каб сіла народная не ўзвялічылася і яго не змагла, а туманы чорныя ў вочы ўсім пускае, каб людзі не бачылі яго. Поначы з хаты ў хату заходзіць і кроў з сэрцаў цёплую смокча, а у душу яду свайго падлівае, каб яна прасветласці ніколі ніякае не бачыла. Дзе толькі яго хоць день прашмыгнецца — там нянавісць страшная між братамі І сёстрамі, як вужака, разгнежджваецца, нявінная кроў на зямлю льецца, а путы жалезныя бразгаюць на руках чалавечых, як званы на ўсяночную. Катнія жаданні ў думках людскіх рас-плоджвае і на самае сонца кладзе жалобную пакрывальню. Удоў і сірот у рабства голаду і холаду заганяе, а бацькам і маткам без часу дзетак назаўсёды ад грудзей вырывав,— гэта ўсё каб хвалу сваю смочую ўзвялічыць. Вось які ён — гэты смок-упыр!

Данілка. А скажыце, дзядзька: ці ты бачыў яго?

Незнаёмы. Ніхто не бачыў!

Марыля. Дык як жа гэта?

Незнаёмы. А вельмі проста: усе дагэтуль думалі, што гэта не с смока работа, а так Бог даў.

Сымон. А як жа гэта будзе сход выганяць яго, калі ніхто і не бачыў?

Незнаёмы. Як усе чыста браты і сестры на сход прыйдуць, тады ўсе і ўбачаць яго, бо, каб убачыць яго,— трэба усе вочы ў адно месца сабраць.

Данілка. А ён не паесць за гэтакую штуку ўсіх?

Незнаёмы. Ён толькі з'есць таго, у каго да канца не хопіць адвагі глядзець яму смела ў вочы.

Данілка. Ну, як так, то я на тэты сход не пайду!

Марыля. Дык, значыцца, І Сымона майго хочаце звабіць туды?

Незнаёмы. Я нікога, маці, не ваблю! Я толькі кліч клікаю і разношу гэтую весць усім чыста ад хаты да хаты. А хто яшчэ не згніў зусім і не запрапасціуся з душою у смокавых лапах,— той сам пойдзе, і ніякая сіла яго не стрымае.

Сымон. Я не пайду, хоць мяне ўжо і цягне туды. Я павінен тут астацца, каб рукамі і зубамі трымацца гэтай спадчыны бацькавай, бо як згублю яе — месца мне на цэлым свеце не будзе.

Незнаёмы. Што ж, браце мой? Думаеш, што гэта лаціна зямлі скрозь дна праваліцца? Так ты думаеш?

Сымон. Не праваліцца; але як сыду — мяне назад сюды не пусцяць.

Незнаёмы. Не бойся! Без тваіх рук нідзе не абы-дуцца.

Марыля. Як сабе хочаце, добры чалавеча, а я Сы-мона свайго ад сябе нікуды не адпушчу! Хай лепей думае, як хлеба і начлегу дастаць на зіму.