Выбрать главу

Марыля. Ты ў гэтым, можа, сама і не вінавата, але затое вінавата ў тым, што Сымон казаў. Ён бачыў цябе з ім заўчора ўночы.

Зоська. Няпраўда, мамачка! Няпраўда! Я там не была,— гэта, можа, толькі цень мой быу там. Але — пэўна, цень! Я часам бачу, як цень мой адлучыцца ад мяне і пойдзе сабе недзе далека-далека! Праз высокія горы ідзе, над быстрым! рэчкамі і шчырымі барамі плыве, а пасля ізноў ка мне вернецца і ходзіць за мною следам, як бы сочыць мяне. Тады на мяне страх нападае. Ох, баюся я гэтага свайго ценю, як відма якога з таго свету, баюся!

Марыля. Дык гэта цень твой там быу?..

Зоська. Цень, мамачка! цень! Я сама не была там. Каго я там не бачыла?

Марыля (устаўшы). Не веру я табе! Ты вечна толькі штось незвычайнае выдумляеш, каб толькі мазгі каму завясці і аплуціць. Але вось што: прысягні, што гэта няпраўда, што ты сама туды не хадзіла! Прысягні! Іначай і мяне з розуму звядзеш, як сама ўжо, відаць, сходзіш.

Зоська (устаючы). Прысягну, мамачка! На што хочаш прысягну, што гэта цень мой быў. На што хочаш прысягну! Руку дам праз сваю галаву.

Марыля. Не трэба мне твае галавы. (Паказваючы на абраз.) Вось, перад Богам прысягай! Перад яго абразом. (Зоська змагаецца з сабой.) Ну, чаго чакаеш? Станавіся на калені і прысягай!

Зоська (апускаючыся на калені перад абразом). Мамка, я баюся! Страх нейкі ўсю мяне праймае.

Марыля. Складай пальцы накрыж і прысягай! Іначай я асляплю цябе, каб да смерці туды сцежкі не знайшла!

Зоська (складаючы пальцы накрыж). Мамка, мамачка! Не губіце мяне! Я не магу!.. Я не ведаю, каторае з нас цень мой, а каторае я сама?

Марыля. А калі я табе вочы выкалю, тады даве-даешся? Га! Даведаешся тады?

Чуваць прыбліжаючаеся насвістванне.

Зоська. (прасвятлеўшы). Мамачка! Ён сам — цень мой — ідзе! Удваіх з ім будзем прысягаць!

Марыля. (заламаўшы рукі на нале). Што са мною? Што з ей? Што за благі дух яе папутаў? Развалена хата, закопаны бацька, а яна? (Глуха.) Зоська! Зосечка!..

Зоська. (як бы ў экстазе). Мама! Мамачка! Ясны месяц да залатой зоркі плыве, зялёны явар да калінкі свае хіліцца, а ён — цень мой — з далёкіх краеў да мяне прыбывае, дарагія падаркі прыносіць: гарачае сэрца, задумную душу, бязмежнае мілаванне!

Марыля. Што з табою, Зоська?.. Зосечка!..

Уваходзіць Паніч.

З'ява VI

Mapыля, Зоська, Паніч.

Зоська (усхопліваецца і з распасцёртымі рукамі хоча кінуцца к Панічу, але Марыля, сама гэтага не бачачы, загароджвае ёй сабою дарогу). Паніч, панічок к нам прыйшоў.

Паніч (пакручваючы палачкай). Ці Сымон дома?

Марыля. Дома, панічок! Ён толькі недзе выйшаў; зараз вернецца.

Зоська (падносщь Панічу ўслончык і засцілае хусткай). Садзіцеся, панічок. Я... мы так рады, што ты... вы прыйшлі, так рады... Садзіцеся.

Паніч. Не уважай, Зоська, маю час і пастаяць. (Паўза.) Што гэты Сымон ваш думае? Чаму ён не выносіцца адгэтуль і вам не дае якога-небудзь прыстанішча?

Зоська. Мы скора, панічок, выедзем. Не гневайцеся!

Марыля. Вельмі ён заеўся; я — маці яго — І то не магу нічога зрабіць з ім. Бяда, панічок, з дзяцьмі, бяда!

Зоська. Сымону жаль па тэту адойдзе, і мы пой-дзем. Не будзем тут векаваць і дакучаць панічу. Пэўна, што не будзем.

Паніч. Праз бацькава і яго упорства хату толькі напрасна прыйшлося раскідаць.

Зоська. Нічога, панічок. Шкода толькі, што тата павесіўся, а мамку прыйшлося хворую выносіць.

Паніч. Як жа цяпер здароўе Лявоніхі?

Марыля. Дзякую, панічу, за пытанне! 3 тыдзень яшчэ не магла пасля таго хадзіць, а цяпер як-колечы валачу ногі; каб толькі скарэй куды-небудь далей звала-чыся!

Паніч (садзячыся на услончыку). Ну, а як Зоська гадуецца?

Зоська. Як, панічок, бачыце! Жыву апошнія часы на свеце і свету не бачу. Адна мая радасць, адно мае шчасце, калі з та... калі ўночы сны цудоўныя бачу, калі думкамі плыву к та... к свайму месячыку яснаму. Так цяпер, панічок, жыву я і чакаю... толькі ночкі чакаю!.. (Садзіцца па зямлі непадалёк ад Паніча і з любасцю паглядае на яго.)